У Быхаве знеслі помнік Леніну, аднак усталююць памятную дошку Карнілаву і Дзянікіну

2013 2013-04-26T15:54:39+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/byhau-lenin-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Быхаве знеслі адзін з двух помнікаў “правадыру сусветнага пралетарыята” Уладзіміру Леніну. Як паведаміў быхаўскі пісьменнік Сяргей Антонаў, помнік Леніну каля кансервасушыльнага камбіната знеслі 24 красавіка ў межах падрыхтоўкі да Дня беларускай пісьменасці, які будзе адзначацца ў Быхаве ў гэтым годзе.

“ Помнік знеслі, бо ён меў вельмі непрывабны выгляд, - кажа Сяргей Антонаў. –Яго спрабавалі рамантаваць, аднак нічога з гэтага не атрымлівалася. Таму ў рэшце-рэшт вырашылі яго прыбраць. Лічу, што для нашага горада гэта вельмі сімвалічная падзея”.

Сяргей Антонаў распавёў таксама пра тое, што днямі ён атрымаў адказ на свой зварот да старшыні Магілёўскага аблвыканкама Пятра Рудніка наконт усталявання памятнай дошкі пачынальнікам “белага” руху генералам Карнілаву і Дзенікіну. Гэтыя “белыя” генералы ў свой час знаходзіліся пад арыштам у Быхаве. Начальнік ідэалагічнага ўпраўлення Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Кунцэвіч паведаміў пісьменніку, што Быхаўскаму райвыканкаму даручана арганізаваць збор сродкаў на выраб і ўсталяванне памятнай дошкі на будынку былой жаночай гімназіі, якая будзе ўвекавечваць “не толькі памяць абодвух генералаў, але і ўтрымліваць інфармацыю аб шэрагу другіх гістарычных падзей, звязаных з гісторыяй гэтага будынка”.

“Я звярнуўся да Пятра Рудніка наконт усталявання памятнай дошкі Карнілаву і Дзенікіну ў Быхаве напрыканцы сакавіка гэтага года, калі ён праводзіў выязны прыём грамадзянаў у нас у горадзе, - распавядае Сяргей Антонаў. – Гэта нашага гісторыя і забывацца пра яе нельга. Тады Пётр Руднік сказаў мне, што пытанне вельмі далікатнае і паабяцаў падключыць да яго вывучэння ідэалагічныя і культурныя службы аблвыканкама. Ён таксама сказаў, што ў выпадку станоўчага рашэння пытання з увекавечваннем памяці Карнілава і Дзянікіна будзе адчынены адпаведны дабрачынны рахунак і выказаў надзею, што ў яго папаўненні прыме ўдзел і Партыя БНФ (Сяргей Антонаў з’яўляецца даўнім сябрам Партыі БНФ).

Я тады паабяцаў старшыні аблвыканкама, што пералічу на дабрачынны рахунак свае ўласныя сродкі, а таксама звярнуся за дапамогай да сваіх расійскіх чытачоў. Зараз вось прыйшоў станоўчы адказ з ідэалагічнага ўпраўлення Магілёўскага аблвыканкама”.

Неабходна адзначыць, што ў Быхаўскім раёне мясцовыя ўлады да любых ініцыятыў Сяргея Антонава ставяцца вельмі насцярожана з-за яго сяброўства ў апазіцыйнай дзеючай уладзе Партыі БНФ. Апошнім часам, пасля з’яўлення ў інтэрнэт-сеціве яго скандальнага рамана “Стабилизатор. Минск-2041», стаўленне гэта яшчэ больш пагоршылася. Нягледзячы на тое, што агульны наклад кніг пісьменніка-фантаста перавысіў 300 000 асобнікаў, на яго радзіме ў Быхаўскім раёне не было праведзена ніводнай прэзентацыі яго твораў. Больш за тое, Сяргея Антонава нават не змясцілі ў спісе быхаўчан, што дасягнулі поспехаў у галіне літаратуры, які размешчаны на інтэрнэт-сайце раённай газеты “Маяк Прыдняпроўя”.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international