viasna on patreon

Сайт “Вясны” працуе ў штатным рэжыме

2013 2013-04-26T09:32:56+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/viasnalogo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

25 красавіка прыкладна каля 21-00 гадзін шляхам несанкцыянаванага доступу на сайце Праваабарончага цэнтра «Вясна» быў палярна зменены сэнс некаторых публікацый. Прычым гэта было здзейснена адразу на трох мовах сайта: беларускай, расейскай і англійскай.

У прыватнасці, была замененая інфармацыя пра падпісанне Андрэем Курэйчыкам петыцыі супраць смяротнага пакарання — напісана, што ён падтрымаў смяротнае пакаранне. Былі замененыя коды на відэа, якое размешчанае на youtube : замест відэазвароту Андрэя Курэйчыка быў устаўлены відэаролік за захаванне смяротнага пакарання.Таксама заменена інфармацыя пра пазіцыю Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) — напісана тое, што яна выступае ў падтрымку дзяржаўнай палітыкі Беларусі. Змены адбыліся і ў некаторых іншых матэрыялах.

Цягам 30 хвілінаў супрацоўнікам інфармацыйнай службы “Вясны” ўдалося перадухіліць наступныя атакі і выправіць фальшывую інфармацыю.

У той жа дзень, 25 красавіка быў узламаны сайт «Беларускага партызана». Хакеры размясцілі на галоўнай старонцы інфармацыю, у якой гучала пагроза некаторым незалежным сайтам: «Мы маглі б заваліць і вас, і „Хартыю“, і „Вясну“, і многіх іншых яшчэ даўно, але мы даём вам магчымасць існаваць пад нашым кантролем. Чаму мы гэта не рабілі? Проста цікава, хто, адкуль і ШТО кажа. А цяпер у нас ёсць спіс гаваруноў, якіх папярэджваем ў апошні раз: кажыце, пішыце, але не зарывайцеся, не трэба ліць бруд і абражаць АСОБУ».

Правабаронцы нагадваюць, што ўвечары 2 сакавіка такім жа чынам  на сайце магілёўскага аддзялення праваабарончага цэнтру «Вясна» з'явілася публікацыя з пагрозамі ад праваабаронцы Барыса Бухеля незалежнаму журналісту Алесю Буракову. Невядомымі асобамі  ўзламаная бяспека сайта і замененыя паролі доступу да панэлі адміністратара (бэк-офісу).

Гэтыя факты сведчаць толькі пра адно: дзейнасць праваабаронцаў недаспадобы дзеючай уладзе і таму прыкладаюцца вялікія намаганні, каб нанесці максімальны ўрон і праваабаронцам, і ўвогуле грамадзянскай супольнасці. Варта ўзгадаць, што сайты “Беларускі партызан”, “Хартыя 97” і “Вясна” ўнесеныя ў “чорныя” спісы і зачыненыя для прагляду ў дзяржаўных установах. Тым не меней, нават такая сітуацыя, калі створаныя перашкоды  для вольнага прагляду сайта,  непакоіць улады, якія баяцца праўдзівай інфармацыі аб стане з правамі чалавека ў Беларусі.

Падобныя выклікі толькі пераконваюць “вясноўцаў” у тым, што яны на правільным шляху, і менавіта гэта дадае нам моцы, робіць нас згуртаванымм, прафесійнымі і моцнымі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" і надалей будзе распаўсюджваць аб'ектыўную і бесстароннюю інфармацыю аб стане з правамі чалавека ў нашай краіне.

Вясноўцы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства