viasna on patreon

Генпракуратура зацягвае разгляд справы

2013 2013-04-23T10:38:37+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/gousha-siargej-baran.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Чыноўнікі з Генпракуратуры замест разгляду скаргі па сутнасці ствараюць бюракратычную цяганіну і прымушаюць праваабаронцу па другому колу збіраць копіі дакументаў.

Сяргей Гоўша атрымаў з Генеральнай пракуратуры ліст за подпісам старэйшага пракурора ўпраўлення па нагляду за адпаведнасцю закону судовых пастаноў па грамадзянскіх справах Кострыкава Р.І., у якім паведамляецца, што наглядная скарга праваабаронцы не можа быць разгледжана па сутнасці, бо не адпавядае патрабаванням грамадзянскага працэсуальнага заканадаўства. Маўляў, праваабаронца не прыклаў да скаргі завераныя судом копіі судовых пастаноў, вынесеных па справе.

Раней мы паведамлялі, што Сяргей Гоўша накіраваў наглядную скаргу Генеральнаму пракурору на вызначэнне суддзяў Маскоўскага р-на г. Мінска і судовай калегіі па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда аб прызнанні пададзенай ім скаргі непадведамаснай судам. Сутнасць скаргі Сяргея Гоўшы палягала ў тым, што ён запатрабаваў да дзяржавы кампенсацыю маральнай шкоды ў сувязі з тым, што Рэспубліка Беларусь не выканала Меркаванні Камітэта па правах чалавека ААН ад 27 ліпеня 2007г. па ўзнаўленні рэгістрацыі Праваабарончага цэнтра “Вясна”, які быў незаконна зачынены ўладамі, і праваабаронца Сяргей Гоўша, як адзін з заснавальнікаў “Вясны”, да гэтага часу пазбаўлены магчымасці займацца грамадскай дзейнасцю, чым нанесена яму маральная шкода.

Справу аб адмове Рэспублікі Беларусь выконваць рашэнне міждзяржаўнага органа С.Гоўша накіраваў ужо ў Камітэт па правах чалавека ААН, але вырашыў яшчэ звярнуцца і ў пракуратуру, каб атрымаць адпаведную ацэнку нагляднага органа за выкананнем законнасці.

Але цяпер ужо чыноўнікі з Генпракуратуры замест разгляду скаргі праваабаронцы па сутнасці ствараюць бюракратычную цяганіну.

 – Я ўжо адзін раз ездзіў з Баранавічаў у Мінск і бегаў па судах, каб заверыць копіі неабходных дакументаў, якія я і прыклаў да сваёй нагляднай скаргі cпачатку ў пракуратуру Мінска, а затым копію прыклаў у Генеральную пракуратуру. Чыноўнікі з Генпракуратуры замест разгляду скаргі па сутнасці ствараюць бюракратычную цяганіну і прымушаюць мяне зноў ехаць у Мінск і плаціць грошы за тыя ж самыя копіі неабходных дакументаў, – адзначыў Сяргей Гоўша.

Сяргей Гоўша паведаміў, што абавязкова знойдзе сілы і сродкі, каб паехаць зноў у Мінск, зрабіць неабходныя дакументы і давесці сваю справу да лагічнага завяршэння.

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства