Паўлу Вінаградаву - 12 сутак арышту
Актывіста моладзевай арганізацыі «Zмена» кампаніі «Гавары праўду» Паўла Вінаградава 23 красавіка судзяць у Цэнтральным судзе Менска. Яго падазраюць у вывешванні каля ўвахода на станцыю метро «Няміга» партрэта Міколы Статкевіча і бела-чырвона-белага сцяга. Побач з калонкі даносілася песня Ляпісаў Belarus Freedom.
Жонцы актывіста Святлане ўчора ўвечары патэлефанавалі з міліцыі, і паведамілі, што Павел затрыманы.
У «Фэйсбуку» яна напісала, што “прыйшла дадому з працы і бачу, што тэлефон і кашалёк Паўла Вінаградава дома, а вось яго самога і сумкі ў турму няма. Праз 5 хвілін пасля гэтага мне патэлефанаваў супрацоўнік міліцыі і сказаў, што заўтра можна прыязджаць у суд Цэнтральнага раёна», - паведамляе яна.
***
Паўла Вінаградава незадоўга да 10 гадзін прывезлі ў суд Цэнтральнага раёна.
10-30. Адміністратыўную справу разглядае суддзя Вікторыя Шабуня. Вінаградава вінавацяць у парушэнні арт. 23.34. КаАП РП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства). У судовую залу дапусцілі толькі жонку актывіста - Святлану.
Абвешчаны прысуд - 12 сутак арышту.