Ці варта асцерагацца прадаўцам і ўладальнікам фотаальбома «Прэс-фота»?

2013 2013-04-19T09:51:15+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bastunec_a.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Бастунец

Андрэй Бастунец

17 красавіка Юліі Дарашкевіч патэлефанавалі з «Кніжнага салона» на вуліцы Калініна з просьбай забраць рэшту накладу фотаальбома, што ў іх прадаваўся.

Пра гэта журналістка паведаміла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

18 красавіка ГА «БАЖ» звязалася з салонам і высветліла, што крама сапраўды не збіраецца больш прадаваць гэтыя кнігі – нягледзячы на тое, што на той момант суд першай інстанцыі яшчэ нават не агучыў свайго рашэння.

На краму ніхто не ціснуў, гэта рашэнне ўласнікаў. «Паколькі пытанне ўзнікла, мы вырашылі, што так будзе лепш, – зазначыла супрацоўніца салона. – У нас прыватнае прадпрыемства, і мы менш абароненыя ад рашэнняў улады».

Ці апраўданыя такія перасцярогі? Што гаворыць на гэты конт закон і што – практыка?

Закон РБ «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму» дзейнічае з пачатку 2007 года. Паводле яго арт. 14, судовае рашэнне аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі з’яўляецца падставай для яе знішчэння, але толькі пасля ўступлення ў законную сілу. Рашэнне можа быць абскарджанае ў адпаведнасці з заканадаўствам. Копія судовага рашэння, якое ўступіла ў законную сілу, накіроўваецца ў Мінінфармацыі для ўключэння ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Гэты спіс падлягае апублікаванню ў СМІ. (Так было ў 2008 годзе з кампакт-дыскамі, забранымі ў А. Буракова на мяжы – гл. малюнак.)


Паводле Пастановы Савета Міністраў РБ ад 23 красавіка 2007 г. №513, вядзеннем і апублікаваннем рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў займаецца Мінінфармацыі. У той жа дзень, калі з суда паступае копія рашэння, міністэрства павінна ўключыць яго ў спіс і цягам трох дзён перадаць для публікацыі ў газеты "Рэспублiка", "Народная газета" і "Звязда”. Тыя, у сваю чаргу, мусяць апублікаваць спіс цягам трох дзён пасля паступлення з Мінінфармацыі.

Арт. 17.11 КаАП прадугледжвае адказнасць за “выраб і (альбо) распаўсюд, а роўна захоўванне з мэтай распаўсюду экстрэмісцкіх матэрыялаў, калі ў гэтых дзеяннях няма складу злачынства”. Для прыватных асобаў – штраф ад 10 да 50 базавых велічыняў альбо адміністратыўны арышт, для індывідуальнага прадпрымальніка – штраф ад 50 да 100 базавых велічыняў, для юрыдычнай асобы – штраф ад 100 да 500 базавых велічыняў (ва ўсіх выпадках – з канфіскацыяй “прадмета адміністратыўнага правапарушэння”, а таксама “прыладаў і сродкаў здзяйснення ўказанага правапарушэння”).

«Зараз ёсць магчымасць абскардзіць гэтае рашэнне ў касацыйнай інстанцыі цягам 10-і дзён. У выпадку з альбомамі “Прэс-фота” гэта Гродзенскі абласны суд, – тлумачыць намеснік старшыні ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец. – Тобок, тыя асобнікі альбома, якія знаходзяцца ў КДБ, могуць быць знішчаныя толькі калі ніхто не абскардзіць рашэння суда першай інстанцыі, ці калі Гродзенскі аблсуд яго пацвердзіць. Далейшае абскарджанне ў парадку нагляду (на імя старшыні Гродзенскага аблсуда, у Вярхоўны суд) магчымае, але на лёс забраных асобнікаў альбома гэта не абавязкова паўплывае. Наглядная інстанцыя можа прыпыніць выкананне судовага рашэння, а можа гэтага і не зрабіць.

Распаўсюднікі кнігі могуць рабіць сваю справу аж да ўступлення судовага рашэння ў законную сілу. Толькі пасля гэтага распаўсюд можа лічыцца адміністратыўным правапарушэннем.

БАЖ: Ці варта нервавацца тым, хто проста набыў альбом і мае яго на паліцы дома ці ў офісе?

А. Бастунец: Звычайныя ўладальнікі альбома могуць не апасацца ў любым выпадку – захоўванне альбома не цягне за сабой адміністратыўнай адказнасці, калі яно не мае на мэце распаўсюду.

БАЖ: А што з фатографамі і арганізатарамі конкурса?

А. Бастунец: У судовым працэсе разглядалася пытанне не пра  прыцягненне да адказнасці пэўных асобаў, а пра прызнанне прадукцыі “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. У матэрыялах, дарэчы, ёсць рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства. Такім чынам, арганізатарам конкурса і фатографам нічога пагражаць не павінна.

Прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international