Матэрыялы “Вольнага горада” КДК “прыняў да ведама” (дакументы)

2013 2013-04-16T08:26:46+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/dzjarzhkantrol.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пракуратура і Камітэт дзяржаўнага кантролю Магілёўскай вобласці даслалі адказы на заяву журналіста крычаўскай незалежнай газеты “Вольны горад” Мікалая Гердзія.

Нагадаем, што Мікалай Гердзій у сваёй заяве прасіў, каб пракуратура праверыла факт парушэння заканадаўства Рэспублікі Беларусь з боку Крычаўскага міжраённага Камітэта дзяржаўнага кантролю і вынесла прадпісанне для яго ўхілення. Папярэдне журналіст звяртаўся ў Крычаўскі міжраённы аддзел КДК с просьбай праверыць шматлікія факты парушэнняў і безгаспадарчасці ў шэрагу арганізацый і ўстаноў Крычаўскага раёна. Да свайго звароту ў міжраённы КДК журналіст прыклаў пяць артыкулаў з газеты “Вольны горад”. Тады старшыня Крычаўскага міжраённага КДК Сяргей Власенка прыслаў адпіску, што “інфармацыя прынятая да ведама”.

“Спачатку я атрымаў адказ з пракуратуры Магілёўскай вобласці, што мой зварот накіраваны для разгляду старшыні КДК Магілёўскай вобласці Лідзіі Чыгір, - кажа Мікалай Гердзій. – Ну а днямі атрымаў адказ за подпісам намесніка старшыні КДК Магілёўскай вобласці А. Іглікава. У адказе паведамляецца пра тое, што парушэнняў заканадаўства пры разглядзе майго зварота Крычаўскім міжрайаддзелам КДК не дапушчана. Таксама А. Іглікаў піша, што “інфармацыя, утрымліваючаяся ў Вашым звароце, правамерна прынятая да ведама і выкарыстоўваецца МКДК пры правядзенні кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў. Калі КДК сапраўды выкарыстоўвае і правярае матэрыялы газеты “Вольны горад”, у якіх выкладзены шматлікія факты парушэнняў і безгаспадарчасці ў шэрагу арганізацый і ўстаноў Крычаўскага раёна, гэта не можа не радаваць”.

Рэдактар газеты “Вольны горад” Сяргей Няроўны кажа, што ў яго склалася ўражанне, што КДК сапраўды робіць праверку артыкулаў у газеце “Вольны горад”, дзе выкладзены канкрэтныя факты грубых парушэнняў з боку кіраўнікоў шэрагу прадпрыемстваў і арганізацый, якія Мікалай Гердзій прыклаў да звароту ў Крычаўскі міжрайаддзел КДК.

“У мяне склалася ўражанне, што змешчаныя ў “Вольным горадзе” артыкулы з шматлікімі фактамі безгаспадарчасці ў Крычаўскім раёне пасля звароту Мікалая Гердзія нарэшце прыцягнулі ўвагу кантралюючых органаў, - кажа Сяргей Няроўны. – Так, днямі тэлеканал АНТ паказаў сюжэт, дзе распавядалася пра шматлікія парушэнні ў працы крычаўскіх камунальнікаў, выяўленых спецыялістамі КДК”.

Незалежная газета “Вольны горад” выдаецца накладам 299 асобнікаў, яна распаўсюджваецца на тэрыторыі Крычаўскага і суседніх раёнаў усходняй Магілёўшчыны. У гэтым годзе спаўняецца пятнаццаць гадоў з дня выхаду першага нумару газеты “Вольны горад”.

 

Спасылка на матэрыял АНТ: http://ont.by/news/our_news/0086801

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international