У Мазыры быў абрабаваны прыватны дом праваабаронцы

2013 2013-04-11T15:04:57+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/celiapun.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Целяпун

Уладзімір Целяпун

9 красавіка 2013 года ў Мазыры быў абрабаваны прыватны дом праваабаронцы Уладзіміра Целяпуна, дзе ён зараз пражывае пасля смерці маці. Зламыснікі залезлі ў дом праз вакно, разбіўшы шкло ў двух рамах.

Былі скрадзеныя інструменты – электрарубанак і ў футляры набор з электрадрэлі, шліфмашынкі і электралобзіка. Таксама знік і Ордэн "Чарнобыльскі Крыж: Мужнасць. Годнасць. Гуманнасць", якім праваабаронца быў узнагароджаны Усеўкраінскай грамадскай арганізацыяй «Саюз Чарнобыль Украіны» ў 2011 годзе з нагоды 25-ых угодкаў аварыі на ЧАЭС. Уладзімір Целяпун у 1986 годзе прымаў удзел у ліквідацыі наступстваў гэтай тэхнагеннай катастрофы.

- Я ў гэты дзень быў у Гомелі, дзе браў удзел у сустрэчы актывістаў кампаніі “За сумленныя выбары”. Сын патэлефанаваў мне недзе каля 14 гадзін і сказаў пра выбітае шкло на вокнах і прапажу інструментаў. Здаецца яго з’яўленне ў доме пашкодзіла рабаўнікам вынесці больш рэчаў,” – паведаміў Уладзімір. - Канешне, сам факт крадзяжу - непрыемная рэч. Аднак мяне больш засмучае знікненне Ордэна “Чарнобыльскі Крыж”. І гэта напярэдадні 26 красавіка, чарговай гадавіны нацыянальнага смутку ў сувязі з катастрофай на ЧАЭС.

РР: У гэты дзень вы бераце звычайна ўдзел у нейкіх мерапрыемствах?

– Так. У нас у Мазыры ў гэты дзень каля капліцы “Ахвярам Чарнобыля” насупраць райвыканкама ладзіцца жалобная цырымонія, мітынг-рэквіем. Прыходзім туды і мы, ліквідатары, каб сустрэцца, пабачыць, хто яшчэ жывы, пагаварыць… Канешне, з’яўленне мяне ў чорнай кашулі з выявай кіраўніка Праваабарончага цэнтра “Вясна” і словамі “Свабоду Алесю Бяляцкаму” на жалобным мітынгу і на вуліцах Мазыра выклікала цікавасць адных і раздражненне іншых… Да таго ж сёлета будзе праходзіць чарговы фестываль “Зямля пад белымі крыламі” і ў Мазыр прыедзе шмат гасцей з іншых краін,” - працягвае распавядаць Уладзімір Целяпун.

РР: Хто ж змог здзейсніць рабаванне дома?  

– Мне складана сказаць. Побач у суседа, ён жыве праз дзве хаты, індывідуальны прадпрымальнік, такое ўжо здаралася. Міліцыя нікога не знайшла. Тут шмат жыве і такіх суседзяў майго ўзросту і маладзейшых, хто ўжо доўгі час нідзе не працуе, а за нешта ж трэба і жыць, і цвярозым рэдка быць.

РР: А версію, як дзейнасць спецслужбаў, Вы не маеце на ўвазе? Яны цікавяцца вашай грамадскай дзейнасцю?

- Цікавасць была і, здаецца, яна ёсць. Аднак я не ўяўляю такой сітуацыі, каб у Мазыры спецслужбы апусціліся да роўню звычайных злодзеяў. Раней перад кожнай акцыяй ў Менску да мяне прыходзіў ўчастковы, з кіраўніцтва міліцыі, а на працы дырэктар і папярэджвалі пра наступствы, якія мяне могуць чакаць за ўдзел у іх. Пасля падзеяў 19 снежня 2010 года супрацоўнікамі Мазырскага гарадскога аддзела КДБ быў праведзены на маёй кватэры ператрус, канфіскаваны былі некаторыя асабістыя рэчы. Я быў дапытаны як сведка. Мазырская міжрайпракуратура абвяшчала папярэджанні ад імя Генеральнай пракуратуры без прадстаўлення дакументаў і доказаў за арганізацыю Народных сходаў.

Так, я падаваў заяўкі на правядзенне пікетаў у знак салідарнасці з Алесем Бяляцкім і ўсімі палітвязнямі. Мне заўсёды забаранялі выказаць сваё меркаванне з гэтай нагоды. Я звяртаўся ў суд. І там, у судзе, я з намеснікам старшыні Мазырскага райвыканкама Галюком, яго начальнікамі ідэалагічнага і юрыдычнага аддзелаў, з намеснікам начальніка Мазырскага РАУС Цімашэнкам і іншымі высвятляў адносіны. Мазырскі раённы суд, Гомельскі абласны і Вярхоўны Суд заўсёды мне адмаўлялі ў магчымасці скарыстацца правамі і свабодамі, гарантаванымі Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Зараз звяртаюся да апошняй магчымай інстанцыі – Камітэта ААН па правах чалавека.

“Але я ня веру ў такую дробную пакасць з боку гэтых службаў за маю праваабарончую дзейнасць ў Мазыры,” – ўпэўнены мазырскі правабаронца Уладзімір Целяпун. 

Ордэн "Чорнобильский Хрест: Мужність. Честь. Гуманність" ёсць вышэйшай узнагародай Усеўкраінскай грамадскай арганізацыі «Саюз Чарнобыль Украіны».

Уручэнне ўзнагарод было заключным мерапрыемствам 25-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Рашэнне пра ўзнагароджванне прыняў прэзідыум Цэнтральнага Савета Рэспубліканскай грамадскай арганізацыі “Саюз Чарнобыль Украіна” у час правядзення Міжнароднай царкоўна-свецкай канферэнцыі: "Пасля Чарнобыля: агульны боль, агульны клопат, агульная надзея. Асэнсаванне вынікаў і ўрокаў катастрофы".

Перад удзельнікамі канферэнцыі, сярод якіх былі: Аляксандр Валчанін, Валерый Зайцаў, Анатоль Гнеўка, Аляксандр Мікулін, Уладзімір Целяпун выступаў з прамовай Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і Усея Русі Кірыл. У сваім выступе ён адзначыў, што «галоўнае, чаму вучаць нас гэтыя трагічныя падзеі, - гэта ўрок неабыякавасці, урок маральнай адказнасці і сацыяльнай салідарнасці, прыклад міласэрнасці, самаадданасці і цвёрдай волі, якая ідзе шляхам дабра і служэння». Таксама ён звярнуў увагу ўдзельнікаў канферэнцыі на тое, што "... здаецца абсалютна несправядлівым адсутнасць сацыяльных дабротаў, адпавяднай матэрыяльнай падтрымкі для ліквідатараў, што засталіся ў жывых. Калі яшчэ застаюцца нейкія няправільнасьці ў дачыненні да грамадства да гэтых людзей, яны павінны быць выкараненыя як мага хутчэй ".

Гэта асабліва тычыцца ліквідатараў Беларусі, дзе ўлада скасавала ільготы, кампенсацыі, сацыяльную падтрымку ўдзельнікаў ліквідацыі аварыі на ЧАЭС. Улады Беларусі ўвогуле скасавалі статус “ліквідатар”, замяніўшы яго на “пацярпелы”. Асабліва Патрыярх Кірыл падкрэсліў, што "сістэмы бяспекі дорага каштуюць, і ў нейкі момант такое паняцце, як рэнтабельнасць, можа выйсці на першае месца - не бяспека, а рэнтабельнасць. Дык вось, вельмі важна, каб нашы навукоўцы і палітыкі, ад чыіх рашэнняў залежыць ўкараненне тых ці іншых тэхналогій, прадстаўнікі бізнесу, на якіх сёння таксама ляжыць адказнасць за ўкараненне тэхналогій, - каб усе яны разумелі, што эканоміі на сістэмах бяспекі быць не можа, таму што аварыі на такіх аб'ектах, як аб'екты ядзернай энергетыкі, могуць мець планетарны маштаб".
Як гэта вельмі актуальна для сённяшняй Беларусі…

Паводле racyja.eu.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international