Amnesty International: Смяротнае пакаранне ў Беларусі па-ранейшаму ў вельмі строгай сакрэтнасці

2013 2013-04-10T12:00:26+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/amnesty-international.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабарончая арганізацыя Amnesty International прэзентавала агляд, прысвечаны смяротным прысудам і пакаранняў сьмерцю за 2012 год. Нягледзячы на ​​шэраг прыкрых адкатаў з дасягнутых пазіцый, у 2012 годзе працягнулася агульнасусветная тэндэнцыя да адмены смяротнага пакарання, піша Amnesty International.

Паводле інфармацыі арганізацыі, у 2012 годзе пакаранні былі зафіксаваныя толькі ў 21 краіне свету - гэта тая ж колькасць, што і ў 2011 годзе, але прыкметна меншая, чым дзесяць гадоў таму. У 2003 годзе такіх краінаў было 28. Паводле атрыманых звестак, у 2012 годзе ва ўсім свеце адбылося не менш за 682 пакаранні смерцю, што на два больш, чым у 2011 годзе. У 58 краінах вынесена і можа ўступіць у сілу не менш за 1722 новых смяротных прысудаў, у параўнанні з 63 краінамі і 1923 прысудамі ў папярэднім годзе.

Аднак гэтыя лічбы не ўключаюць у сябе тысячы пакаранняў смерцю, якія, як лічыць Amnesty International, мелі месца ў Кітаі, дзе падобная статыстыка трымаецца ў таямніцы.

"Рэгрэс, які назіраецца ў шэрагу краінаў у гэтым годзе, не можа не засмучаць, аднак у цэлым ён не мяняе агульнасусветную тэндэнцыю адмовы ад смяротнага пакарання. У многіх кутках свету пакаранні смерцю застаюцца ў мінулым, - сказаў Саліл Шэці, Генеральны сакратар Amnesty International. Смяротнае пакаранне мае месца толькі ў адной з кожных 10 краінаў свету. І іх кіраўніцтву трэба спытаць сябе: чаму яны працягваюць звяртацца да жорсткага і бесчалавечнага пакарання, ад якога адмаўляецца увесь астатні свет?"

У пяцёрку краінаў, якія пакаралі смерцю больш за ўсё людзей у свеце, па-ранейшаму ўваходзяць Кітай, Іран, Ірак, Саудаўская Аравія і ЗША, і толькі крыху адстае ад іх Емен.

Адносна нашай краіны ў штогадовым аглядзе канстатуецца, што "Беларусь заставалася адзінай краінай у Еўропе і Цэнтральнай Азіі, дзе захоўвалася смяротнае пакаранне. Гэтую меру пакарання па-ранейшаму атачала абстаноўка найстрогай сакрэтнасці. У 2012 годзе пакаралі смерцю не менш за трох чалавек".

Сярод станоўчых прыкладаў з суседніх нам краінаў міжнародныя праваабаронцы прыводзяць Латвію. "Латвія стала 97-й краінай у свеце, дзе смяротнае пакаранне цалкам адменена: у 2012 годзе з заканадаўства прыбралі апошнія артыкулы пра злачынствы, якія караюцца смерцю".

У аглядзе гаворыцца, што прыхільнікі смяротнага пакарання часта паўтараюць аргумент пра тое, што смяротнае пакаранне стрымлівае злачыннасць. Аднак у 2012 годзе ў ЗША было праведзена вялікае даследаванне, аўтары якога прыйшлі да высновы, што гэты аргумент не можа служыць  апраўдальным.

"У дзяржаў, якія працягваюць караць смерцю людзей, скончыліся апраўданні. Няма ніякіх доказаў таго, што смяротнае пакаранне адыгрывае асаблівую ролю ў стрымліванні злачыннасці", - адзначыў Саліл Шэці.

"Сапраўдныя прычыны прымянення смяротнага пакарання часта ў іншым. У 2012 годзе мы зноў з трывогай назіралі за тым, як дзяржавы караюць смерцю людзей па адкрыта палітычных прычынах, няхай гэта будуць папулісцкія меры або інструмент непрыкрытых рэпрэсій", - дадаў ён.

Amnesty International ва ўсіх без выключэння выпадках выступае супраць смяротнага пакарання, незалежна ад сутнасці і абставінаў злачынства, вінаватасці, невінаватасці і асобы злачынца, а таксама метаду, якім карыстаецца дзяржава для пазбаўлення асуджанага жыцця. Смяротнае пакаранне парушае права на жыццё, і гэта вельмі жорсткае, бесчалавечнае і прыніжаючае годнасць пакаранне.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international