Бялынічы: суд апраўдаў Валерыя Вусіка па справе аб дробным хуліганстве

2013 2013-04-08T15:12:50+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vusik-buhel-sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суддзя суда Бялыніцкага раёна Аксана Загорская 8 красавіка вынесла апраўдальнае рашэнне па справе аб адміністрацыйным правапарушэнні ў адносінах да Валерыя Вусіка, зняпраўдзіўшы абвінавачванні па артыкулу 17. 1 (дробнае хуліганства).

Нагадаем, што, згодна з пратаколам аб адміністрацыйным правапарушэнні, складзеным супрацоўнікам міліцыі Сяргеем Карыткіным, Валерый Вусік 28 лютага, калі разам са здымачнай групай незалежных тэлежурналістаў наведваў жывёлагадоўчую ферму СВК “Лебедзянка”, у адносінах пляменніка старшыні СВК “Лебедзянка” трактарыста Міхаіла Бялова “выражался нецензурной бранью, на предложения успокоиться не реагировал”, а таксама “размахивал руками” і ажыццяўляў у яго адрас “угрозы физической расправы”.

“Сёння перамаглі закон і справядлівасць, - кажа Валерый Вусік. – Суд вынес апраўдальнае рашэнне, бо было адразу зразумела, што ніякіх супрацьпраўных дзеянняў я не здзяйсняў. Проста мне хацелі заткнуць рот, каб я не уздымаў праблемы, якія існуюць у нашай сельскай гаспадарцы і ў СВК “Лебедзянка”, у прыватнасці.

Зараз я буду змагацца за тое, каб была адменена папярэдняе рашэнне суда Бялыніцкага раёна пад старшынствам суддзі Уладзіміра Гуза, калі я быў пакараны нібыты за паклёп і за распаўсюд газеты “Магілёўскі Выбар” штрафам у памеры 50 базавых велічынь. Суддзя не слухаў ніякіх маіх довадаў. Адмовіў у адвакаце, выдаліў праваабаронцу Барыса Бухеля, відавочна адносіўся перадузята. 5 красавіка я падаў скаргу на гэтую пастанову ў абласны суд і спадзяюся, што ён вынесе справядлівае рашэнне”.

Праваабаронца Барыс Бухель задаволены прысудам, які вынесла суддзя Аксана Загорская.

“ Я на 99,99% быў упэўнены, што будзе апраўдальнае рашэнне, - выказвае меркаванне Барыс Бухель. – Іншага проста не магло быць, бо ўсе доказы сведчылі за тое, што Валерый Вусік не вінаваты. Іншая справа, што суд не вынес нейкага рашэння аб адказнасці за ілжэсведчанне з боку заяўніка. Мы будзем з Валерыем Вусікам абмяркоўваць, што нам далей рабіць на гэты конт і, магчыма, пададзім скаргу.

Таксама я не маю сумневу, што абласны суд адменіць рашэнне суда Бялыніцкага раёна па адміністрацыйнай справе аб паклёпе і за распаўсюд газеты “Магілёўскі Выбар”. Толькі адмова ў адвакаце для Валерыя Вусіка дае для гэтага ўсе падставы. Іншая справа, ці будзе справа зноў вернутая на паўторны разгляд у суд Бялыніцкага раёна, альбо пастанова Бялыніцкага суда будзе адмененая і справа спыненая. Мы з адвакатам будзем дабівацца, каб справа была наогул спыненая з-за адсутнасці складу правапарушэння”.

На здымку: Валерый Вусік разам з праваабаронцам Барысам Бухелем каля суда.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international