Мазырская міліцыя не ведае Канстытуцыі?

2013 2013-04-04T09:18:06+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/cygany.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ці чыталі калі супрацоўнікі Мазырскага РАУС Канстытуцыю – асноўны закон краіны, ці чулі такі выраз, як «забарона дыскрымінацыі, у тым ліку па нацыянальнай прыкмеце»? Напэўна, не, калі ў раённай газеце «Жыццё Палесся» выходзяць такія артыкулы, як «Не трапляйцеся на хітрыкі цыганоў».

Дарэчы, абраза нацыянальнай годнасці караецца законам, толькі ці ведаюць гэта прадстаўнікі праваахоўных органаў, у прыватнасці, міліцыі?

Супрацоўнік крымінальнага вышуку Мазырскага РАУС Яўген Партны распавёў карэспандэнту раёнкі, што «у мінулым годзе на тэрыторыі Гомельскай вобласці былі зафіксаваныя некалькі злачынстваў з удзелам асоб цыганскай нацыянальнасці». Варта заўважыць, што ў 2012 годзе на тэрыторыі Гомельскай вобласці па лініі крымінальнага вышуку былі зарэгістраваны больш за 9,8 тысяч злачынстваў. Ці карэктна тады абагульняць і палохаць грамадзян цыганамі, калі імі было здзейснена ўсяго некалькі злачынстваў, а амаль дзесяць тысяч супрацьпраўных дзеянняў – на рахунку прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў, напрыклад, беларусаў.

Міліцыянер паведаміў праз газету, што на тэрыторыі Мазырскага раёну жыве каля 35 асоб цыганскай нацыянальнасці, з якіх толькі 4-5 маюць працу, а астатнія «жывуць за кошт папрашайніцтва і выпадковых заробкаў». «Цыганы схільны да здзяйснення злачынстваў», - сцвярджае Яўген Партны. Цікава, на чым пабудаваны такія яго высновы – на сацыялагічных і навуковых даследаваннях, анкетаванні, статыстычных дадзеных, ці самі цыганы прызнаюцца, што яны схільныя да злачынстваў? Дарэчы, па статыстыцы, якую прыводзіць сам жа міліцыянер, у Мазыры ў 2012 годзе былі здзейснены два злачынствы «асобамі цыганскай нацыянальнасці».

Не саромеючыся, распавядае супрацоўнік крымінальнага вышуку пра дыскрымінацыю цыган па нацыянальнай прыкмеце: «усе цыгане ставяцца на фота- і дактыласкапічны ўлік, збіраюцца ўзоры геному, адсочваюцца перамяшчэнні асоб цыганскай нацыянальнасці, цыгане затрымліваюцца, устанаўліваецца іх асоба, перадаюцца дадзеныя аб перамяшчэнні цыганоў у бліжэйшыя РАУСы вобласці».

Міліцыянер дае жыхарам раёна парады, што ім патрэбна быць пільнымі, калі да іх звернуцца з просьбай цыганы. «Калі асобы цыганскай нацыянальнасці прыходзяць дахаты, то не варта адчыняць ім дзверы, не размаўляць з імі, паведамляць у міліцыю».

Гомельскія праваабаронцы Алесь Яўсеенка і Марыя Клімовіч неаднаразова звярталі ўвагу органаў улады, МУС на праблему дыскрымінацыі цыганоў у СМІ. Гомельскія ідэолагі абяцалі праваабаронцам правесці гутаркі з галоўнымі рэдактарамі раённых газет аб недапушчальнасці ўказання ў публікацыях нацыянальнасці злачынцаў. Даваў такое абяцанне і МУС – правесці тлумачальную працу сярод міліцыянераў аб недапушчальнасці дыскрымінуючых выказванняў, якія вядуць да распальвання міжнацыянальнай варожасці. Як бачым, плёну такія абяцанні і гутаркі не даюць.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international