Міністэрства юстыцыі ліквідуе «Добрую волю»

2013 2013-04-03T14:21:22+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

1 красавіка Вярхоўны суд пачаў разглядаць іск Міністэрства юстыцыі супраць міжнароднага грамадскага аб’яднання «Добрая воля». «Спачатку вынеслі папярэджванне, потым прыпынілі дзейнасць арганізацыі, а цяпер ліквідуюць», — расказаў «Нашай Ніве» старшыня арганізацыі Леанід Скарабагаты.

«Добрая воля» была заснавана ў 1998 годзе як дабрачынны фонд.

Да 2007 года арганізацыя займалася аздараўленнем дзяцей за мяжой.

«Напрыклад, у 2005 годзе з дапамогай нашай арганізацыі каля 1500 дзяцей змаглі з’ездзіць за мяжу», — расказвае Скарабагаты.

З часам дзейнасць «Добрай волі» змяніла напрамак.

«Найбольш мы займаліся прававой падтрымкай дзяцей і бацькоў», — кажа старшыня арганізацыі.

Напрыклад, «Добрая воля» займалася справай Надзеі Дударэнкі з пасёлка Парычы (Светлагорскі раён), у якой у выніку канфлікту са школьнымі настаўнікамі адабралі пяць прыёмных дзяцей.

Таксама «Добрая воля» займалася антыалкагольнай прапагандай, збірала гуманітарную дапамогу. Сярод іншага, арганізацыя паслала і назіральнікаў за выбарамі на 10 выбарчых участкаў Курасоўшчыны, дзе жывуць яе актывісты.

Праверка арганізацыі Мінюстам пачалася са скаргі Міністэрства адукацыі. Мінадукацыі вінаваціла «Добрую волю» ў нестатутнай дзейнасці (прававая падтрымка сіратаў і шматдзетных сем’яў) і выкарыстанні незарэгістраванай сімволікі (паштовых канвертаў з надпісам «Добрая Воля»). Пазней Мінадукацыі адклікала свае прэтэнзіі, але Мінюст набраў сем парушэнняў (вялікая літара «В» замест малой на пячатцы, «незарэгістраваныя» канверты, памылка ў назве арганізацыі, якая бязвыплатна здае «Добрай волі» офіс у Ратамцы і інш.). Гэтых «літараў закона» хапіла, каб спыніць дзейнасць арганізацыі з 26 лістапада 2012 года па 27 студзеня 2013.

У пазове на ліквідацыю Мінюст назбіраў абвінавачванняў на 16 пунктах.

Выступ прадстаўніка Мінюста Аляксандра Харытона (менавіта ён займаўся таксама справамі «Вясны» і дзясяткаў закрытых арганізацый) доўжыўся больш за тры гадзіны, усе прэтэнзіі Мінюста занялі 200 старонак. У пазоў увайшлі ўсе магчымыя парушэнні, якія чыноўнікі змаглі знайсці: «нікчэмная ў юрыдычным плане» дамова на арэнду офіса арганізацыі, няправільнае афармленне лістоў, парушэнне арганізацыйных працэдураў, нявыплата дзяржпошліны, непрадастаўленне інфармацыі, парушэнне статута арганізацыі…

Скарабагаты кажа, што «на кожную прэтэнзію ў яго ёсць дакументавана абгрунтаванае абвяржэнне». Памылка ў дамове арэнды ўжо выпраўлена, вялікае «В» на пячатцы перапраўлена на маленькае, змены ў статут чакаюць рэгістрацыі ў Мінюсце.

Вядома, Леанід Скарабагаты не юрыст. У судзе ён больш гаварыў пра дзейнасць арганізацыі, хібы заканадаўства, ціск на «Добрую волю». Ён цытаваў Біблію, прыводзіў за довад грамадскую карысць ад працы суполкі.

Суддзю рыторыка старшыні «Добрай волі» цікавіла мала. Паводле ацэнак праваабаронцаў, ад 2001 года ў Беларусі мэтаскіравана зачыняюць незалежныя грамадскія арганізацыі, якія бралі ўдзел у назіранні за падлікам галасоў на выбарах. Рашэнне 2003 года па «Вясне», напрыклад, таксама прымаў Вярхоўны суд.

Леанід Скарабагаты — прыватны прадпрымальнік, пратэстант і вядомы ў Курасоўшчыне актывіст. У яго з жонкай восем дзяцей, таму праблемы шматдзетных сем’яў ведае на ўласным досведзе. Скарабагаты ўваходзіць у аргкамітэт па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД),

і партыя нават разглядала яго ў якасці патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты ад БХД. Таксама ён быў кандыдатам ад Курасоўшчыны на выбарах у Мінскі гарсавет дэпутатаў у 2010 годзе, а ў 2012 удзельнічаў у выбарах у палату прадстаўнікоў. На дэбаты Скарабагаты прыйшоў з Бібліяй і партрэтам міністра адукацыі Маскевіча. Скарабагаты адстойвае хрысціянскія каштоўнасці.

«Праблемы „Добрай волі“ маглі быць выкліканы актыўнай палітычнай дзейнасцю Скарабагатага, — мяркуе былы сустаршыня БХД Аляксей Шэін.

— Калі б ён проста займаўся алкаголікамі, наўрад ці што здарылася б. Ліквідацыя сапраўды ўнікальнай арганізацыі, якая аказвае вялікую дапамогу, можа быць спробай адпомсціць Леаніду».

У панядзелак суд не задаволіў просьбы Скарабагатага аб перапынку да пятніцы для падрыхтоўкі ўсіх неабходных дакументаў. Вынясенне прысуду прызначана на 13:00 серады 3 красавіка.

* * *

3 красавіка Вярхоўны суд задаволіў пазоў Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі «Добрай волі». Таксама арганізацыя павінна выплаціць дзяржпошліну ў памеры 300 тысячаў.

Суд прызнаў, што арганізацыя нясвоечасова ўнесла змены ў статут, не прыпыніла дзейнасці ў адпаведнасці з прысудам, не пацвердзіла свайго міжнароднага статуса, мела хібы ў справаводстве, не падавала Мінюсту запатрабаваных звестак.

«Зразумела, я не знаходжу прысуд справядлівым», — пракаментаваў вырак старшыня «Добрай волі» Леанід Скарабагаты.


Скарабагаты бачыць некалькі варыянтаў працягу дзейнасці. «Мы можам далучыцца да нейкай іншай арганізацыі, а можам дзейнічаць як ініцыятыўная група грамадзянаў — у нас ёсць вопыт. Можам паспрабаваць зарэгістравацца ў Польшчы, дзе знаходзіцца наша аддзяленне. Людзей, якія працуюць з намі, не ліквідуеш», — кажа ён.
 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international