Праваабаронца Сяргей Гоўша накіраваў наглядную скаргу Генпракурору

2013 2013-04-03T13:19:53+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/gousha-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Гоўша.

Сяргей Гоўша.

Праваабаронца Сяргей Гоўша 3 красавіка накіраваў наглядную скаргу Генеральнаму Пракурору на вызначэнне суддзі Маскоўскага р-на г. Мінска ад 31мая 2010 г. і вызначэнне судовай калегіі па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда ад 5 жніўня таго ж году.

У ёй паведамляецца, што 14 мая 2010 г. у адпаведнасці з ч.2 арт 60 Канстытуцыі РБ Сяргей Гоўша звярнуўся ў суд Маскоўскага раёна г. Мінска з іскавай заявай да дзяржавы аб кампенсацыі маральнай шкоды. Аднак вызначэннем суддзі ад 31 мая праваабаронцу было адмоўлена ва ўзбуджэнні грамадзянскай справы з тае прычыны, што, на думку суддзі, яго іскавая заява непадведамнасная суду.

Не пагадзіўшыся з вышэйзгаданым вызначэннем, 15 чэрвеня 2010 года Сяргей Гоўша звярнуўся ў судовую калегію Мінскага гарадскога суда з прыватнай скаргай, у якой прасіў вызначэнне суддзі суда Маскоўскага раёна г. Мінска адмяніць і перадаць справу на разгляд у суд першай інстанцыі. Але вызначэннем судовай калегіі Мінскага гарадскога суда ад 5 жніўня ў задавальненні скаргі Сяргею Гоўшы было адмоўлена з той жа прычыны.

“Але чаму, на падставе якога заканадаўчага акту, было вынесенае такое неаб’ектыўнае рашэнне?” - пытаецца ў Генеральнага Пракурора правабаронца Сяргей Гоўша.

Аналагічны адказ ён атрымаў 30 снежня 2010г. і ад старшыні Мінскага гарадскога суда, на імя якога праваабаронца звярнуўся з нагляднай скаргай.

У сваёй скарзе на імя Генеральнага Пракурора Сяргей Гоўша прыводзіць свае доказы, што судовыя пастановы ад 31 мая 2010г. і ад 5 жніўня 2010г. былі прынятыя з істотным парушэннем дзеючага заканадаўства.

Сяргей Гоўша даводзіць Генеральнаму пракурору, што згодна ч.1 арт. 60 Канстытуцыі РБ кожнаму гарантуецца абарона яго правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны. Зыходзячы з гэтай канстытуцыйнай нормы Канстытуцыйны Суд РБ у сваіх рашэннях (у прыватнасці – у Рашэнні ад 5 красавіка 2007 г.), а таксама ў штогадовых пасланнях аб стане канстытуцыйнай законнасці ў Рэспубліцы Беларусь неаднаразова звяртаў увагу на прамое дзеянне ч.1 арт. 60 Канстытуцыі.

“Гэта азначае, – лічыць Сяргей Гоўша, – што калі нават нейкім, не згаданым у судовых пастановах, актам заканадаўства яго іскавая заява выведзена з падведамнасці суда, то суд, зыходзячы з вышэйзгаданых нормаў Канстытуцыі, у любым выпадку павінен узбудзіць і разгледзець справу па сутнасці і паставіць ва ўстаноўленным парадку пытанне аб прызнанні такога акта неканстытуцыйным (арт. 112 Канстытуцыі).

 І з пазіцыі міжнароднага права (у прыватнасці, арт. 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і арт. 33 Закона “Аб міжнародных дамовах Рэспублікі Беларусь”) пададзеная мною іскавая заява падведамнасная суду, а судовыя пастановы, якімі адмоўлена ва ўзбуджэнні грамадянскай справы, парушаюць маё права на доступ да суда”, – падсумаваў праваабаронца Сяргей Гоўша.

Зыходзячы з вышэй выкладзенага і кіруючыся арт.арт. 21, 59, 60 Канстытуцыі РБ, арт.арт. 436 - 439 ГПК Сяргей Гоўша просіць: запатрабаваць з суда Маскоўскага раёна г. Мінска справу па яго іскавай заяве аб кампенсацыі маральнай шкоды, праверыць законнасць і абгрунтаванасць вынесеных па ёй судовых пастаноў – вызначэнне суддзі Маскоўскага р-на г. Мінска ад 31 мая 2010г. і вызначэнне судовай калегіі па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда ад 5 жніўня 2010 г. і прынесці пратэст у парадку нагляду для іх адмены і ўрэшце вынесці рашэнне на падставе Канстытуцыі ды міжнародна-прававых актаў, ратыфікаваных Рэспублікай Беларусь.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international