Сяргея Каваленку аштрафавалі на мільён рублёў

2013 2013-03-29T14:30:28+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kaval-sud-dzen-vol-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Сяргей Каваленка

Сяргей Каваленка

Суддзя Першамайскага райсуду аштрафавала сябра КХП-БНФ на падставе міліцэйскага пратакола, дзе было напісана, што ўвечары 25 сакавіка Сяргей Каваленка  быў " у стане алкагольнага ап'янення", ды яшчэ "нецэнзурна выказваўся" і "размахваў рукамі". Актывіст ніводнага з гэтых абвінавачанняў не прызнаў.

Судовы працэс над Сяргеем Каваленкам 26 сакавіка распачала суддзя Наталля Карабліна, а пасля перапынку на тры дні судзіць актывіста прызначылі іншай суддзі, Валянціне Кісмярошкінай. Чаму так адбылося, прысутным не патлумачылі.

Усё астатняе было па-ранейшаму: у судзе сабралася больш за два дзесяткі супрацоўнікаў міліцыі, у форме і ў цывільным. Частка супрацоўнікаў у цывільным яшчэ да пачатку суду заняла месцы ў зале, тады як "людзі ў форме" пераконвалі ахвотных зайсці, што судовая заля зачыненая. Дарэчы, скаргу на некарэктныя паводзіны міліцыянтаў, якія 26 сакавіка "камандавалі" у судзе – замест сакратара загадвалі ўстаць, рабілі грубыя заўвагі прысутным  і гэтак далей – падаў у МУС віцебскі актывіст Пётр Іваноў. Падобную скаргу падаў і Сяргей Каваленка, папрасіўшы далучыць яе да матэрыялаў справы ў якасці сведчання недаверу да суду, які на справе аказаўся падпарадкаваным супрацоўнікам міліцыі.

Двое супрацоўнікаў міліцыі былі ў судзе сведкамі – гэта супрацоўнікі патрульна-паставой службы Аляксей Новікаў і Аляксандр Давыдоўскі.  Яны распавядалі, што спынілі Сяргея Каваленку на дарозе за адсутнасць флікера. Хаця потым работнікі ДАІ склалі на яго пратакол за пераход дарогі ў неналежным месцы. Паводле міліцыянтаў, актывіст абураўся тым, што яго затрымлівалі міліцыянты з патрульна-паставой службы, а не  ДАІ.І рабіў гэта "з нецэнзурнай лаянкай" і "размахваючы рукамі". Ды ўсяго, Каваленка адмаўляўся ехаць з імі ў пастарунак, і  яго папярэдзілі, што гэтыя дзеянні – "непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі". Пасля гэтага ён ужо пагадзіўся сесці ў машыну. Але падчас спрэчкі міліцыянты адчулі пах алкаголю, згадалі, што ў яго была "няцьвердая паходка", і павезлі  Сяргея Каваленку на медычнае асведчанне.

Далей сведчыць працягваў лекар, псіхіятр-нарколаг Аляксандр Лебедзеў. Ён зазначыў, што актывіст адмовіўся праходзіць алкатэст. Але пацвердзіў  толькі словы міліцыянтаў пра пах алкаголю, усе іншыя знешнія прыкметы ён кваліфікаваў як нармальныя паводзіны: не было ні "няцвёрдай паходкі", ні буйных паводзінаў…

Сяргей Каваленка цвердзіў, што абвінавачанне супраць яго несправядлівае:

" Па дарозе за мной ішоў нейкі чалавек у цывільным. А калі пад'ехала міліцэйская машына, ён  выскачыў  з-за маёй спіны  і нешта пачаў шаптаць на вуха міліцыянту. У Першамайскім РАУС на мяне склалі пратакол па сфальсіфікаваным абвінавачанні аб адміністрацыйным правапарушэнні (артыкул 17.1. КаАП). Калі мяне паводле абвінавачання ў хуліганстве везлі ў ІЧУ, да мяне беспадстаўна былі ўжытыя спецсродкі (кайданкі). У ізалятары часовага ўтрымання я таксама падвяргаўся жорсткаму,  зневажальнаму чалавечую годнасць абыходжанню: утрымліваўся ў адзіночнай камеры, у якой адсутнічалі індывідуальныя спальныя месцы і хоць бы якая-небудзь мэбля, пасцельныя прыналежнасці не выдалі, спаць давялося на падлозе, ва ўнітазе адсутнічаў зліўны бачок, роўна як і ўмывальная ракавіна ў камеры і бачок з пітной вадой, туалетнай паперы і мыла таксама не выдалі. 26 сакавіка, калі мяне прывезлі з ІЧУ у суд, суддзя загадала дадаткова аформіць нейкія дакументы, і  ў РАУС Першамайскага раёна, а таксама назад у суд мяне везлі ў аўтазаку - аўтамабілі для перавозкі грамадзян, у дачыненні да якіх у рамках КПК прыменена мера стрымання - заключэнне пад варту, чым парушана маё права на прэзумпцыю невінаватасці".

Актывіст лічыць, што супрацоўнікі міліцыі ажыццяўляюць ціск на яго за палітычныя погляды, і менавіта таму затрыманне адбылося ў Дзень Волі. Верагодна, міліцыя вырашыла "апярэдзіць" магчымасць з'яўлення ў горадзе чарговага бел-чырвона-белага сцяга, вывешваннем якіх вядомы актывіст.

Сяргей Каваленка збіраецца абскарджваць пастанову суд, вынесеную, паводле ягонага меркавання, на падставе сфальсіфікаванага пратакола.

 

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства