Жанна Літвіна: “Чакаем ад Літвы цвёрдай і прынцыповай пазіцыі ў пытаннях свабоды слова”

2013 2013-03-28T10:59:27+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/litvina-zhanna.jpg
Жанна Літвіна, кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў

Жанна Літвіна, кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў

Канферэнцыя «Што чакаць Беларусі ад старшынства Літвы ў Еўрасаюзе?» адбылася 26 сакавіка ў Сейме Літвы. Праходзіў форум у межах “Тыдня Беларусі ў Вільні” і быў прымеркаваны да 95-х угодкаў абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі.

Арганізатарамі канферэнцыі выступілі намеснік старшыні камісіі еўрапейскіх спраў Сейма Літвы Эмануэліс Зінгерыс і дырэктар Фонда абароны грамадзян Стасіс Каўшыніс.

З літоўскага боку ў канферэнцыі ўдзельнічалі былы прэм'ер-міністр Літвы Андрус Кубілюс, віцэ-міністр замежных спраў Літвы Андрус Крывас, дэпутаты Сейма Літвы. Ад нашай краіны былі першы кіраўнік незалежнай Беларусі, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіслаў Шушкевіч, старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Жанна Літвіна, праваабаронца Валянцін Стэфановіч, палітолаг Юрый Чавусаў, сваякі палітзняволеных.

Асноўнае пажаданне Літве як будучаму старшыню Еўрасаюза было – прынцыпова прытрымлівацца патрабавання вызваліць і рэабілітаваць усіх палітзняволеных.

Старшыня БАЖ звярнула ўвагу на “журналісцкі” аспект сітуацыі з правамі чалавека. Паводле Жанны Літвіной, адной з галоўных прыкмет абыякавага стаўлення да правоў чалавека ў нашай краіне з’яўляецца тое, што дакладчык Савета па правах чалавека ААН Міклаш Харашці – неўязны ў Беларусь. Яна агучыла асноўныя крокі, якія маглі б паўплываць на змяненне сітуацыі да лепшага.

“Першае – патрабаваць увядзення мараторыя на 5 самых дыскрымінацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэксу: паклёп і абраза прэзідэнта і прадстаўніка ўлады, дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь, дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Калі не адмены, дык хаця б мараторыя! Другое – увядзенне заяўнага прынцыпу акрэдытацыі журналістаў. Сёння журналіст без акрэдытацыі, фрылансер – проста ніхто, па-за законам... Гэта маленечкія паўкрокі, якія б дэманстравалі, што Беларусь прынамсі абмяркоўвае гэта! Ну і, канешне, трэба спыніць умяшальніцтва ў дзейнасць і затрыманні журналістаў. Гэта – умовы працягу абмеркавання збліжэння Еўрасаюза з Беларуссю”.

У адказ старшыня камісіі еўрапейскіх спраў Сейма Літвы Эмануэліс Зінгерыс паведаміў, што адначасова з самітам “Усходняга партнёрства”, які пройдзе ў Вільні 28 лістапада, плануецца правядзенне нефармальнага саміту, прысвечанага правам чалавека. На яго запросяць прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці краін “Усходняга партнёрства”.

Паводле сп-ра Зінгерыса, падчас выступу Жанны Літвіной у яго нарадзілася ідэя – ад імя арганізатараў запрасіць на гэты саміт дакладчыка Савета па правах чалавека ААН Міклаша Харашці. Ён зможа прадставіць свой даклад па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, падрыхтоўкай якога зараз займаецца.

“Я прынцыповая прыхільніца ўзаемадзеяння беларускіх уладаў са спецдакладчыкам, – падкрэсліла Ж. Літвіна. – У яго мандаце прапісана: “Выпрацоўка рэкамендацый і экспертная дапамога афіцыйнаму Мінску ў ажыццяўленні гэтых рэкамендацый”. Чым больш наша краіна ігнаруе наяўнасць спецдакладчыка, чым больш забараняе наведаць нашу краіну, тым больш псуе свой імідж”.

Якія чаканні старшыні ГА “БАЖ” ад старшынства Літвы ў ЕС?

“Найперш чаканні звязаныя з цвёрдай і прынцыповай пазіцыяй ва ўсім, што тычыцца свабоды слова, свабоды выказвання ў Беларусі. Бо ніякае збліжэнне, ніякія крокі, звязаныя з мадэрнізацыйнымі працэсамі, проста немагчымыя без вырашэння ўнутранай праблемы, звязанай са СМІ”.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international