Ніна Багінская зьбіраецца скардзіцца на міліцыю ў пракуратуру

2013 2013-03-28T10:49:48+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

26 сакавіка так і не аднавіўся адміністрацыйны працэс па справе Ніны Багінскай, які пачаўся 25 сакавіка. Перарваўся ён з-за таго, што актывістка страціла прытомнасьць і яе завезьлі «хуткай дапамогай» у шпіталь. «Калі працэс адновіцца, зьвестак не даем», — кажуць у канцылярыі Маскоўскага суду Менску.

Ніну Багінскую затрымалі ў Дзень Волі ля Чырвонага касьцёла ў Менску. Актывістка падчас малітвы ў гонар 95-х угодкаў БНР разгарнула бел-чырвона-белы сьцяг. Але сьцяг у яе адабралі супрацоўнікі міліцыі. Прычым, паводле Ніны Багінскай, якой 67 гадоў, яе моцна штурханулі і зламалі дрэўка сьцяга. Актывістку затрымалі й адвезьлі ў Маскоўскі РУУС, дзе пратрымалі да вечара і забралі пашпарт.

Раніцай 26 сакавіка Ніна Багінская прыйшла ў Маскоўскі РУУС, але замест таго каб аддаць жанчыне пашпарт, на яе склалі адміністрацыйны пратакол нібыта за удзел у несанкцыянаванай масавай акцыі.

Увесь дзень спадарыня Багінская знаходзілася ў райаддзеле міліцыі. Ёй забаранялі тэлефанаваць сваякам і знаёмым, трымалі ў «малпятніку» разам з затрыманымі хуліганамі. А 17-й гадзіне актывістку павезьлі ў суд і каля 18-й гадзіны пачалі судзіць. Вядома, што супраць Ніны Багінскай сьведчыў міліцыянт Аляксандар Давыдзік.

Неўзабаве пасьля пачатку працэсу спадарыня Багінская страціла прытомнасьць. Актывістка кажа, што апрытомнела, калі ляжала на лаўцы, а ёй на твар лілі ваду.

Міліцыянты выклікалі ў суд «хуткую дапамогу», якая забрала актывістку ў 5-ты шпіталь сталіцы. Адтуль а 21-й гадзіне Ніну Багінскую адпусьцілі дахаты.

26 сакавіка Ніна Багінская казала, што захварэла і выклікала дадому лекара. У Ніны Багінскай была тэмпэратура 38 градусаў. Жанчына мяркуе, што ў яе грып. Зь міліцыі ці з суду ёй цягам дня не званілі. Ніна Багінская згадвае, што ў судзе міліцыянты пыталіся ў лекараў «хуткай дапамогі», зь якой яны брыгады і ў які шпіталь яе павязуць. Актывістка мяркуе, што суд над ёй усё ж давядуць да канца. Днямі Ніна Багінская зьбіраецца аднесьці ў пракуратуру скаргу на дзеяньні міліцыянтаў, якія лічыць незаконнымі.

Удзельнікі масавых акцыяў і імпрэзаў, якія ладзяць прадстаўнікі дэмакратычных арганізацыяў, ведаюць Ніну Багінскую ў твар дзякуючы яе прынцыповасьці што да бел-чырвона-белай сымболікі. Ніна Багінская заўсёды на ўсіх акцыях зьяўляецца зь бел-чырвона-белым значкам, стужкай ці сьцягам, як было 25 сакавіка. За гэта яе шмат разоў затрымлівалі міліцыянты. У Маскоўскім судзе на працэсе над актывісткай гучалі зьвесткі пра яе затрыманьні цягам году.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international