viasna on patreon

Алесь Бяляцкі. З чаго пачалася мая беларускасьць. Частка 2

2013 2013-03-27T11:13:18+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-shkolnik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі ў школе

Алесь Бяляцкі ў школе

Праваабарончы цэнтр “Вясна” публікуе лісты Алеся Бяляцкага з бабруйскай калоніі, у якіх палітвязень распавядае пра свой шлях да беларушчыны. 

 

18 сакавіка 2013
Бабруйск

Што яшчэ спрыяла маёй беларускасьці? “Песьняры”. У 70-я гады яны вынесьлі беларускае слова на гарадзкі асвальт. Прычым зрабілі гэта так, што за беларускую музыку, беларускае паэтычнае песеннае слова было сапраўды ня сорамна. А быў гонар. “Рушнікі”, “Касіў Ясь канюшыну” сталі сапраўды народнымі. Іх сьпявалі і за сталом, і падвыпіўшыя кампаніі на вуліцах Сьветлагорску. Гэтая вясковая традыцыя – голасна сьпяваць песьні на вуліцы, у 70-я гады яшчэ існавала ў маладым горадзе, заселеным пераважна дзецьмі вёскі.

Я ведаў напамяць амаль усе іхнія песьні, як і купалаўскую паэму “Курган”, якую яны прасьпявалі таксама. А вось першы радок іхняй знакамітай песьні я разумеў як: “Касіў Яська нюшыну”. Для мяне, гарадзкога дзіцёнка, што нюшына, што канюшына – было аднолькава. Толькі пазьней, у старэйшых класах, я зразумеў, што беларуская канюшына гэта будзе рускі клевер.

***

Раней у школьных журналах запісвалі кароткія зьвесткі пра вучняў, сярод якіх была графа “нацыянальнасьць”. У трэцім класе я неяк зазірнуў у журнал і даведаўся, што поўненькая, смуглявая з густым румянцам і доўгімі чорнымі косамі, падобная на іранскую прынцэсу Іна Караблёва – яўрэйка, а мой лепшы сябра, бялёсы і канапаты Слаўка – чуваш. Насупраць майго прозьвішча стаяла – беларус. Гэтыя зьвесткі выклікалі ў мяне цікавасьць, але ніякіх эмоцыяў і думак. Проста запомнілася, што вось, аказваецца, у нечым мы розныя.

***

У трэцім класе я быў здаровым і актыўным дзіцёнкам. Я быў лідэрам і даказваў сваё лідэрства ці барацьбою ці кулакамі. Я паборваў ці пабіваў усіх, хто быў гатовы счапіцца са мной з паралелі трэціх класаў, а іх у школе было дзевяць. Толькі з адным хлопчыкам у нас былі роўныя паядынкі. Каб усё ж вызначыцца, хто дужэйшы, мы з ім схопліваліся некалькі разоў. Так і не вызначыліся.

Добра памятаю, што ў мяне цалкам адсутнічаў страх перад бойкаю ці дужаньнем. Я заўсёды быў упэўнены, што перамагу, і перамагаў. У бойцы я быў вопытным і кемлівым, кідаўся пад ногі, хапаў суперніка за нагу і валіў з ног, заломваў рукі і пальцы, умеў перахопліваць рукамі нагу, якой супернік жадаў выцяць мяне, адступаў, удаючы слабейшага, умела захіляўся і ўхіляўся ад удараў, а затым імкліва ішоў у атаку і цэліў у нос. Быў непераможным і біўся амаль кожны дзень. Дужаўся я ня толькі ў школе, але і ў двары, і там часта валіў і старэйшых дзяцей. Але ўсе гэтыя двубоі былі “па правілах”: без касьцетаў і камянёў, да моманту, калі супернік павалены і прыціснуты да долу, да першай крыві, са згоды абоіх браць удзел у двубоі. Усё па-чэснаму. Калі часам бацькі падужаных мной дзяцей прыходзілі сварыцца з маім бацькам, той заўсёды адпраўляў іх бяз выніку.

А з пятага класу я кінуў біцца, пачаў запоем чытаць кніжкі, кінуў гуляць у футбол і іншыя дваровыя гульні. Чытаньне стала маім улюблёным заняткам.

Хоць і напісанае тут ня мае ніякіх адносінаў да беларушчыны, але, па-першае, відавочна, што я быў звычайным хлапчуком і падлеткам, а па-другое, любоў да кнігі ўвогуле стала перадумовай любові да беларускай кнігі, што з’явілася ў мяне ў старэйшых, 9-м і 10-м, класах школы.

***

Чытаць я навучыўся сам, дзесьці ў пяць гадоў, незаўважна для бацькоў. Ляжаў у нашай “урамянцы”, круціў-чытаў буквар, пытаўся ў старэйшага брата: “Як гэтая літара называецца? А як гэтая?” Два разы прапыкаў-прамыкаў буквар і навучыўся чытаць.   

***

Першая беларуская кніга, якую я прачытаў дзесьці ў класе пятым, была “Палескія рабінзоны” Янкі Маўра. Чыталася яна павольна, значна павольней за рускамоўныя кніжкі, але была цікаваю, таму я ня кінуў яе і дачытаў. Больш за тое, яна стала адной з маіх любімых кніжак і я рэгулярна перачытваў яе. Усяго – разоў сем. Беларуская мова ў ёй і не цікавіла і не спыняла мяне. Для мяне быў цікавым яе прыгодніцкі сюжэт.

***

Упершыню ад мяне патрабавалася самастойна вызначыцца з нацыянальнасьцю ў 14 гадоў, атрымліваецца, у 1976 годзе, калі мы хадзілі ў ваенкамат і афармлялі прыпісное пасьведчаньне. Афіцэр, які запаўняў бланк, спытаўся ў мяне: “Нацыянальнасьць?” “Беларус”, - адказаў я. А калі выйшаў з ваенкамату, яшчэ некалькі разоў сам сабе прагаварыў: беларус. Дагэтуль я ніколі ні сабе ні іншым не адказваў на гэтае пытаньне. А вось зараз я цьвёрда ведаў: я – беларус.

***

Беларускую мову ў сярэдніх класах у нас выкладала старая ўжо настаўніца пенсійнага веку. Была яна пэўна што жанчынай неблагой, былой партызанкаю, але выкладала вой як нецікава… Яна прайгравала па ўсіх мерках настаўніцы рускай мовы і літаратуры, нашай класнай Антаніне Міхайлаўне. Тая была маладзейшай, падыходзіла да ўрокаў творча, была артыстычнай натураю, сама любіла чытаць і дэкламаваць услых і нас заахвочвала. Ад яе я ўпершыню пачуў на ўроках апавяданьні В. Шукшына, з ёй мы развучвалі і паказвалі на школьнай сцэне пушкінскіх “Цыганоў”. Я граў у гэтай п’есе старога цыгана. Першы свой верш па-руску я напісаў у 6-м класе і чытаў яго са школьнай сцэны. Ён быў прысьвечаны Чалавеку.

 ***

А ў 9-м класе да нас беларускую мову і літаратуру прыйшоў выкладаць Сямён Сямёнавіч, малады, яшчэ да трыццаці гадоў настаўнік, які прыходзіў у школу ў модным тады вялізным, да пятаў, з высокім каўняром, жоўтым кажуху, так што не было відаць яго галавы, і з дыпламатам. Ён быў на той час па-сучаснаму падстрыжаны – з раськідам чубчыка на два бакі і невялікай хвалістай грыўкаю на патыліцы, у акулярах. Зьяўленне Сямёна Сямёнавіча павысіла маю цікавасьць да беларускай літаратуры. Хаця выкладаў ён, наколькі я памятаю, пасрэдна. Антаніна Міхайлаўна была непераўзыйдзенай. Але ён быў мужчынам і выклікаў у мяне большы давер. На ягоных  уроках я пісаў творы зазвычай на вольную тэму. Атрымліваліся эсэ. Чытаючы іх, Сямён Сямёнавіч хваліў мяне, ставіў пяцёркі і заахвочваў пісаць далей.

Дзесьці ў той год я напісаў першую сваю замалёўку, прысьвечаную вясьне, і паслаў у сьветлагорскую раёнку. Яе надрукавалі, мне даслалі ганарар.

Паглядзеўшы на Сямёна Сямёнавіча, я пераканаўся, што і мужчыны могуць працаваць настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры, і сам вырашыў паступаць на беларускае аддзяленьне філфаку. Чаму яшчэ на філфак? Хоць  ніколі не казаў пра гэта, але ж я сьціпла марыў стаць пісьменьнікам. І менавіта беларускім пісьменьнікам, бо ж я быў – беларус! А дзе як ні на філфаку я мог вывучыць беларускую мову, каб пісаць на ёй? А калі ня стану пісьменьнікам, суцяшаў я сябе, дык буду настаўнікам.

Чытайце таксама:

Алесь Бяляцкі. З чаго пачалася мая беларускасьць. Частка 1

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства