У Менску - суды над удзельнікамі святкавання Дня Волі (дапаўняецца)
У судзе Савецкага раёна Менска 25 сакавіка будуць разгледжаныя адміністрацыйныя справы ўдзельнікаў святкавання Дня Волі. 8 чалавек было затрымана адразу пасьля завяршэння мітынгу каля Парку дружбы народаў (Бангалор).
Усіх адвезлі ў
Савецкі РУУС, дзе былі складзеныя пратаколы правапарушэння па арт. 23.4 КаАП РБ
(непадпарадкаванне законным патрабаванняў супрацоўнікаў міліцыі). Санкцыя гэтага
артыкула прадугледжвае пакаранне да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Да суда затрыманыя былі змешчаныя ў ІЧУ на Акрэсціна.
Трое з
затрыманых - грамадзяне Украіны, якія прадстаўляюць “Нацыянальны альянс”. Гэта Юля Грышчук, Юля Слівінская і непаўнагадовы Назар Зеліноўскі.
Праваабаронцы высвятляюць прозвішчы затрыманых. Пакуль вядома, што суду чакаюць актывісты «Эўрапейскай Беларусі» Алег Рагоўскі і Аляксандр Кавалёў, а таксама Антон Цімохаў.
Пад час акцыі супрацоўнікі міліцыі затрымалі таксама супрацоўніцу газеты “Наша ніва” Таццяну Гаўрыльчык, Дзьмітрыя Кавалгіна і Станіслава Рамановіча. Іх адпусцілі пасьля разбіральніцтва.
Фактычна быў затрыманы і Уладзімір Яроменак, які пасля адбыцця 3-суткавага арышту быў вызвалены з Акрэсціна і адразу дастаўлены ў Першамайскі РУУС Менску, дзе яго безпадстаўна трымалі да канца акцыі.
***
Затрыманых удзельнікаў акцыі даставілі ў суд прыкладна ў 13-40.Сталі вядомыя прозвішчы яшчэ дваіх затрыманых. Гэта Асташонак Алег і Сяргей Мокіч.
Па незразумелай прычыне ў суд таксама дастаўлены і непаўнагадовы ўкраінец Назар Зеліноўскі, за якім з Украіны выехалі ягоныя бацькі.
У судзе прысутнічае консул Украіны.
Пачаліся працэсы. Назара Зеліноўскага судзіць Дзмітрый Паўлючэнка, Антона Цімохава - суддзя Аксана Рэлява, у Кавалёва Аляксандра суддзя Кірыл Палулех.
17-05. Украінец Назар Зелінкоўскі атрымаў папярэджанне. Яго адвязуць у аддзяленне міліцыі на вуліцы Якуба Коласа, каб увечары перадаць бацькам.
Заўтра ў 12 гадзін дня Аддзел па грамадзянству і міграцыі Савецкага РУУСа Менска разгледзіць пытанне па дэпартацыі Назара з Рэспублікі Беларусь.
Украінку Юлю Грышчук судзіць Дзмітрый Паўлючэнка.
Антон Цімохаў пакараны штрафам у памеры 25 б.в (два з паловай мільёны рублёў). Суддзя Аксана Рэлява.
Аляксандр Кавалёў - штраф 40 базавых велічынь. Суддзя Кірыл Палулех.
18-00. Па артыкулу 17.1 (дробнае хуліганства) пакараны 5 суткамі арышту Віталь Станішэўскі. Верагодна за святочны фейерверк.
18-15. Суддзя Кірыл Палулех судзіць Алега Асташонка.
18-30. Сяргею Мокічу - 35 базавых велічынь.
18-45. Алег Асташонак пакараны штрафам у памеры 40 б.в.
18-47. Украінку Юлю Грышчук суддзя Дзмітрый Паўлючэнка пакараў арыштам на 1 суткі. Яна вызваленая, паколькі адбыла іх на Акрэсціна.
19-10. Юля Слівінская – суддзя Аксана Рэлява - арышт 1 суткі.
Дакументы украінскіх дзяўчат знаходзяцца ў міграцыйнай службе, заўтра яны павінны быць дэпартаваныя з краіны.
21-00. Алег Рагоўскі — 30 базавых велічыняў.