viasna on patreon

Затрыманні ў Віцебску. Адзін з мітынгаў забаранілі, другі – пад пытаннем

2013 2013-03-22T14:24:24+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/zatrymannie.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На 25 сакавіка актывісты Віцебшчыны падалі заяўкі на два мітынгі. Адзін з іх ўжо забаронены Першамайскай раённай адміністрацыяй. Адміністрацыя Чыгуначнага раёну адказу не даслала, але 22 сакавіка міліцыя затрымала арганізатара  меркаванай імпрэзы, старшыню віцебскай абласной арганізацыі партыі БНФ Леаніда Аўтухова і яго аднапартыйца Кастуся Смолікава.

Аўтухоў і Смолікаў распаўсюджвалі запрашэнні на мітынг у памяшканні гандлёвага цэнтру "Эвіком". Былі затрыманыя ахоўнікамі, якія потым выклікалі супрацоўнікаў Кастрычніцкага РАУС.

За некалькі гадзін да затрымання Леанід Аўтухоў распавёў, што акцыю варта праводзіць у любым выпадку:

"Адказ з Чыгуначнай адміністрацыі мне не даслалі. Але мы ўжо запрашаем людзей, бо маем права на выказванне сваіх меркаванняў. Мы – зарэгістраваная партыя, дык чаму мусім хавацца? Парк культуры і адпачынку Чыгуначнікаў вялікі, мы нікому замінаць не будзем, калі збярэмся на імпрэзу".

Але праз некалькі гадзінаў па затрыманні спадар Аўтухоў паведаміў наступнае:

"Нас прывезлі ў Кастрычніцкі РАУС, размясцілі паасобку. Спадзяюся, што Кастусь Смолікаў ужо дома. Што да мяне, то міліцыянты апісваюць улёткі-запрашэнні ды іншыя паперы, што былі ў маёй машыне. А мне супрацоўнік паведаміў, што зараз будуць складаць адміністрацыйны пратакол. У чам мяне вінавацяць – я не ведаю".

Пасля 16 гадзін Леанід Аўтухоў стаў недасяжны для зносінаў па тэлефоне. Тэлефон Кастуся Смолікава не адказвае таксама.

Мітынг, які хацеў арганізаваць Леанід Аўтухоў, заяўлена на 25 сакавіка ў Парку культуры і адпачынку чыгуначнікаў. Гэта месца афіцыйна вызначанае ўладамі для масавых мерапрыемстваў.

Кіраўнік абласной структуры руху "За Свабоду" Хрыстафор Жаляпаў і  Аляксей Гаўруцікаў, сацыял-дэмакрат з партыі Мікалая Статкевіча, падавалі заяўку на мітынг у партку 30-годдзя ВЛКСМ – гэта таксама афіцыйна прызначанае месца. Але актывістам адмовілі на падставе таго, што ў парку якраз у панядзелак 25 сакавіка з 14 да 19 гадзін будуць праводзіцца спартовыя спаборніцтвы.

 

 

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства