Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця будзе ўлічваць вызваленне і рэабілітацыю палітвязняў у сваёй дзейнасці ў Беларусі

2013 2013-03-20T14:47:26+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/europeishen_bank.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Днямі Еўрапэйскі банк рэканструкцыі і развіцця (ЕБРР) апублікаваў новую стратэгію працы ў дачыненні да Рэспублікі Беларусь, разлічаную на бліжэйшыя тры гады. Адметна, што пры распрацоўцы гэтага канцэптуальнага дакумента да кансультацыяў былі запрошаныя шырокія колы беларускай грамадзянскай супольнасьці.

У стратэгіі, сярод іншага, адзначаецца, што ў святле апошніх палітычных і эканамічных падзей, працягваючы сваю палітыку канструктыўнага ўзаемадзеяння дзеля садзейнічання рэформам, ЕБРР у Беларусі абмяжуе свае інвестыцыі ў дзяржаўныя прадпрыемствы галінамі гандлёвага фінансавання, крэдытнымі лініямі дзеля падвышэння энэргаэфектыўнасці  і прыватнымі фондамі прамых інвестыцыяў.

За перыяд рэалізацыі стратэгіі, у сферы палітычных індыкатараў ЕБРБ  будзе ўлічваць у сваёй працы  наступныя крытэрыі:

- прагрэс у дасягненні канструктыўнай палітычнай падсправаздачнасці, у тым ліку ўмацаванне сістэмы стрымак і процівагаў у палітычнай сістэме,

- ліквідацыя перашкодаў для НДА і апазіцыйных партый у частцы актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцці ва ўмовах аб’ектыўнага выканання прынцыпаў законнасці;

- стан свабоды слова і ўмовы дзейнасці СМІ.

Вельмі істотным вынікам узаемадзеяння з беларускімі праваабаронцамі (а таксама з міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі, што займаюцца маніторынгам правоў чалавека ў Беларусі) стала ўключэнне пытання вызвалення і рэабілітацыі палітвязняў у спіс крытэраў, паводле якіх ацэньваецца сітуацыя ў Беларусі. Прагрэс у забеспячэнні выканання правоў чалавека і абароны грамадзянскіх свабодаў, гарантаваных Канстытуцыяй, уключаючы свабоду ад адвольнага арышту і затрымання, а таксама вызваленне і рэабілітацыя тых асобаў, якія прызнаныя ЕС і іншымі сябрамі міжнароднай супольнасці ў якасці палітычных зняволеных” адзначаны ў Стратэгіі ЕБРБ сярод паказчыкаў, якія будуць падлягаць маніторынгу цягам наступных трох год і ад якіх будзе наўпрост залежыць памер інвестыцыяў банку ў беларускую эканоміку.

Сярод беларускіх няўрадавых арганізацый, чыё меркаванне ўлічанае ў стратэгіі – Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Цэнтр прававой трансфармацыі, Фонд імя Льва Сапегі, Беларуская арганізацыя працоўных жанчын ды іншыя вядомыя грамадскія аб’яднанні ды ўстановы (агулам каля трох дзясяткаў). З апісаннем працэсу кансультацый, падрабязным аналізам прапановаў беларускіх НДА і тлумачэнні ЕБРБ, у якой ступені тыя альбо іншыя рэкамендацыі былі прынятыя пад увагу, можна азнаёміцца ў выніковым дакуменце, які падсумоўвае працэс кансультацый.

Пры складанні стратэгіі таксама была ўлічаная і пазіцыя аўтарытэтных міжнародных  арганізацый – Фонда “Адкрытае грамадства”, Human Rights Watch, Індэкс цэнзуры ды іншых. У прыватнасці, у рэкамендацыях  Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека (FIDH) адзначаюцца ў якасці асноўных характарыстык беларускага рэжыму, якія павінныя падлягаць увазе, дакументальна зафіксаваныя FIDH факты жорсткага і інтэнсіўнага ціску на актывістаў беларускай дэмакратычнай супольнасці ад 19 сьнежня 2010 года, бесперапыннае запалохванне грамадзкасці і СМІ, пераслед, запалохванне, затрыманні, пераслед праваабаронцаў і апазіцыйных актывістаў. FIDH асабліва адзначае, што грамадзянская супольнасць Беларусі ў цэлым сутыкаецца з пастаянным ціскам і пераследам у той час як эканамічныя і сацыяльныя правы беларускіх грамадзянаў усё часцей парушаюцца, а працоўныя пазбаўленыя сваіх асноўных працоўных правоў. У якасці прыкладу FIDH прыводзіць пераслед кіраўніка Правабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага, зняволенне якога ад 4 жніўня 2010 года прызнанае адвольным затрыманнем міжнароднай групай ААН па адвольных затрыманнях.

Ацэньваючы кантрольныя паказчыкі, распрацаваныя ЕБРР, FIDH адзначе неабходнасць улічваць канкрэтныя прыярытэтныя крытэры. У выпадку з Беларуссю, FIDH падкрэслівае неабходнасць улічваць у якасці такіх крытэраў, сярод іншага, спыненне пераследу праваабаронцаў, журналістаў і грамадзянскіх актывістаў, а таксама скасаванне артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі, які прадугледжвае пакаранне за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі, дэ-факта ўстанаўліваючы крымінальную адказнасць для ўдзельнікаў сотняў аб’яднанняў, якія страцілі рэгістрацыі.   FIDH  лічыць неабходным сачыць за тым, каб у Беларусі было створанае асяроддзе, якое дазволіць НДА зарэгістравацца без аніякіх перашкодаў.

Паводле belngo.info.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international