Генпракуратура Швецыі распачала расследаванні па справе аб "плюшавым дэсанце"

2013 2013-03-19T23:01:48+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Генеральная пракуратура Швецыі абвясціла 19 сакавіка пра пачатак расследавання па справе аб незаконным перасячэнні ў пачатку ліпеня 2012 года літоўска-беларускай мяжы самалётам, якім кіраваў шведскі экіпаж. З борта гэтага самалёта, нагадаем, над Беларуссю былі скінуты сотні плюшавых мішак, да якіх былі прымацаваныя запіскі з лозунгамі ў падтрымку свабоды слова.

У пачатку студзеня 2013 года літоўская Генпракуратура, якую беларускія ўлады заклікалі расследаваць інцыдэнт, заявіла, што правяла ўсе магчымыя дзеянні ў межах крымінальнага працэсу, а далейшы крымінальны пераслед магчымы толькі ў Швецыі. Літоўскія пракуроры прызналі падазронымі двух чалавек, жыхароў Швецыі. У сувязі з гэтым Літва звярнулася ў кампетэнтныя органы Швецыі з просьбай прадоўжыць крымінальнае расследаванне.

"У адпаведнасці з міжнароднымі пагадненнямі паміж Швецыяй і Літвой існуе прававая база для правядзення расследавання шведскім бокам, улічваючы тое, што гаворка ідзе пра шведскіх грамадзян", — цытуе агенцтва Франс Прэс сённяшнюю заяву шведскай генпракуратуры. Характэрна, што раней у бюро пракурора Стакгольма заяўлялі, што шведская юстыцыя не мае прамога дачынення да справы пра "плюшавы дэсант", паколькі інцыдэнт адбыўся за мяжой.

Аднаматорны самалёт са шведскім экіпажам з супрацоўнікаў кампаніі Studio Total з плюшавымі мішкамі на борце перасек паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Ён правёў у паветранай прасторы краіны прыкладна паўтары гадзіны і скінуў над Івянцом і ўскраінай Мінска больш чым 800 цацак з запіскамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Нягледзячы на тое што ваеннаслужачыя і пагранічнікі адмаўлялі парушэнне дзяржмяжы, па гэтым факце была распачата крымінальная справа. 13 ліпеня ў межах расследавання быў затрыманы 20-гадовы фатограф Антон Сурапін, які першым выклаў на сваім сайце Belarusian News Photos фатаграфіі скінутых шведамі цацачных мядзведзяў. Пазней стала вядома пра затрыманне рыэлтара Сяргея Башарымава, які займаецца здачай кватэр на кароткі тэрмін і ў якога шведы маглі ці планавалі арандаваць жыллё. 31 ліпеня за "неналежнае выкананне службовых абавязкаў па забеспячэнні нацыянальнай бяспекі Рэспублікі Беларусь" Аляксандр Лукашэнка зняў з пасад кіраўніка Дзяржпагранкамітэта Ігара Рачкоўскага і камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны генерал-маёра Дзмітрыя Пахмелкіна. 1 жніўня ўлады Беларусі адмовілі ў працягу акрэдытацыі паслу Швецыі Стэфану Эрыксану, пасля чаго пачаўся беларуска-шведскі дыпламатычны скандал. 17 жніўня КДБ змяніў Сурапіну і Башарымаву меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе.

У лютым 2013 года старшы прапаршчык пагранслужбы, які не паведаміў ваенным аб перасячэнні мяжы шведскім самалётам раніцай 4 ліпеня 2012 года, прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international