“Канстытуцыя жыве сама па сабе, а ўлада сама па сабе” – канстатуе “бацька” першага Асноўнага закона Рэспублікі Беларусь Мечыслаў Грыб

2007 2007-03-15T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Сёньня, 15 сакавіка, у Беларусі адзначаецца Дзень канстытуцыі. 13 гадоў таму дэпутаты Вярхоўнага Савету 12 га скліканьня прынялі першы Асноўны закон незалежнай Беларусі. Паводле яго краіна стала прэзыдэнцкай рэспублікай. Пасьля рэфэрэндуму 1996 году гэтае сьвята стала працоўным днём. Тым ня менш, Асноўны закон аб’вясціў Беларусь суверэннай і незалежнай рэспублікай, гарантаваўшы яе народу галоўныя правы і свабоды. Канстытуцыя павінна была стацца фактарам кансалідацыі нашага грамадства, захаваньня ў ім грамадзянскай згоды, міру і стабільнасьці.

Аб тым, як прымаўся Асноўны закон краіны і наколькі ён сёньня абараняе яе грамадзян, успамінае і разважае ў інтэрв’ю тагачасны старшыня Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Мечыслаў Іванавіч Грыб:

– Першая Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь распрацоўвацца пачала амаль што адразу пасля абраньня дэпутатаў Вярхоўнага савета 12 скліканьня, пасля першай арганізацыйнай сесіі. Была ўтворана камісія па стварэньню праекта ў складзе каля 90 дэпутатаў на чале са старшынёй Вярхоўнага Савету. Камісія ўтварыла дзве групы распрацоўшчыкаў па стварэньні праекта канстытуцыі. Адну групу узначаліў намеснік старшыні Вярхоўнага Савета, зараз ужо пакойны Васіль Іванавіч Шаладонаў, другую групу, альтэрнатыўную, узначаліў Віктар Іосіфавіч Ганчар, зьніклы бяз вестак, на сёньняшні дзень мабыць ўжо таксама пакойнік. І яны працавалі паасобку. Калі распрацавалі два праекты, тады сабраліся на паседжаньне камісіі і вырашылі асноўным праектам лічыць праект групы Васіля Шаладонава, а група Ганчара далучылася да іх. Частка гэтых распрацоўшчыкаў увайшла ў склад адзінай групы. І так ішло  больш за тры гады. Там былі і спрэчкі, і ўсякія падыходы, праекты гэтыя друкаваліся ў “Народнай газеце” некалькі разоў. Праект Канстытуцыі накіроўваўся для заключэньня і кансультацыі ў іншыя краіны свету – Германію, Францыю, Злучаныя Штаты Амерыкі, здаецца, у Англію.

Пачалі галасаваць15 сакавіка, але частка дэпутатаў не вельмі хацела прымаць канстытуцыю, не жадала галасаваць, і заняла пазіцыю “ні за, ні супраць”. Каб увогуле ўхіліцца ад галасаваньня. Тады па прапанове старшыні заканадаўчай камісіі у Вярхоўным Савеце Дзьмітрыя Пятровіча Булахава, зараз таксама пакойнага, было прынята рашэньне каб працягваць галасаваньне, каб як мага больш прыцягнуць да галасаваньня дэпутатаў, а праўрадавая фракцыя “Беларусь” , самая вялікая ў Вярхоўным Савеце, рабіла ўсё ад яе залежнае, каб большую колькасць дэпутатаў прыцягнуць да галасаваньня. Ну і прыцягнулі многіх тых, хто неяк ухіляўся ад галасаваньня, і яны прагаласавалі. Зразумела, што галасаваньне было таемным, улічвалася, хто прагаласаваў асабіста, а як ён прагаласаваў – гэта ўжо была яго асабістая справа. Калі потым падлічылі вынікі аказалася, што Канстытуцыя прынята. Зразумела, што за яе прагаласавала больш двух трэціх частак ад колькасці абраных дэпутатаў. З гэтага часу Канстытуцыя прынята, а дзень 15 сакавіка быў аб’яўлены днём прыняцьця Канстытуцыі. Вярхоўны Савет даручыў мне падпісаць гэтую канстытуцыю, я падпісаў урачыста у прысутнасьці журналістаў і прадстаўнікоў замежных амбасадаў. Дарэчы, ручка, якой я падпісваў, і ўвесь чарнільны прыбор, быў адпраўлены ў Беларускі музей гісторыі. Ён там быў, але, праўда ў апошні час некуды зьнік. А подпіс пад гэтай Канстытуцыяй стаяў мой

.

– Тады, ці правамоцна, што Канстытуцыя, па якой краіна жыве сёньня, падпісана Аляксандрам Лукашэнкам?

– У 1996 годзе, калі зрабілі дапаўненьні і змяненьні ў дзеючую Канстытуцыю, яе падпісаў Аляксандр Лукашэнка. Але сёньня, разважаючы сам з сабою, прыхожу да высновы, што яго подпіс стаіць там не зусім правільна. Таму што мы сёньня, як кажа наша ўлада, жывём па Канстытуцыі 1994 году. Са зьменамі і дадаткамі, унесенымі ў 1996 і 2004 годзе. Калі ж там стаіць подпіс Аляксандра Лукашэнкі, то гэта, на мой погляд, азначае, што дадаткі і зьмяненьні больш важныя за саму Канстытуцыю. Дык трэба было і назваць яе неяк па-іншаму. Але тое, што сёньня ёсць, тое і ёсць.

– У чым каштоўнасьць ці значнасьць Канстытуцыі, якая была падпісана Вамі тады, у 1994 годзе?

– Галоўнае, Рэспубліка Беларусь была аб’яўлена суверэннай і незалежнай краінай. У рэспубліцы была устаноўлена адзіная дзяржаўная беларуская мова, а ў нашай краіне прызначалася свая сімволіка, сьцяг, герб. Вельмі дэталёва былі распрацаваны падзел улад на заканадаўчую, выканаўчую і судовую, аргументавана былі пералічаны ўсе правы і свабоды грамадзян. Нават тыя зьмены, якія ўносілі ў 1996 годзе, мала чым гэтыя раздзелы аб правах і свабодах зьмянілі, ці, як кажуць, “паправілі” ў горшы бок. Цяжка гэта было выправіць.”

– Як дамагчыся зрабіць Канстытуцыю сапраўдным гарантам правоў і свабод грамадзян, а не дэкларатыўным, па многіх артыкулах, дакументам?

– У першую чаргу, трэба каб да гэтага імкнулася сама улада, якая, на жаль імкнецца ў іншы бок. Сама па сабе Канстытуцыя даволі нядрэнная, даволі дэмакратычная, але яна жыла сама па сабе, а людзі жылі самі па сабе. Па указах, пастановах і гэтак далей, якія не адпавядалі Канстытуцыі. Зараз мы горшыя навыкі, якія былі раней і ёсць зараз , перанесьлі на нашае жыцьцё.

Як быццам у Канстытуцыі і правы вызначаны, і падзел улады, а на самай справе прабачце, гэтага няма. А мы кажам што ёсць.

Зараз я прымаў удзел у распрацоўцы Малой Канстытуцыі, там прадугледжаны меры кантролю больш дэталёвыя, але нават і пры той Канстытуцыі, калі ўлада не будзе зацікаўлена ў тым, каб нормы і асабістыя правы чарлавека выконваліся, то толку з гэтага ня будзе.

– У сваім віншаваньні з нагоды Дня Канстытуцыі Аляксандр Лукашэнка адзначаў кансалідуючую ролю Канстытуцыі у грамадстве, назваўшы яе “гарантам грамадзянскай згоды, міру і стабільнасьці”. Ці так гэта?

– Гэта далёка не так. На жаль, грамадзянскай згоды і стабільнасьці ў дзяржаве сёньня няма і блізка. Якая тут кансалідацыя, калі грамадства падзелена на лагеры. Хто за прэзідэнта - хто не, а хто не згаджаецца з той палітыкай, якую праводзіць сёньня улада – той вораг. Вось і ўсё. Тут Канстытуцыя ні пры чым. Канстытуцыя жыве сама па сабе, а ўлада сама па сабе. Ня трэба ўсё гэта ў нашых абставінах звязваць з Канстытуцыяй.

Скажам мяне, з 1996 года ніхто ні з якім святам, ні з Днём Канстытуцыі, не віншуе. Я маю свае думкі, свае меркаваньні на конт сёньняшняй улады і палітыкі, якая праводзіцца, я ўжо, значыць, вораг. Гэтага ж у Канстытуцыі няма. Наадварот, там запісана, што кожны мае права выказваць свае думкі і меркаваньні, крытыкаваць, а на самой справе што атрымліваецца?

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international