Непераадольнае “безбар’ернае асяроддзе” у Бабруйску

2013 2013-03-14T11:41:52+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/babr-inval-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пытанне пра ўдасканальванне безбар’ернага асяроддзя ў Бабруйску ўзнікае пастаянна. І ў асноўным – не з падачы чыноўнікаў, а саміх інвалідаў-вазочнікаў.

-Мне здаецца, пра гэтую праблему трэба не казаць, а крычаць, - кажа супрацоўніца мясцовага сацыяльнага цэнтра Марыя Тарасенка.

Дзевяць год таму гэтая мініяцюрная дзяўчына патрапіла ў цяжкую аўтааварыю, пасля якой яе літаральна зшывалі па кавалках. Год яна правяла ў інвалідным вазку, і яшчэ больш часу сыйшло на ўзнаўленне. Марыя кажа, што гэты час, калі яна бачыла людзей “знізу”, дапамог ёй па-іншаму ўбачыць жыццё. Яна вельмі перажывае наконт сваіх “дзяўчынак”. Так яна называе невялікую групу вазочніц, з якімі займаецца тэрапіяй.

-Зараз мы чакаем сапраўднай, цёплай вясны, каб выбрацца некуды з дома. Зіму я прасядзела ў кватэры, таму што наш 5-ы і суседні 6-ы мікрараёны не абсталяваны пандусамі, зручнымі дарожкамі. А сацыяльнае таксі ўзімку не ездзіць, бо працуе на салярцы, - уздыхае вазочніца Наталля Пінькоўская. - Па цэнтры горада таксама асабліва не пагуляеш, з-за тых жа высокіх бардзюраў, каторымі шчодра аздоблены наш горад. Плошча Леніна больш-менш зручная, там нават у дворыках “спушчаны” бардзюры, але ўнутр будынкаў патрапіць складаней, у тыя ж крамы.

Дзяўчыны пералічаюць месцы, куды б хацелі, але не могуць патрапіць вазочнікі: выставачная зала, бо да яе ўваходу вядуць высокія прыступкі; тэатр, бо там таксама трэба ўздымацца на другі паверх; Палац мастацтваў з нязручнымі прыступкамі па шляху да ўваходу і ўнутры будынка; новая мастацкая галерэя з нязручным ганкам, і гэтак далей – усе ўстановы культуры па чарзе.

-Мы можам схадзіць, напрыклад, у кіно, таму што для вазочнікаў могуць адкрыць дзверы, праз якія выходзяць гледачы. Што тычыцца кафэшак, то гэта амаль нерэальна, нам застаюцца хіба толькі летнія пляцоўкі. Нават новы гандлёвы цэнтр, у якім няма прыступак, і па якім зручна перасоўвацца, знаходзіцца ў “бездарожным” месцы горада, да яго папросту немагчыма падабрацца, бо трапляеш ці на голае поле, ці на тыя ж бардзюры перад праезнай часткай. Але абсалютным здзекам выглядаюць для нас запрашэнні на Дзень інваліда. Справа ў тым, што яго праводзяць у Палацы мастацтваў, а мы ўжо казалі, як туды складана патрапіць. Валанцёр мусіць на руках уцягнуць цябе спачатку праз гэтыя прыступкі ў будынак, а там яшчэ і на другі паверх. Таму мала хто з вазочнікаў адважваецца туды пайсці, - рэзюмуе Наталля.

Марыя Тарасенка кажа, што ў Бабруйску вазочнік літаральна “прывязаны” да валанцёра ці сваяка. Яе абурае, што яны вымушаныя плаціць за сацыяльнае таксі.

-Вось напрыклад Наталлі, каб раз на тыдзень прыехаць у сацыяльны цэнтр на заняткі групы, трэба аддаць за дарогу каля 30 тысяч, - кажа Марыя. – Для інвалідаў гэта вялікія грошы, і таму яны стараюцца карыстацца таксі як мага радзей. І гэта пры тым, што гэтая машына нават не абсталяваная пад перавозку людзей у інвалідных вазках. У ёй павінен прысутнічаць хаця б адзін валанцёр і кантраляваць сітуацыю. Для грамадскага транспарта таксама патрэбны валанцёр і цярпенне, каб дачакацца новай мадэлі тралейбуса ці аўтобуса, з уваходам без прыступак. Супрацоўнікі цэнтра звярталіся да патэнцыйных спонсараў, у прадпрыемствы і фірмы, з просьбай ахвяраваць грошы на аплату сацыяльнага таксі. І практычна ўсе нам адмовілі. Часам здзіўляе, калі на прыгожай, бліскучай і дарагой паперы прыходзіць адказ “няма грошай”. 

-Пешаходныя дарожкі ў Бабруйску яшчэ больш-менш, але бардзюры “непад’ёмныя”. Абурае тое, што так шмат кажуць пра безбар’ернае асяроддзе, а калі рамантуюць вуліцы, ніхто нават не паклапаціцца пра тое, каб усталяваць пару пандусаў ці хаця б зрабіць бардзюр ніжэй, - кажа вазочніца Насця Фёдарава. – Я выбіраюся ў горад з сябрамі, а ёсць людзі, якія паўсюль адны. У мяне ёсць такая сяброўка. Для яе кожная прагулка гэта экстрым, з-за бардзюраў ёй даводзіцца ездзіць па праезнай частцы. Іншага майго знаёмага вазочніка нават супрацоўнікі ДАІ аднойчы за язду па абочыне затрымалі, ва ўчастку іх калегі ледзь матам не “абклалі”,  і ім давялося з ганьбай дастаўляць яго потым дахаты. З транспартам таксама прыкольна. Я напэўна адна на ім і езжу, - пасміхаецца Насця. – Кіроўцы нізкападлогавых тралейбусаў рэдка спыняюцца як трэба, ля бардзюра. У асноўным даводзіцца скакаць праз “прорву”. А ўжо пра тое, што ў іх ёсць пандусы, увогуле напэўна ніхто не здагадваецца. Вы звярталі ўвагу на “загадкавы” трохкутнік на ўваходзе? Вось, гэта ён і ёсць. З кватэры таксама выбрацца праблема з-за першых прыступак. За мяжой з гэтым спраўляюцца з дапамогай адкідных пандусаў, а ў нашых камунальнікаў на гэта няма грошай.

Дзяўчыны кажуць, што людзі часта папракаюць іх у вочы ці ўскосна, тым, што яны не могуць хадзіць. Той жа кіроўца сацыяльнага таксі кажа, што для яго гэта цяжкі клопат. І гэта нягледзячы на тое, што яны імкнуцца быць самастойнымі, а людзі, якія ходзяць, не даюць ім на гэта шанцаў. Наталля Пінькоўская працуе дыспетчарам і вышывае прыгожыя карціны, Насця Фёдарава працуе ў касметычнай кампаніі і малюе.

-Кожная дзяўчына з маёй групы магла б весці творчы гурток, вучыць дзетак маляваць, вышываць ці працаваць з бісерам, - кажа Марыя Тарасенка. – Але, на жаль, нейкім адказным людзям зручней “засунуць іх за шафу”, каб яны сядзелі дома, чым даць шанец жыць паўнвартасным жыццём.

 

Фота:

1. Наталля Пінькоўская

2. Працы Наталлі Пінькоўскай
3. Насця Фёдарава
4. Сустрэча групы вазочніц у сацыяльным цэнтры

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international