Гомель: суд адмовіўся правесці разгляд справы на беларускай мове

2013 2013-03-12T14:51:21+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/suddzia-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Гомельскі абласны суд 12 сакавіка адхіліў хадайніцтва жыхара вёскі Церуха Гомельскага раёна Мікалая Віцікава аб разглядзе яго справы на роднай беларускай мове. Суддзя ўдакладніў – ці валодае грамадзянін рускай мовай, і, атрымаўшы станоўчы адказ, адхіліў хадайніцтва. «Я лічу, што суд такім чынам парушыў як Канстытуцыю, так і закон «Аб мовах», таму што права карыстацца роднай мовай замацавана ў галоўным законе краіны і іншых прававых нарматыўных актах, а дзяржава, і яе прадстаўнікі, абавязаны забяспечыць рэалізацыю дадзенага права. Я магу валодаць і ангельскай, і кітайскай мовамі, але ж гэта не азначае, што можна працэс праводзіць на такіх мовах», - зазначыў Мікалай Віцікаў.

Ён дадаў, што судом у дачыненні да яго быў парушаны і закон «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», згодна якому адказ грамадзяніну трэба даваць на мове звароту. «Я звяртаўся ў суд з заявай на беларускай мове, а атрымаў адказ, пра прызначэнне справы да разгляду – на рускай», - удакладніў заяўнік.

Раней, летам 2012 года, яго выклікалі на адміністрацыйную камісію ў Гомельскі райвыканкам. Але позва прыйшла грамадзяніну тады, калі ўжо быў прызначаны разгляд справы – 5 ліпеня, і ён не змог прысутнічаць на камісіі. Старшыня адміністрацыйнай камісіі, не ўдакладняючы прычын адсутнасці грамадзяніна, падпісаў пастанову аб прымусовым прыводзе яго на наступнае паседжанне. «Старшыня адміністрацыйнай камісіі падпісаў супрацьзаконную пастанову аб прымусовым прыводзе мяне на паседжанне адміністрацыйнай камісіі, і дадзеныя дзеянні я абскардзіў у пракуратуры. Але пракуратура адмовілася прызнаць факт парушэння заканадаўства з боку старшыні адміністрацыйнай камісіі. Тады я звярнуўся ў суд Гомельскага раёна», - патлумачыў жыхар Церухі.

Але суд Гомельскага раёна не стаў разглядаць яго скаргу, адхіліў яе, матывуючы гэта тым, што Гомельскі райвыканкам размешчаны на тэрыторыі Навабеліцкага раёна Гомеля. Але з дадзенымі высновамі заяўнік не пагадзіўся, таму што, згодна Грамадзянска-працэсуальнага кодэксу, артыкулу 354, скарга падаецца ў суд па месцы знаходжання дзяржаўнага органа, іншай арганізацыі ці па месцу працы службовай асобы, дзеянні якой абскарджваюцца. А Мікалай Віцікаў якраз і абскарджвае дзеянні супрацоўніка райвыканкаму – па месцы яго працы.

Тым не менш, 12 сакавіка Гомельскі абласны суд, куды грамадзянін звярнуўся са скаргай, прыняў пастанову адхіліць касацыйную скаргу, і заўважыў, што ў дадзеным выпадку Мікалаю Віцікаву трэба звяртацца ў суд для разгляду адміністрацыйнай справы, а не грамадзянскай.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international