Беларускія праваабаронцы: “Свабоду Бахрэйну!”

2013 2013-03-04T19:56:34+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/belarus-bahrain_hrd-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Беларускія праваабаронцы ў падтрымку Набіла Раджаба. Беларускі Дом правоў чалавека ў Вільні.

Беларускія праваабаронцы ў падтрымку Набіла Раджаба. Беларускі Дом правоў чалавека ў Вільні.

4 сакавіка беларускія праваабаронцы выказалі сваю салідарнасць з прэзідэнтам Бахрэйнскага цэнтра за правы чалавека і намеснікам генеральнага сакратара Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Набілам Раджабам, які адбывае двухгадовы тэрмін турэмнага зняволення за выступы ў абарону права на мірныя сходы.

Сябры няўрадавых арганізацый Беларусі правялі некалькі акцыяў у падтрымку Набіла Раджаба. Прадстаўнікі праваабарончага цэнтра “Вясна”, Беларускага Хельсінкскага Камітэта, Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны і Беларускага Дома правоў чалавека правялі фотаакцыю пад лозунгам “Свабоду Бахрэйну!” ў сценах Дома правоў чалавека ў Вільні (на фота ўверсе).

У Менску “вясноўцы” з партрэтамі бахрэйнскага палітвязня прыйшлі пад вокны канфіскаванага офіса ПЦ “Вясна”. Як адзначае сябра Рады арганізацыі Уладзімір Лабковіч, было абранае гэтае знакавае месца, паколькі краты на вокнах “вясноўскага” офісу ўжо сталі сімвалам рэпрэсіяў супраць праваабаронцаў Беларусі.

“Гэтая акцыя падобная на тыя, што па ініцыятыве FIDH ладзіліся па ўсім свеце ў падтрымку палітвязня Алеся Бяляцкага, старшыні ПЦ “Вясна” і віцэ-прэзідэнта FIDH. І, безумоўна, для нас вельмі важна выказаць сваю салідарнасць з чалавекам, які знаходзіцца ў аналагічнай сітуацыі - за кратамі за сваю праваабарончую дзейнасць. Мы лічым, што для саміх вязняў у любой краіне вельмі важна, каб яны адчулі гэтую хвалю падтрымкі, каб ведалі, што яны не адныя, што іх лёсы не засталіся без увагі і што шмат людзей гатовыя зрабіць усё ад іх залежнае дзеля іх вызвалення”, - кажа Уладзімір Лабковіч.

Напярэдадні прадстаўнікі ПЦ “Вясна” перадалі ганароваму консулу Бахрэйна ў Беларусі Рафаэлю Мусаеву петыцыю з патрабаваннем да ўладаў Бахрэйна неадкладна і безумоўна вызваліць Набіла Раджаба, спыніць ціск і пераслед прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў. “Судовы пераслед праваабаронцаў, прафсаюзных дзеячаў і іншых прадстаўнікоў інтэлігенцыі, на жаль, стаў у Бахрэйне паўсядзённай з'явай. Пры гэтым затрыманым і выкліканым у паліцыю ці суд часцей за ўсё прад'яўляюцца абвінавачванні ва «ўдзеле ў незаконных сходах». У канцы кастрычніка 2012 года ўрад Бахрэйна ўвёў забарону на любыя дэманстрацыі і сходы. У канцы снежня забарону адмянілі, аднак абмежаванні на свабоду выказвання, асацыяцый і сходаў працягваюць дзейнічаць дагэтуль”, падкрэсліваецца ў сумеснай петыцыі FIDH і “Вясны”. 

На фота: Намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч апускае петыцыю ў паштовую скрыню ў офісным будынку, дзе, паводле паведамлення на сайце www. belarusbahrain.com, знаходзіцца ганаровае консульства Бахрэйна ў Беларусі.

“Мы не змаглі сустрэцца асабіста з ганаровым консулам Бахрэйна, таму што, як высветлілася, яго офіс існуе “міфічна” - мы не змаглі яго адшукаць па адрасах, якія знайшлі ў інтэрнэце. Але знайшлі паштовую скрыню, у якой пакінулі сваю петыцыю. І спадзяемся, што такім чынам да афіцыйных уладаў Бахрэйна будзе даведзеная інфармацыя пра недапушчальнасць сістэмных грубых парушэнняў правоў чалавека, што назіраюцца зараз у краіне”, - распавёў Уладзімір Лабковіч.

На фота: Грамадскія актывісты з Наваполацка ў падтрымку Набіла Раджаба.

На фота: Актывісты праваабарончага праекта GayBelarus у падтрымку Набіла Раджаба.

Таксама на заклік Праваабарончага цэнтра “Вясна” падтрымаць Набіла Раджаба адгукнуліся грамадскія актывісты з Наваполацка і актывісты праваабарончага праекта GayBelarus.

Беларускія праваабаронцы ў падтрымку Набіла Раджаба. Менск
Беларускія праваабаронцы ў падтрымку Набіла Раджаба. Менск
Беларускія праваабаронцы ў падтрымку Набіла Раджаба. Менск
Беларускія праваабаронцы ў падтрымку Набіла Раджаба. Наваполацк
Беларускія праваабаронцы ў падтрымку Набіла Раджаба. Менск

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international