Ян Дзяржаўцаў – супраць невыканальнага рашэння Віцебскага гарвыканкаму

2013 2013-02-25T13:41:59+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/dziarzhaucau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Актывіст КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў

Актывіст КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў

Сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў змагаецца за права  выказваць свае меркаванні падчас пікетаў ды іншых масавых  акцый. Парадак правядзення гэтых мерапрыемстваў рэгламентуецца рашэннем Віцебскага гарвыканкаму № 881. Апазіцыянер спрабаваў судзіцца  з УКВП «Віцебская гарадзкая ЖКГ» -- арганізацыяй, якая, на яго думку, парушае рашэнне гарвыканкаму і замінае рэалізацыі правоў  на свабоду думкі і выказванняў.

Ян Дзяржаўцаў звярнуўся ў Кастрычніцкі райсуд Віцебску з пазовам супраць намесніка гендырэктара УКВП «Віцебская гарадзкая ЖКГ» Вадзіма Ільінца. На думку сябра КХП БНФ, чыноўнік парушыў патрабаванні рашэння равыканкаму, адмовіўшыся заключыць дамову на прыборку тэрыторыі пасля правядзеньня масавай акцыі. Без такой дамовы дазволу на правядзенне мерапрыемства атрымаць немагчыма. Спадар Дзяржаўцаў лічыць, што Вадзім Ільінец парушыў яго грамадзянскія і палітычныя правы ды нанёс маральны ўрон. Суддзя Вікторыя Лешчанка пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды не задаволіла. Без задавальнення было пакінута і другое патрабаванне заяўніка:  вынесці асобнае вызначэнне на адрас Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэту аб неабходнасці ўзмацнення кантролю над выкананнем Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 2.

Дырэктыва патрабуе пазбавіцца ад фармалізму і цяганіны ў працы чыноўнікаў. Між тым, на думку многіх віцебскіх актывістаў, менавіта гэткія наступствы і правакуе згаданае рашэнне Віцебскага гарвыканкаму № 881. Канкрэтны прыклад – гэта апошні досвед Яна Дзяржаўцава, які не змог атрымаць дазволу на мерапрыемствы, планаваныя на 7 лістапада мінулага года.

Згодна з патрабаваннямі  адпаведнага рашэння гарвыканкаму, Ян Дзяржаўцаў мусіў звярнуцца ў УКВП «Віцебская гарадская ЖКГ» па дамову  аб прыборцы тэрыторыі пасля правядзення масавага мерапрыемства. Аднак  атрымаў адмову за подпісам Вадзіма Ільінца, дзе той напісаў, што па заключэнне дамоваў трэба звяртацца ў іншыя арганізацыі – «Гардармост» і «Зелянгас». Але ні пра «Гардармост», ні пра «Зелянгас», якія насамрэч адказваюць за чысціню і парадак на вуліцах Віцебска,  у рашэнні гарвыканкаму  пра парадак арганізацыі масавых акцыі не сказана ні слова. І гэтая акалічнасць робіць рашэнне практычна невыканальным.

Ян Дзяржаўцаў мяркуе, што  рашэнне гарвыканкаму № 881 павінны выконваць не толькі грамадзяне, якія хочуць зладзіць масавае мерапрыемства, але і ўстановы, пералічаныя ў гэтым рашэнні. Таму неабходна ці то абавязаць іх да заключэння дамоваў, ці то ўдасканаліць само рашэнне гарвыканкаму, змест якога выклікае супярэчнасці.

Але суд Кастрычніцкага раёну не ўбачыў падставаў, каб пакараць намесніка гендырэктара УКВП «Віцебская гарадская ЖКГ» Вадзіма Ільінца за невыкананне адпаведнага рашэння гарадскіх уладаў. А перагледзець сваё рашэнне і ўнесці нейкую праўку адмаўляецца гарвыканкам: віцебскія актывісты неаднаразова звярталіся з такой прапановай, але ў адказах ім паведамлялі, што рашэнне зарэгістраванае ў Дзяржаўным рэестры прававых актаў, і ніякіх супярэчанняў у ім няма.

Праз гэта на працягу ўжо некалькіх год у Віцебску не было дазволена ніводнай акцыі паводле імінцыятывы мясцовых дэмакратычных актывістаў. Таму, на думку Я. Дзяржаўцава, парушаюцца правы грамадзян, гарантаваныя Канстытуцыяй і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international