Віцебскіх актывістаў аштрафавалі за салідарнасць з палітвязнямі

2013 2013-02-21T22:37:09+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/vicebsk-kishchuk-laurenau-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суддзя Кастрычніцкага райсуду Іна Грабоўская прысудзіла прыхільнікам стварэння БХД Станіславу Лаўрэнаву і Аляксею Кішчуку  па 30 базавых велічынь штрафу, прызнаўшы іх  вінаватымі ў правядзенні несанкцыянаванай акцыі. На факты парушэння правоў абодвух хлопцаў суддзя ўвагі не звярнула.

На судовым працэсе, які распачаўся 18 лютага  і завяршыўся  21 лютага, абодва актывісты сваёй віны не прызналі. Яны не абвяргалі таго, што 16 лютага выйшлі на вуліцу Леніна ў Віцебску з расцяжкай са словам "Свабоду!" і стэндам з партрэтамі палітвязняў. Але хлопцы спрабавалі давесці, што выказвалі свае ўласныя меркаванні, не перашкаджалі грамадскаму парадку, не спрабавалі звяртацца да мінакоў, спрабуючы прыцягнуць іхную ўвагу….

Між тым, супрацоўнікі міліцыі, якія прыехалі і затрымалі актывістаў праз пару хвілін пасля пачатку акцыі, паводзілі сябе не адпаведна заканадаўству.

"Мы папрасілі, каб супрацоўнікі міліцыі назвалі свае імены і паказалі дакументы. Нам адмовілі. Сказалі толькі, што яны прадстаўнікі дзяржаўных уладаў, і што ў пастарунку мы пра ўсё даведаемся. Але ў пастарунку размовы таксама не атрымалася. Супрацоўнік міліцыі даў мне нейкую кнігу, ткнуў пальцам у артыкул і сказаў чытаць. Потым спытаў, ці усё мне зразумела. А што я магу зразумець, калі ў мяне няма юрыдычнай адукацыі? Аказваецца, такім чынам мне вырашылі патлумачыць мае правы. У пратаколе я напісаў, што правы мне патлумачаны не былі,"—распавёў Станіслаў Лаўрэнаў.

Адвакат, які бараніў адразу абодвух  хлопцаў, звярнуў увагу суддзі на неадпаведнасць дадзеных у пратаколах і рапартах пра затрыманне актывістаў. Там быў пазначаны розны час затрымання і нават розныя месцы, дзе хлопцы стаялі з расцяжкай: у адным дакуменце было напісана "каля прыпынку "Плошча Свабоды", а ў другім – "каля прыпынку "Летні амфітэатр". Пратаколу пра тое, што ў Лаўрэнава і Кішчука забіраюць і расцяжку, і стэнд увогуле складзены не было, хаця гэтага патрабуе заканадаўства. Затое ў справе фігураваў дакумент пад назвай "Пратакол агляду месца правапарушэння". Паводле словаў адваката, падобныя агляды і пратаколы бываюць толькі ў выпадку крымінальнага злачынства…

Трое сведак-міліцыянтаў уцямна  патлумачыць гэтыя акалічнасці  не здолелі. І суддзя Грабоўская ўсе гэтыя факты парушэння заканадаўства пакінула без увагі, хаця раней суддзі часта практыкавалі наступнае: адсылалі дакументы ў міліцыю "на дапрацоўку", і разглядалі ў судзе пазней.

Як сказаў у сваім выступе Аляксей Кішчук, актывісты лічаць, што ў дачыненні да іх былі парушаныя артыкулы 19 і 20 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, а таксама шэраг палажэнняў  Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах:

"Мы выражалі сваё меркаванне. Бо лічым, што ў краіне не павінна быць палітвязняў. Мы не заміналі дарожнаму руху, не стваралі перашкодаў для мінакоў. Відавочна, што нас асудзілі за палітычныя погляды".

Хлопцы збіраюцца абскарджваць судовае рашэнне. Да таго ж скаргу на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі хоча напісаць і сведка Пётр Іваноў: ён бачыў, як падчас затрымання актывістаў міліцыянты стварылі небяспечную сітуацыю. Яны заехалі на сваёй машыне на ходнікі, дзе ходзяць мінакі, і гэты факт адлюстраваны нават у відэахроніцы міліцэйскага апэратара, якая дэманстравалася ў судзе.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international