Магілёў: зямля агульнага карыстання засталася за фермерам-дэпутатам

2013 2013-02-21T16:25:18+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sud6.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Учора, 20 лютага, суд Ленінскага раёна Магілёва спыніў вытворчасць па скарзе жыхара вёскі Нядашава-2 Магілёўскага раёна Зміцера Яўстратава, які, як і іншыя жыхары вёскі, хацеў аспрэчыць праз суд перадачу зямлі агульнага карыстання мясцоваму фермеру Юрыю Коршунаву. Вяскоўцы былі незадаволены тым, што цяпер яны засталіся без луга, дзе любілі адпачываць сем’ямі, акрамя таго праз распаханае поле доступ да вадаёма аказаўся немагчымым.

“Зямля была перададзена кіраўніку сялянска-фермерскай гаспадарцы “Пралесак” Юрыю Коршунаву са шматлікімі парушэннямі. Мы пісалі скаргі ў пракуратуру і выканкамы, адкуль атрымалі дакументы, якія гэта пацверджваюць. Было дысцыплінарна прыцягнута да адказнасці некалькі чыноўнікаў, аднак зямля так і засталася ў арэндзе ў мясцовага фермера”, - кажа Зміцер Яўстратаў.

Два гады назад фермер перапахаў луг і засеяў зямлю кукурузай. Апроч таго ён распахаў і існуючыя старажытныя курганы, якімі ўжо зацікавіўся археолаг Ігар Марзалюк.

“Суд вяла суддзя Тарасава. Яна адмовілася  задаволіць маё хадайніцтва аб тым, каб у суд былі выкліканы сведкі – жыхары вёскі Нядашава-2. Я тры разы заяўляў ёй адвод, аднак гэта не прынесла ніякага выніку. У сваім вызначэнні Тарасава пазначыла, што дзеючае зямельнае заканадаўства не прадугледжвае ўдзел грамадзян у абмеркаванні пытанняў пераводу зямель з адной катэгорыі і відаў у іншыя, калі пры гэтым не мяняецца іх мэтавае прызначэнне”, - гаворыць вясковец.

Апроч таго суддзя вызначыла, што Магілёўскім райвыканкамам прыняты рашэнні сыходзячы з дзяржаўных інтарэсаў і ў адпаведнасці з пратаколам даручэнняў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №12 ад 11 траўня 2010 года аб прыняцці дадатковых мер па інвентарызацыі сельскагаспадарчых зямель, прыцягненню ў гаспадарчае абарачэнне неэфектыўна выкарыстоўваючых зямельных надзелаў, у межах прадастаўленых паўнамоцтваў, што не закранае правы і законныя інтарэсы заяўніка і не падлягае судоваму абскарджванню.

Сам Зміцер Яўстратаў з такімі фармулёўкамі не згодзен і збіраецца абскарджваць іх у абласным суддзе.

“У Зямельным Кодэксе, як і ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, гаворыцца, што ўсе дзеянні ўлады адбываюцца галосна з улікам інтарэсаў простых грамадзян. Нас жа проста не заўважылі і ўлады зрабілі так, як ім выгадна. У вызначэнні гаворыцца пра тое, што да вадасховішча ідзе дзве дарогі, па якіх людзі могуць дабрацца, аднак гэта поўная хлусня. Адна дарога ідзе ўздоўж могілак і прыводзіць да ракі Шчацінка, дзе возера яшчэ няма, а другая дарога перапахваецца гэтым фермерам, таму доступа нам да вадаёма няма”, - гаворыць вясковец.

Трэба адзначыць, што фермер Юрый Коршунаў з’яўляецца двойчы дэпутатам Магілёўскага раённага і сельскага Савету дэпутатаў.  

 

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international