viasna on patreon

Журналістка з Брэста дамагаецца адмены папярэджання

2013 2013-02-21T14:42:47+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/litvinczuk1.jpg

Сябра ГА “БАЖ” Аліна Літвінчук накіравала скаргу Генеральнаму пракурору РБ Аляксандру Канюку наконт вынесенага ёй напрыканцы мінулага года афіцыйнага папярэджання аб недапушчальнасці парушэння закона.

Гэты дакумент быў падпісаны 18 снежня 2012 года намеснікам пракурора Брэсцкай вобласці Аляксандрам Точкам (уручылі паперу дзяўчыне значна пазней, ужо ў студзені 2013-га). У дакуменце сцвярджалася, што “па выніках вывучэння інфармацыі, якая змяшчаецца ў глабальнай камп'ютарнай сетцы Інтэрнэт”, Літвінчук нібыта парушыла парадак ажыццяўлення прафесійнай дзейнасці журналіста замежнага СМІ, працуючы без акрэдытацыі.

У сваёй скарзе Аліна Літвінчук паведамляе, што лічыць санкцыю неабгрунтаванай, незаконнай і падлягаючай адмене, бо прыведзеныя факты не адпавядаюць рэчаіснасці.

Сябра ГА “БАЖ” звяртае увагу, што ў абвешчаным афіцыйным папярэджанні пракурор няправільна зразумеў тэрмін "журналіст замежнага сродку масавай інфармацыі". Паводле п. 6 арт. 1 закона “Аб сродках масавай інфармацыі”

пад журналістам замежнага СМІ маецца на ўвазе фізічная асоба, звязаная з рэдакцыяй гэтага СМІ працоўнымі адносінамі, і таму патрабаванне аб акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ распаўсюджваецца толькі на іх штатных работнікаў, – падкрэслівае Літвінчук. Журналістка паведамляе пракурору, што не звязаная працоўнымі адносінамі з якім-небудзь замежным сродкам масавай інфармацыі, таму і ня можа лічыцца журналістам замежных СМІ.

Сябра ГА “БАЖ” таксама нагадвае, што права любога беларускага грамадзяніна, якi не знаходзiцца ў штаце рэдакцыі замежнага СМІ, збіраць і распаўсюджваць інфармацыю, рыхтаваць матэрыялы і прапаноўваць іх іншым СМІ (у тым ліку і замежным) не абмяжоўваецца Законам Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі”. Больш за тое, менавіта гэта права гарантавана кожнаму грамадзяніну РБ у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, а таксама арт. 19 Міжнароднага Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, ратыфікаванага Беларуссю, у адпаведнасці з якой “кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэта права ўключае права шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усялякага роду інфармацыю і ідэі незалежна ад дзяржаўных межаў вусна, пісьмова ці праз друку альбо мастацкіх формаў выказваньня, ці іншымі спосабамі па свайму выбару“.

На падставе гэтых высноваў Аліна Літвінчук лічыць, што вынесенае ёй пракуратурай Брэсцкай вобласці афіцыйнае папярэджанне з'яўляецца парушэннем грамадзянскіх правоў і свабодаў, а таму просіць яго адмяніць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства