viasna on patreon

Флэш-моб Геніка Лойкі ў Дзень роднай мовы скончыўся судом і арыштам на 5 сутак (дадаецца, фота)

2013 2013-02-21T18:02:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/lojka-akcia3.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Акцыя Геніка Лойкі каля гімназіі №4

Акцыя Геніка Лойкі каля гімназіі №4

У Міжнародны дзень абароны роднай мовы, 21 лютага, вядомы скульптар Генік Лойка зладзіў флэш-моб на ганках “беларускай” гімназіі №4 ў Менску.  Двукоссі тут зусім невыпадковыя.

Перад самым пачаткам заняткаў у гімназіі, каля 8 гадзін раніцы, Генік Лойка разгарнуў расцяжку з надпісам “ Віншуем з Міжнародным днём абароны роднай мовы. Гімназія №4 была апошняй беларускамоўнай школы”.

Мінская гімназія №4, як і гімназія №23, афіцыйна лічацца беларускамоўнымі. На практыцы гэта далёка ад ісціны. Настаўнікі вельмі слаба валодаюць роднай мовай, а па-за ўрокамі размаўляюць па расейску. А у Статуце гімназіі, у якой, дарэчы, навучаюцца і дзеці Геніка Лойкі, у  раздзеле 3.2 пазначана «асноўнымі мовамі навучаньня зьяўляюцца беларуская і расейская мовы». Дык пра якую беларускую мову можа тады йсці гаворка! 

Настаўнікі гімназіі, якія назіралі за акцыяй, былі вельмі разгубленыя, увесь час тэлефанавалі кіраўніцтву школы, у міліцыю, супрацоўнікі якой у вялікай колькасці якраз і сачылі за акцыяй.
Намесніца дырэктара гімназіі №4 па выхаваўчай працы Алена Мікалайчык запатрабавала ад Лойкі, каб ён спыніў акцыю, назвала яе несанкцыянаванай.

Прыкладна а палове дзевятай раніцы, калі Лойка вяртаўся пасьля акцыі дадому, каля бліжэйшага гастраному, на яго накінулася некалькі супрацоўнікаў міліцыі і з прымяненнем грубай сілы ўвапхнулі ў аўтамабіль. Пра гэта "Вясне" паведаміла  Валянціна Лойка, якой Генік паспеў перадаць свой тэлефон. Верагодна, Генік Лойка зараз у Фрунзенскім РУУСе.

***

10.20  Жонцы затрыманага супрацоўнікамі міліцыі ў чорным мастака Гэніка Лойкі ў Фрунзэнскім РУУС Менску не змаглі паведаміць, дзе знаходзіцца яе муж. Алена Лойка распавяла «Свабодзе», пабываўшы ва ўправе міліцыі: «Калі яго прывязуць невядома, каардынаты таварышаў, якія займаліся гэтым захопам таксама невядомыя, сказалі толькі, што яго магчыма даставілі ў адзьдзел міліцыі па вуліцы Прытыцкага,108 і далі тэлефон». Аднак і ў гэтым пастарунку паведамілі, што Гэніка Лойкі ў іх няма.
«Дзе ён зараз знаходзіцца ўжо трэцюю гадзіну, невядома. Я зараз пайду да начальніка міліцыі Фрунзэнскага раёну і напішу заяву, што зьнік мой муж».

11.15 Прэсавы сакратар ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандар Ластоўскі ня змог патлумачыць Свабодзе, дзе цяпер трэба шукаць затрыманага міліцыяй мастака Гэніка Лойку: «Я таксама ня ведаю, дзе ён. Мяне не інфармуюць. Нічым вам дапамагчы не магу». (Радыё Свабода)

11-50. Суд адбудзецца сёння  ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску на вуліцы Дуніна-Марцінкевіча,1/2 . Толькі праз паўтары гадзіны пошукаў арыштаванага мастака Гэніка Лойкі ва ўправе міліцыі Фрунзэнскага раёну Менску ягоная жонка змагла даведацца, дзе ўтрымліваюць яе мужа. Ён знаходзіўся ў гэтым жа будынку, але дзяжурны і іншыя міліцыянты нічога не маглі сказаць Алене.

14-40. У суд прывезлі Геніка Лойку. Судзіць Лойку будзе Людміла Лапо. Адвакат знаёміцца з матэрыяламі адміністратыўнай справы.

Суддзя Людміла Лапо не задаволіла просьбу Лойкі на перакладчыка. А калі адвакатка спрабавала сама перакладаць, забараніла і ёй гэта рабіць — патрабавала гаварыць па-расійску.

Па словах сястры Лойкі, Валянціны, на судзе сведчыў не той чалавек, які непасрэдна затрымліваў брата раніцай, паведамляе “Наша ніва”.

16-40. Суддзя апытвае сведкаў. Гэта супрацоўнікі міліцыі, якія затрымлівалі Лойку.

Пасля допыту сведкаў адвакат заявіла, што жадае апытаць аднаго з іх. Суддзя ўдакладніла: “Вы будзеце рабіць гэта на беларускай мове?” Калі адвакат падцвердзіла гэта – суддзя забараніла ёй апытанне. Адвод адваката ў сувязі з дыскрымінацыяй беларускай мовы суддзя таксама адхіліла. На словы адваката аб тым, што ў дарадчы пакой па адміністратыўных справах суддзя не мусіць выходзіць, Лаппо ўнесла ў пратакол заўвагу адвакату.

 

17-50. Геніка Лойку абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве (арт.23.34 КаАП РБ) і пакаралі арыштам на 5 сутак.

Міжнародны дзень роднай мовы быў абвешчаны на 30-й сесіі ЮНЕСКА на прапанову Бангладэш (1999). Мае на мэце заахвочванне лінгвістычнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, а таксама спрыянне ўсведамленню моўных і культурных традыцый, якія грунтуюцца на ўзаемаразуменні, талерантнасці і дыялогу. Дзень святкавання — 21 лютага — быў абраны таму, што ў гэты дзень у 1952 г. загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бангла статуса дзяржаўнай у тагачасным Пакістане, усходняя частка якога пазней стала незалежнай дзяржавай Бангладэш.

 

Акцыя Геніка Лойкі каля гімназіі №4

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства