viasna on patreon

Намеснік старшыні Вярхоўнага суда: здымаць да працэсу ў судзе можна!

2013 2013-02-19T12:18:09+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Пра гэта заявіў на прэс-канферэнцыі 19 лютага намеснік старшыні Вярхоўнага суда Валер Калінковіч, адказваючы на пытанне журналіста інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.

Паводле старшыні судовай калегіі па крымінальных справах, права на фота- і відэаздымку не залежыць і ад статусу той ці іншай крымінальнай, грамадскай ці адміністратыўнай справы. Таксама Валер Калінковіч падкрэсліў, што права хадайнічаць пра спыненне здымкаў у часе самога судовага працэсу па-ранейшаму належыць усім удзельнікам разбіральніцтва.

Апроч гэтага, суд можа самастойна прыняць рашэнне пра правядзенне працэсу ў закрытым рэжыме ў сувязі з сакрэтнасцю матэрыялаў справы, наяўнасцю ў іх асабістай інфармацыі, а таксама з мэтай абароны ўдзельнікаў працэсу.

Разам з тым, Валер Калінковіч нагадаў журналістам пра іх абавязак шматбакова і дакладна падаваць акалічнасці таго ці іншага здарэння. Па словах чыноўніка, апошнім часам распаўсюджанай практыкай у СМІ стала загадзя аднабаковая падача матэрыялаў справы, нежаданне журналістаў прадставіць чытачу, гледачу альбо слухачу альтэрнатыўнае меркаванне адносна таго ці іншага выпадку.

Намеснік старшыні Вярхоўнага суда падкрэсліў, што нярэдка загадзя абвінавачаны сродкамі масавай інфармацыі чалавек у выніку судовага разбіральніцтва прызнаецца добрасумленным грамадзянінам. Па словах Валера Калінковіча, у такіх выпадках журналістам не варта наракаць на магчымыя зыскі ў іх адрас адносна абароны гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. “У нас “падсуднага” няма. У нас ёсць чалавек “абвінавачаны”, і ён перабывае ў статусе “абвіначанага” аж да ўступлення прысуду ў законную сілу, пасля чаго гэтага чалавека правільна называць “асуджаны”. А пра “падсуднага” забудзьце, калі ласка, ў нас такога тэрміну няма ўжо 12 год.”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства