Міліцыя разбіраецца з публікацыяй былога дэпутата Бялыніцкага райсавета

2013 2013-02-19T11:10:37+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/supracounik_milicyji.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Вечарам 16-га лютага ў хату былога дэпутата Бялыніцкага райсавета Валерыя Усіка завітаў супрацоўнік міліцыі. У выхадны дзень участковы інспектар, старэйшы лейтэнант міліцыі Сяргей Мікалаевіч Карыткін спрабаваў даведацца ў былога дэпутата, адкуль ён узяў інфармацыю аб шматлікіх парушэннях у працы СВК “Лебедзянка” і ўзяць на гэты конт пісьмовыя тлумачэнні.

Валерый Усік апублікаваў адкрыты ліст “Што змянілася за апошнія некалькі год у СВК “Лебедзянка?”, у якім распавядалася пра шматлікія факты парушэнняў у працы і злоўжываннях з боку адміністрацыі гэтага сельгаспрадпрыемства, у газеце “Магілёўскі Выбар” і на інтэрнэт-сайце кампаніі “Гавары праўду”. Па словах Валерыя Дзямідавіча, ён зрабіў гэта пасля неаднаразовых зваротаў у разнастайныя дзяржаўныя інстанцыі з просьбай ажыццявіць праверку дзейнасці СВК “Лебедзянка”, аднак мясцовыя ўлады на гэтыя звароты ніяк не адрэагавалі, дасылалі разнастайныя адпіскі. У сваім звароце ён заклікаў улады праверыць выкладзеныя факты і прыняць меры для выпраўлення сітуацыі.

Высветлілася, што замест таго, каб зрабіць гэта, бялыніцкія ўлады паспрабавалі націснуць на былога дэпутата Бялыніцкага райсавета з дапамогай міліцыі.

Як патлумачыў старэйшы лейтэнант Сяргей Карыткін, падставай для візіта ў вячэрні час у выхадны дзень у дом да Валерыя Усіка паслужыла правядзенне апытання для праверкі заявы аб наяўнасці паклёпу ў  звароце былога дэпутата. Па словах участковага інспектара, адпаведную заяву ў Бялыніцкі РАУС падаў старшыня СВК “Лебедзянка” Пётр Бялоў.

“Супрацоўнік міліцыі вёў сябе карэктна, на яго я крыўды не маю, бо ён выконваў сваю працу, - распавядае Валерый Усік. – Мяне крыўдзіць іншае – прайшло больш за два тыдні з дня публікацыі майго звароту ў газеце “Магілёўскі Выбар”, я паклапаўціўся пра тое, каб чыноўнікі яго прачыталі, аднак бялыніцкія ўлады нават не арганізавалі ў СВК “Лебедзянка” рэвізію з маім удзелам і ўдзелам незалежнага бухгалтара. Здавалася, што можа быць прасцей - правер выкладзеныя факты і адразу будзе бачна, хто “клевещет”, а хто кажа праўду. Аднак мясцовыя ўлады рэвізію праводзіць не збіраюцца, чамусьці цягнуць час, спасылаючыся на тое, што раней былі нейкія праверкі. Але якія гэта былі праверкі, смеху варта, - прыедуць чыноўнікі, паглядзяць фіктыўныя акты спісання, не пагавораць ні з адным простым супрацоўнікам і з’едуць, па паперках усё нармальна. Дарэчы, я якраз і параіў супрацоўніку міліцыі паразмаўляць з тымі ж даяркамі, каб ён мог сам даведацца, які яны атрымліваюць сапраўдны заробак і як у СВК “Лебедзянка” прыкрываюць падзёж жывёлы.

Што казаць, у мінулым годзе ў сельгаскаператыве нават не правялі справаздачны сход, як патрабуе заканадаўства, а гэта ж грубае парушэнне.

Ціснуць на мяне не мае сэнсу. На мінулым тыдні я ездзіў у Магілёў, хацеў патрапіць на прыём да старшыні аблвыканкама Пятра Рудніка, перадаць яму свой зварот, аднак у яго быў непрыёмны дзень. Я зарэгістраваў зварот у аддзеле па зваротах грамадзян аблвыканкама, там паабяцалі яго разгледзець у абавязковым парадку. Пакуль чакаю, ці будзе з гэтага хоць нейкі плён”, - кажа Валерый Усік.

Бялыніцкі журналіст Барыс Вырвіч кажа, што ў СВК “Лебедзянка” сапраўды існуе шмат праблем.

“Мне сумна, што нашы раённыя ўлады, замест таго, каб праверыць выкладзеныя ў звароце Валерыя Усіка факты аб злоўжываннях у СВК “Лебедзянка”, пачалі праз міліцыю ціснуць на былога дэпутата. Між тым Валерый Дзямідавіч – чалавек у Бялыніцкім раёне паважаны, ён шмат гадоў да выхаду на пенсію адпрацаваў у тым жа СВК “Лебедзянка” галоўным ветэрынарным урачом, добра ведае сітуацыю ў гаспадарцы. А яна сапраўды жадае лепшага, і гэта яшчэ мякка сказана. Каб не быць абвінавачаны ў перадузятасці, прывяду, для прыкладу, некалькі слоў з артыкула, змешчанага ў апошнім нумары самай што ні на ёсць “чэснай” раённай газеты “Зара над Друццю” (№13 ад 16 лютага 2013 года): “Не на адну галаву не павялічылі дойныя статкі ў СВК …”Лебедзянка”. Невыпадкова заданне першага месяца года па вытворчасці малака недаравальна правалена. Якасць прадукцыі і яе таварнасць таксама пакідаюць жадаць лепшага… Затое графік расцёлаў у СВК “Лебедзянка” і ААТ “Бялыніцкае райаграпрамтэхзабеспячэнне” недапушчальна змясціўся, таму ў студзені прыплод склаў адпаведна ўсяго 54 і 69 працэнтаў. Менавіта гэтыя гаспадаркі цяпер і не дабіраюць значную колькасць прадукцыі”.

Думаю, для раённых уладаў будзе лепшым выхадам усё ж праверыць выкладзеныя ў звароце Валерыя Усіка факты (дарэчы, якраз гэтага і патрабуе беларускае заканадаўства), а не спрабаваць ціснуць нейкім чынам праз супрацоўнікаў праваахоўных органаў”, - выказаў меркаванне Барыс Вырвіч.

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international