Да Статкевіча падсажвалі чалавека, які зьбіваў вязьняў

2013 2013-02-17T09:39:48+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

16 лютага Марына Адамовіч атрымала ад Мікалая Статкевіча чарговы ліст з магілёўскай турмы. Жонка палітыка працытавала карэспандэнту Свабоды кавалак ліста, які тычыцца чарговай, як яна мяркуе, правакацыі супраць палітвязьня.

 «Першага чысла, як я зразумела, яму паспрабавалі падсадзіць новага суседа, які сам былы супрацоўнік міліцыі. І на яго там шмат скаргаў ад іншых сукамэрнікаў, што ён іх зьбіваў. «Але чалавек той тут доўга не затрымаўся, хутка разабраўся ў сытуацыі, папрасіў прабачэньня за памылку і стаў прасіцца выйсьці». А самы ключавы сказ, які сапраўды мяне напружыў, гэта вось такі: «Я не пісаў бы табе пра гэты выпадак, бо я ж не пра ўсе такія выпадкі паведамляю. Але мне тут ужо сказалі, што паводле гэтага выпадку, як начальнік выйдзе з адпачынку, будуць разьбіральніцтвы. Калі мяне прызнаюць вінаватым ва „ўціску“ яшчэ і на гэтага чалавека, то з улікам яго памераў і спэцпадрыхтоўкі, я, мабыць, ужо монстар нейкі».

Марына Адамовіч нагадала, што раней да Мікалая Статкевіча ў камэру падсажвалі вязьня, зь якім узьнік канфлікт, і гэта адбілася на становішчы Статкевіча. Марына Адамовіч не выключае новых правакацый супраць яе мужа з-за таго, што ён адмаўляецца падпісваць прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі.

«Пра сябе Мікола напісаў, што пачуваецца добра. Цяпер яму шмат ідзе лістоў, ў тым ліку адказаў на ягоныя лісты. Даслала адказ Ірына Халіп, якая паведаміла, што толькі зараз атрымала ад яго віншаваньне з Новым годам, датаванае яшчэ 23 сьнежня».

Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня за арганізацыю мітынгу пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Палітык абывае пакараньне ў магілёўскай турме, куды быў зьмешчаны як злосны парушальнік рэжыму.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international