Пракуратура г. Менску не задаволіла хадайніцтва Ірыны Красоўскай аб адхіленьні сьледчага Сяргея Кухаронка ад расьсьледаваньня справы зьніклых Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.

2003 2003-08-07T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ірына Красоўская і яе прадстаўнік Гары Паганяйла патрабавалі адхіліць сьледчага Сяргея Кухаронка, паколькі палічылі яго несамастойным ў вядзеньні сьледзтва.

У сваім хадайніцтве Ірына Красоўская і Гары Паганяйла пазначылі, што Сяргей Кухаронак адмовіўся далучыць да матэрыялаў справы шэраг істотных дакумэнтаў, якія могуць праліць сьвятло на зьнікненьне Ганчара і Красоўскага.

Аднак пракуратура з аргумэнтамі Ірыны Красоўскай і яе прадстаўніка Гары Паганяйлы не пагадзілася. У лісьце пракурора Менску Мікалая Куліка, які 6 жніўня атрымала Ірына Красоўская, сьцьвярджаецца, што падставаў для адхіленьня сьледчага Сяргея Кухаронка ня знойдзена. Што да дакумэнтаў, якія патрабавалі далучыць Ірына Красоўская і Гары Паганяйла, то яны абвешчаныя не цікавымі для новага расьсьледаваньня.

Нагадаем, сярод іншага жонка зьніклага бізнэсоўца прасіла сьледчага прыняць у матэрыялы справы копію загаду былога старшыні КГБ Мацкевіча аб затрыманьні камандзіра атраду асобага прызначэньня Паўлічэнкі, які падазраваўся ў арганізацыі зьнікненьня Ганчара і Красоўскага. Як вядома, Паўлічэнку сапраўды затрымлівалі і ён нібыта пачаў даваць паказаньні па справе, але потым дзякуючы ўмяшальніцтву Аляксандра Лукашэнкі быў адпушчаны на волю.

Пра гэта прэзыдэнт Беларусі сам публічна распавядаў пры канцы 2000 году. З таго часу матывы і абставіны затрыманьня Паўлічэнкі сьледчыя пракуратуры замоўчваюць. Іх не вывучалі былыя сьледчыя гэтай справы Новікаў і Чумачэнка, не жадае вывучаць і новы сьледчы Сяргей Кухаронак. Ён сьцьвярджае, што гэтыя падзеі нічога новага не дадуць сьледзтву.

Ірына Красоўская лічыць рашэньне пракуратуры Менску не мяняць сьледчага сьведчаньнем пэўнага стаўленьня да справы Ганчара і Красоўскага ў беларускім кіраўніцтве.

Тым ня менш, спадарыня Красоўская мае намер абскардзіць рашэньне гарадзкой пракуратуры. Ірына Красоўская кажа, што будзе рабіць гэта дзеля таго, каб потым падаць у эўрапейскі суд доказы нежаданьня беларускіх уладаў расьсьледаваць справы аб выкраданьні яе мужа і іншых зьніклых апазыцыянэраў.
Паводле Радыё Свабода.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international