Маці Андрэя Гайдукова: Мы так і не можам зразумець, што насамрэч адбываецца вакол сына

2013 2013-02-08T09:46:08+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/anrey-gajdukou.jpg
Андрэй Гайдукоў

Андрэй Гайдукоў

Маці абвінавачанага ў здрадзе дзяржаве Андрэя Гайдукова Вольга паведаміла, што сувязь з сынам яна можа падтрымліваць толькі праз лісты.

«Гісторыя вакол сына працягвае заставацца для нас дзіўнай і незразумелай. Спатканне з ім мне не дазволілі, тэлефанаванняў ад яго не было. Ёсць толькі магчымасць пісаць лісты», — сказала Вольга Гайдукова 7 лютага на пасяджэнні круглага стала ў Мінску.

Дваццацітрохгадовы намеснік старшыні Саюза маладых інтэлектуалаў Андрэй Гайдукоў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ у Віцебску 8 лістапада «ў момант закладкі тайніка са звесткамі, якія цікавыя замежным спецслужбам». На падставе артыкула 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці) яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўлення волі.

11 лістапада Гайдукоў быў пераведзены з Віцебска ў СІЗА КДБ у Мінску, 29 лістапада — назад у абласны цэнтр, а 22 снежня — зноў у сталіцу. Паводле словаў сваякоў, спачатку яго ўтрымлівалі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага, а 27 снежня даставілі ў следчы ізалятар КДБ.

«Мы так і не можам зразумець, што насамрэч адбываецца вакол сына. Так, мы ведалі, што ў яго апазіцыйныя погляды, што яго дзейнасць не падабалася ўладам. Але прычым тут сувязь з ЦРУ? Андрэй сам заўсёды казаў, што нічога супрацьзаконнага не робіць. Для яго развіццё падзей было як снег на галаву. Гэта бачна з яго лістоў», — паведаміла Вольга Гайдукова.

Яна таксама зазначыла, што ў сваіх лістах яе сын просіць не перажываць за яго.

Лідар незарэгістраванага аб’яднання «Саюз маладых інтэлектуалаў» Яўген Канстанцінаў паведаміў, што незадаволенасць уладаў магла выклікаць дзейнасць Гайдукова па падрыхтоўцы дакументаў да афіцыйнай рэгістрацыі арганізацыі. «Мы бачылі „Саюз маладых інтэлектуалаў“ у якасці міжнароднай арганізацыі. Андрэй непасрэдна займаўся пытаннямі, звязанымі з рэгістрацыяй. Калі б яго не арыштавалі, праз два тыдні мы б ужо змаглі падаць дакументы на рэгістрацыю», — сказаў ён.

Каардынатар грамадзянскай ініцыятывы «За волю» Ганна Шапуцька лічыць абвінавачанне Гайдукова абсурдным. «Спачатку я задумвалася, можа, улады пакажуць дакументы, што ў нас у краіне сапраўды дзейнічаюць нейкія шпіёны. Але прайшлі ўжо тры месяцы з моманту арышту, усё, што адбываецца, стала падобным на фарс, на чарговыя дзеянні ўладаў супраць грамадскіх і апазіцыйных актывістаў. Андрэя Гайдукова можна лічыць палітзняволеным», — сказала яна.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international