Праблему Курапатаў абмеркавалі з міністрам культуры

2013 2013-02-07T12:10:27+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

6 лютага на сустрэчы з міністрам культуры Барысам Святловым прадстаўнікі грамадскасці абмеркавалі сітуацыю вакол Курапатаў.

У сустрэчы таксама ўдзельнічалі каардынатар грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу "Курапаты" Ганна Шапуцька, а таксама сябра ініцыятывы і міжнароднага гісторыка-асветнага, добрачыннага і праваабарончага таварыства “Мемарыял" Уладзімір Раманоўскі.

Прадстаўнікі грамадскасці падкрэслілі, што лічаць несумяшчальным знаходжанне побач такіх розных па свайму прызначэнню аб’ектаў, як рэстаранна-забаўляльны комплекс “Бульбаш-хол" і Курапаты, а таксама заявілі, што любыя праекты мемарыялізацыі Курапатаў і забудовы прылеглай да ўрочышча тэрыторыі павінны ўзгадняцца з грамадскасцю.

Падчас сустрэчы ўзнімалася пытанне пра тое, што сябры ініцыятывы не валодаюць поўнай інфармацыяй пра распрацоўку праекту дэталёвага плану тэрыторыі, якая адносіцца да Курапатаў, у тым ліку наконт актуальных, па вызначэнню чыноўнікаў, межаў помніка і ягоных зонаў — ахоўнай і рэгулюемай забудовы.

Прагучалі прапановы грамадскасці ўключыць у працоўную групу па падрыхтоўцы праекту прадстаўнікоў ініцыятывы, альбо ўлічыць яе пазіцыю аб захаванні дзеючых межаў ахоўных зонаў у Курапатах згодна адпаведнай схемы, зацверджанай пастановай Міністэрства культуры ад 12 мая 2004 году; спрыяць арганізацыі грамадскага абмеркавання распрацаванага праекту з увядзеннем у склад адмысловай камісіі прадстаўнікоў ініцыятывы з іх своечасовым інфармаваннем пра рэгламент правядзення грамадскага абмеркавання, а таксама падтрымаць пазіцыю ініцыятывы аб неабходнасці пераносу “Бульбаш-холу" ў іншае месца.

Начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі паведаміў, што Мінскі райвыканкам даручыў распрацоўку праекту дэталёвага плану тэрыторыі вакол Курапатаў забудоўшчыку “Бульбаш-холу" СТАА “БелРэст Інвест", “каторы па гэтаму пытанню да нас пакуль не звяртаўся". “Але я папярэдзіў распрацоўшчыкаў праекту, што ён павінен быць зацверджаны Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радай па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры", — сказаў Чарняўскі.

Міністр Святлоў даручыў накіраваць у Мінскі аблвыканкам ліст пра абавязковую экспертызу праекту ў Міністэрстве культуры.

Падчас сустрэчы ўзнімаліся і іншыя пытанні: да гэтай пары не выканананы ні адно палажэнне пастановы Савета міністраў БССР ад 18 студзеня 1989 года па ўвекавечванню памяці ахвяраў масавых рэпрэсій 1937–1941 гадоў у Курапатах (гаворка ідзе пра правядзенне адкрытага конкурсу на праект помніка, яго ўсталяванне і добраўпарадкаванне ляснога масіву, пра ўсебаковае вывучэнне прычын і наступстваў масавых рэпрэсій, а таксама пра падрыхтоўку спецыяльнага энцыклапедычнага выдання з мэтай увекавечвання памяці ахвяраў рэпрэсій); народны мемарыял патрабуе больш пільнай увагі з боку грамадства і дзяржавы, бо на тэрыторыі ўрочышча адбыліся шматлікія акты вандалізму, а таксама пра неабходнасць папулярызацыі ў грамадстве тэмы масавых рэпрэсій перыяду сталінізму.

Міністр даручыў падрыхтаваць ліст да Мінскага раённага ўпраўлення ўнутраных спраў з прапановай, каб Курапаты былі ўключаны ў маршрут патрульна-паставой службы.

Нагадаем, што на 13 лютага прызначана сустрэча прадстаўнікоў грамадскай ініцыятывы “За ўратаванне мемарыялу “Курапаты" з намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандрам Юшкевічам па сітуацыі з будаўніцтвам каля ўрочышча рэстаранна-забаўляльнага комплексу “Бульбаш-хол".

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international