viasna on patreon

Шклоўскі раён -- рассаднік карупцыі?

2013 2013-02-05T10:57:51+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/chyny.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У студзені бягучага года ў Шклове выяўлена чарговае карупцыйнае злачынства. Супрацоўнікі мясцовага РАУС узбудзілі цэлы шэраг крымінальных спраў у адносінах урача Шклоўскай ЦРБ па фактах атрымання хабару за выдачу фіктыўных лістоў непрацаздольнасці. Неабходна адзначыць, што апошнім часам крымінальныя справы па злачынствах карупцыйнай накіраванасці ў Шклоўскім раёне ўзбуджаюцца пастаянна.

Па неафіцыйнай інфармацыі, працягваюцца праверкі дзейнасці РПУП “Шклоўскі завод газетнай паперы”, дзе супрацоўнікамі праваахоўных органаў былі выяўлены крадзяжы. На прэс-канферэнцыі ў Магілёве ў студзені гэтага года начальнік УУС Магілёўскага аблвыканкама Фёдар Балейка паведаміў, што па фактах крадзяжоў на РПУП “Завод газетнай паперы” рыхтуецца к узбуджэнню крымінальная справа.

Сярод жыхароў Шклова ідуць пастаянныя размовы пра тое, што факты нямэтавага выкарыстання грашовых сродкаў мелі месца і пры правядзенні рэканструкцыі папяровай фабрыкі “Спартак” у Шклове. Зараз на гэтым прадпрыемстве таксама праводзяцца праверкі супрацоўнікамі розных кантралюючых органаў. Шклаўчане кажуць, што будуць вельмі здзіўлены, калі па выніках гэтых праверак не з’явіцца яшчэ адна гучная карупцыйная справа.

Жыхар Шклова, вядомы беларускі палітык і грамадскі дзеяч Рыгор Кастусёў нават напісаў адкрыты ліст свайму земляку, якога ён ведае асабіста, кіраўніку краіны Аляксандру Лукашэнку. У гэтым лісце Рыгор Кастусёў распавёў пра негатыўныя з’явы, якія адбываюцца на працягу шэрагу гадоў у Шклоўскім раёне.

“Я напісаў да Аляксандра Лукашэнкі адкрыты ліст, які быў надрукаваны ў газеце “Магілёўскі Выбар” і змешчаны на інтэрнэт-сайце Naviny.by, дзе распавёў пра негатыўныя з’явы, што адбываюцца ў Шклоўскім раёне,  - кажа Рыгор Кастусёў. – Такое ўражанне, што Шклоўшчыну проста ахапіла нейкая хваля карупцыйных злачынстваў. Прывяду толькі адзін прыклад – з часу з майго звальнення па палітычных матывах з пасады дырэктара Шклоўскага раённага ЖКГ прайшло адзінаццаць гадоў. За гэты час на пасадзе кіраўніка Шклоўскай ЖКГ працавалі чатыры чалавекі, усе яны былі звольненыя па прычыне злоўжывання службовым становішчам. Двое з іх ужо адседзілі пэўныя турэмныя тэрміны,апошні дырэктар зараз знаходзіцца пад следствам, узбуджана крымінальная справа. І самае цікавае, што тыя, хто адседзеў, ужо зноўку прэтэндуюць на пасаду кіраўнікоў. Проста нейкі рассаднік карупцыі атрымліваецца, пра якую працу па падбору кіруючых кадраў у Шклоўскім раёне можна весці размову”.

Выдавец маланакладнай газеты “Шклоў-інфо”, кандыдат эканамічных навук Пётр Мігурскі, які пастаянна пражывае ў вёсцы Дабрэйка Шклоўскага раёна, кажа, што яго вельмі хвалюе адсутнасць усялякай галоснасці аб расследванні гучных крымінальных спраў карупцыйнай накіраванасці ў Шклоўскім раёне.

“Яшчэ ў 2010 годзе шклоўскія сельгаспрадпрыемствы пералічылі  16,7 мільярды беларускіх рублёў, што па таму часу складала каля 4,2 мільёнаў еўра, камерцыйнай фірме на закупку якаснай племянной жывёлы за мяжой, - распавядае Пётр Мігурскі. – Прычым грошы на закупку былі выдзелены з бюджэта. У выніку грошы зніклі ў невядомым кірунку, племянныя цялушкі ў Шклоўскім раёне так і не з’явіліся. Амаль два гады следства не можа вызначыць, дзе ж прапалі грошы, і хто ў гэтым вінаваты. Між тым чуткі сярод жыхароў Шклоўшчыны ходзяць самыя розныя, у якасці вінаватых называюць буйных шклоўскіх чыноўнікаў і ўсё гэта з адсутнасці хоць якой галоснасці аб хадзе расследвання гэтай крымінальнай справы.

Няма ніякай інфармацыі пра другую гучную крымінальную справу, звязаную з гандлем  калійнымі ўгнаеннямі, якая расследвалася ў мінулым годзе. Угнаенні з Шклоўскага раёна прадаваліся ў Расію, адгрузка вялася з тэрыторыі знакамітай гаспадаркі, быў затрыманы дырэктар камерцыйнай фірмы з буйной сумай грошай у замежнай валюце. Зноў жа, па неафіцыйнай інфармацыі, у калійнай аферы былі замяшаныя шклоўскія чыноўнікі, аднак ніякай інфармацыі з боку праваахоўных органаў няма. Дарэчы, як і аб выніках праверак на РПУП “Завод газетнай паперы” папяровай фабрыцы “Спартак”, а працуючыя на гэтых прадпрыемствах людзі кажуць пра факты вялікіх парушэнняў, якія там адбываюцца”.

Застаецца нагадаць, што менавіта Шклоўскі раён з’яўляецца кузняй кіруючых кадраў у нашай краіне. Многія высокія чыноўнікі атрымалі свае цяперашнія пасады пасля  працы на Шклоўшчыне…

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства