Алесь Бяляцкі: “Гэтыя словы - не толькі для мяне аднаго”

2013 2013-02-01T09:21:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/bialiacki-syd2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі на судзе. Фота Еўрарадыё

Алесь Бяляцкі на судзе. Фота Еўрарадыё

Зьняволенаму кіраўніку “Вясны” Алесю Бяляцкаму ў бабруйскую калонію працягваюць ісьці лісты і паштоўкі з усяго сьвету. Хоць спаў святочны ажыятаж, у некаторыя дні палітвязень атрымлівае каля ста карэспандэнцыяў. Геаграфія людской салідарнасьці па-ранейшаму шырокая – Польшча, Галандыя, Нямеччына, Швецыя, Швейцарыя, Бельгія, Люксембург, Аўстрыя, Чэхія, Ісландыя, ЗША, Ірландыя, Канада, Японія, Кенія…   

Адныя з адрасантаў у сваіх паштоўках старанна выводзяць беларускамоўнае “Алесь, я думаю пра цябе, я жадаю табе дабра!”, прапанаванае Amnesty International у межах кампаніі салідарнасьці. Другія дублююць гэтыя словы на сваёй роднай мове. І заўсёды ёсьць тыя, хто хоча сказаць Алесю штосьці большае, падзяліцца асабістым бачаньнем ягонай сітуацыі альбо падбадзёрыць палітвязьня, падтрымаць у ім надзею на хуткае вызваленьне.   

“Холі з Эдзінбургу (Канада) напісала, што траціна спраў, якімі займаецца Amnesty International, сканчваецца пазітыўна. Вось я задумаўся: а мая справа належыць гэтай шчасьлівай траціне ці нешчасьлівым двум трацінам? Ня ведаю, час пакажа”, - дзеліцца Алесь сваімі разважаньнямі і працягвае шукаць крыніцаў аптымізму ў іншых допісах. “Прыйшла паштоўка з Кеніі ад суродзічаў, ды яшчэ і добра знаёмых мне маладых хлапцоў. Аднаго зь іх я ўвогуле памятаю яшчэ трохгадовым. … Адрас хлопцы напісалі на ўсялякі выпадак так: EUROPE, BELARUS. Для Афрыкі, можа, гэта было і ня лішнім. А атрымалася неяк сімвалічна. Беларусь у Еўропе. Толькі нам самім трэба ўсьвядоміць гэта і зразумець”.

“Я багата ведаю пра Вашую сітуацыю. Некалькі дзён таму я арганізоўвала “Беларускія дні” ва ўніверсітэце ў Лодзі. Мы, студэнты, дыскутавлі пра Вас і Вашую барацьбу за правы чалавека… Я думаю пра Вас, я кажу пра Вас і я малюся за Вас … Калі ласка, будзьце моцнымі!” - Алесь цытуе ліст студэнткі Марты з польскага гораду Згеж. І далей прызнаецца: “Скажу шчыра, я адчуваю сябе не зусім ёмка, чытаючы такія лісты. Увесь час мне здаецца, што гэта – не да мяне і не пра мяне. І, працытаваўшы іх для вас, я адчуваю палёгку. Я мяркую, я нават перакананы, што цяпер гэтыя словы гучаць ужо не толькі для мяне аднаго”.

Алесь Бяляцкі неаднаразова ў сваіх лістах з няволі падкрэсьліваў, што ўсе словы салідарнасьці, якія ён атрымлівае з замежжа, - гэта словы падтрымкі ўсім беларусам.     

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international