ПАСЕ асудзіла сітуацыю са свабодай СМІ ў Беларусі

2013 2013-01-31T16:45:56+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Тым часам рэйтынг Беларусі ў індэксе “Рэпарцёраў без межаў” узняўся на 11 месцаў. Чаму так адбываецца?

У рэзалюцыі "Стан свабоды СМІ ў Еўропе", прынятай 24 студзеня, Парламенцкая Асамблея Савета Еўропы, асудзіла “сістэматычныя парушэнні свабоды СМІ ў Беларусі” і нагадала беларускаму ўраду аб яго міжнародных абавязках у гэтай сферы. Іншыя еўрапейскія краіны, якія раскрытыкавала Асамблея, – Расія, Турцыя, Азербайджан і Венгрыя.

“Асамблея заклікае беларускія ўлады расследаваць знікненне журналіста Дзмітрыя Завадскага ў 2000 г. і смерць заснавальніка сайта Хартыя-97 Алега Бябеніна ў 2010 г., неадкладна вызваліць з турмы Алеся Бяляцкага і спыніць пераслед Антона Сурапіна, зняць пакаранні з Ірыны Халіп, Андрэя Пачобута, Паўла Свярдлова, Юліі Дарашкевіч і Ірыны Козлік”, — гаворыцца ў рэзалюцыі.

У дакуменце згадваецца і пераслед Наталлі Радзінай, Андрэя Пачобута, Паўла Еўціхеева, Андрэя Ткачова, Рамана Пратасевіча, Алега Шамрука, Сяргея Бяспалава. Асобны заклік да беларускіх уладаў – спыніць практыку адміністрацыйных папярэджанняў медыям.

Тым часам рэйтынг Беларусі ў Індэксе свабоды прэсы за мінулы год крыху павысіўся. Паводле арганізацыі "Рэпарцёры без межаў", Беларусь адразу ўзнялася на 11 месцаў і стала 157-й сярод 179 краін.

Андрэй Бастунец з Беларускай асацыяцыі журналістаў з ацэнкай міжнародных экспертаў згодны і кажа, што ўсё залежыць ад таго, з чым параўноўваць.

Андрэй Бастунец: "Калі разглядаць 2012 год у параўнанні з 2011 г., улічваючы падзеі, што адбываліся пасля выбараў 2010 г., то сітуацыя сапраўды палепшылася. Але, на жаль, агульная сітуацыя са свабодай СМІ ў Беларусі застаецца кепскай".

Паводле даклада “Рэпарцёраў без межаў”, уздым Беларусі ў рэйтынгу яшчэ не прычына для святкавання. Проста адбылося вяртанне да status quo ў сферы свабоды СМІ, які існаваў да рэзкага ўзмацнення рэпрэсій пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 г.

"Тады дзясяткі журналістаў былі арыштаваныя і збітыя... Гарызонт па-ранейшаму знаходзіцца пад ценем вялікага эга Аляксандра Лукашэнкі... Незалежныя журналісты і блогеры рызыкуюць, выконваючы сваю працу інфармавання грамадскасці", — пішуць стваральнікі даклада.

Самымі вольнымі ў сферы СМІ эксперты прызналі Фінляндыю, Нідэрланды і Нарвегію, а найменш свабоды ў медыях – у Туркменістане, Паўночнай Карэі і Эрытрэі.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international