Праваабаронцы патрабуюць аб`ектыўнай і справядлівай ацэнкі справы аб збіванні Васіля Сарочыка

2013 2013-01-28T21:31:17+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Прыватная культурна-асветніцкая ўстанова "Платформ інавейшн" звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваннем даць аб`ектыўную і справядлівую ацэнку справе аб збіванні вартаўніка мінскай аўтастаянкі Васіля Сарочыка.

Ліст "Платформ інавейшн" накіравала 28 студзеня ў Адміністрацыю прэзідэнта, паведаміў БелаПАН кіраўнік праваабарончай структуры Андрэй Бандарэнка.

Рашэнне звярнуцца да кіраўніка дзяржавы з мэтай перагляду справы стала рэакцыяй праваабаронцаў на спыненне крымінальнага пераследу і расследавання па крымінальнай справе ў дачыненні да супрацоўнікаў Ленінскага РУУС сталіцы, якія падазраваліся ў збіванні Сарочыка.

"Мы мяркуем, што пры адсутнасці належнай рэакцыі з боку праваахоўных органаў на факт збівання В.Н.Сарочыка менавіта прэзідэнт абавязаны забяспечыць выкананне законнасці ў дачыненні да грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і пакаранне службовых асоб, якія ўдзельнічалі ў катаваннях", — гаворыцца ў лісце на імя Лукашэнкі.

Яго аўтары адзначаюць, што гэтая крымінальная справа наносіць урон аўтарытэту не толькі праваахоўнай сістэмы, але і кіраўніка дзяржавы асабіста. Са спасылкай на артыкулы Канстытуцыі Беларусі аб забеспячэнні дзяржавай свабоды, недатыкальнасці і годнасці асобы і доказную базу на карысць слушнасці вартаўніка, "Платформ інавейшн" просіць Лукашэнку "садзейнічаць давядзенню крымінальнай справы па факце збівання спадара Сарочыка В.Н. работнікамі міліцыі да прыняцця судовага рашэння".

Інцыдэнт з вартаўніком здарыўся 14 лістапада 2012 года. Паводле слоў Сарочыка, ён, не знаходзячыся пад следствам, на працягу прыкладна шасці гадзін зведваў катаванні і збіванні з боку супрацоўнікаў Ленінскага РУУС Мінска, якія такім чынам спрабавалі прымусіць яго ўзяць на сябе віну за злачынствы, што ён не ўчыняў.

Збіты вартаўнік звярнуўся са скаргай у пракуратуру, якая накіравала матэрыялы ў Ленінскі раённы аддзел СК. Затым працу працягнула ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску. 13 снежня было аб`яўлена: следства прызнала падазронымі ва ўчыненні злачынства на падставе ч. 3 арт. 426 КК (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў, учыненае службовай асобай, якое яўна выходзіць за межы правоў і паўнамоцтваў, дадзеных па службе) чатырох службовых асоб Ленінскага РУУС сталіцы. У канцы снежня справа была спыненая.

На прэс-канферэнцыі 15 студзеня Лукашэнка заявіў, што спачатку справа Сарочыка яго "ўсхвалявала", ён даручыў свайму памочніку Наталлі Пяткевіч праінфармаваць пра яе падрабязнасці. "Пачалі разбірацца, і мяне праінфармавалі адразу ж, у той жа дзень, што нібыта жанчына там яго збівала. Але калі ўжо жанчына мужыка збіла, то ў мяне цікавасць знікла да гэтай тэмы," — заявіў Лукашэнка.

Андрэй Бандарэнка паведаміў БелаПАН, што прадстаўнікі "Платформ інавейшн" "былі абураныя такой заявай прэзідэнта".

"Было прынята рашэнне яшчэ раз звярнуцца да Лукашэнкі, як да гаранта Канстытуцыі, з просьбай разабрацца з фактам збівання і пакараць людзей, якія катавалі Сарочыка. Мы нацэлены не столькі на грамадскі рэзананс, колькі на тое, каб прэзідэнт Беларусі выконваў свае абавязкі. Ён, як гарант Канстытуцыі, не павінен дапускаць такіх выразаў: не важна, хто прымяняе катаванні, мужчына ці жанчына, галоўнае — факт катаванняў меў месца", — падкрэсліў праваабаронца.

Нагадаем, 23 студзеня намеснік генпракурора Беларусі Аляксей Стук растлумачыў БелаПАН: расследаванне крымінальнай справы па факце збівання вартаўніка Сарочыка было спынена, таму што "ў дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі, паводле меркавання органаў папярэдняга расследавання, а гэта УСК па Мінску, не ўбычаны склад злачынства".

Але, адзначыў Стук, загадам начальніка РУУС пакарана оперупаўнаважаная Багданоўская, якая праводзіла допыт Сарочыка, за парушэнне крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, што выявілася ў парушэнні парадку затрымання. Ёй вынесена строгая вымова. Оперупаўнаважанаму Алікевічу аб`яўлена заўвага за парушэнне парадку афармлення затрымання. За неналежны кантроль за падначаленымі і парушэнне імі службовай дысцыпліны начальніку крымінальнай міліцыі і начальніку аддзялення крымінальнага вышуку Ленінскага РУУС абвешчаны вымовы.

Стук паведаміў, што "пракуратура горада пакуль не правярала законнасць спынення справы". "Яна была спынена 28 снежня. Пракуратура адразу накіравала запыт на крымінальную справу, а ўпраўленне Следчага камітэта па Мінску адказала, што яны накіравалі яе ў цэнтральны апарат Следчага камітэта для ведамаснай праверкі. І цэнтральны апарат яшчэ не прыняў рашэнне. Яны таксама могуць адмяніць пастанову аб спыненні справы і аднавіць вытворчасць па ёй", — сказаў ён.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international