2 сакавіка на менскім мемарыяле “Яма” адбыўся жалобны мітынг

2007 2007-03-05T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

2 сакавіка 1942 году ў Менску фашысты забілі 5 тысяч габрэяў. Гэта адбылося ў раёне Юбілейнай плошчы — месца згубы вядомае як Яма.

У 65-я ўгодкі трагедыі прадстаўнікі Беларускага саюзу габрэйскіх грамадаў і арганізацыяў правялі на месцы расстрэлу мітынг памяці ахвяраў фашызму.

Раніцай да мэмарыялу Яма, што на скрыжаваньні менскіх вуліцаў Заслаўскай і Мэльнікайтэ, прыйшло каля ста чалавек актывістаў розных габрэйскіх арганізацыяў. Таксама прысутнічалі прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу, амбасадары Ізраілю — Зэеў Бэн Ар’е, Вялікабрытаніі — Браян Бэнэт, Расеі — Аляксандар Сурыкаў, Латвіі — Майра Мора і намесьнік амбасадара ЗША Джонатан Мур, паведаміла Радыё Свабода.

У лістападзе мінулага году скульптурную кампазыцыю мэмарыялу апаганілі вандалы. Паводле словаў арганізатару мітынгу, старшыні Саюзу габрэйскіх грамадаў і арганізацыяў Леаніда Левіна, вынікі расьсьледаваньня гэтай справы габрэйскай грамадзкасьці дагэтуль невядомыя.

Амбасадар Ізраілю ў Беларусі Зэеў Бэн Ар’е адзначыў, што "менская габрэйская грамада ніколі ня ўспамінае гэтых падзеяў, бо яна іх ніколі не забывае. У сэрцах і думках габрэяў гэта жыве заўсёды. Канечне, ёсьць жалобныя дні, калі ўсе зьбіраюцца, каб ушанаваць памяць ахвяраў, але гэта тое, з чым мы жывем. Гэта нашая гістарычная памяць, што прымушае нас няспынна думаць і клапаціцца пра тое, каб праявы антысэмітызму, нават тыя, якія называюцца дробным хуліганствам, не адбываліся. Каб вінаватыя былі пакараныя. Бо мы ведаем, што менавіта з гэтага вырастае тая страшная небясьпека і для габрэяў асобных краінаў, і для габрэяў усяго сьвету”.

Падчас жалобнага мітынгу храналягічна згадаваліся трагічныя даты беларускага габрэйства часу Другой усясьветнай вайны, выступалі навучэнцы менскай габрэйскай школы, гучала малітва па ўсіх загінулых. Скончыўся жалобны мітынг ускладаньнем вянкоў і кветак да помніку ахвярам галакосту.

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international