Пад сваім небам…

2013 2013-01-21T12:53:44+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/sazonau-viktar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Віктар Сазонаў

Віктар Сазонаў

У Гародні прайшла яшчэ адна прэзентацыя кнігі. Увогуле, для горада над Нёманам гэта з’ява не рэдкая. Прэзентацыі тут адбываюцца з стабільнай перыядычнасцю. Толькі вось беларускамоўныя кнігі ў нашай краіне з большага прэзентуюць без удзелу дзяржавы. З аднога боку гэта крыўдна, недарэчна і незразумела. Але гэта чарговы раз даказвае, што ў Беларусі, неўзіраючы ні на ціск, ні на складанасці ў працы, грамадзянская супольнасьць існуе. Яна ёсць і дзеіць, часамі вельмі актыўна і эфектыўна. І даказвае сваёй дзейнасцю, што яна здольная не толькі захоўваць ў складаных умовах беларускасць ва ўсіх яе праявах, але можа яе памнажаць, прапагандаваць, славіць і ўзвялічваць.

На гэты раз у старадаўняй Гародні гаварылі пра кнігу “Справа Бяляцкага”. Аўтар кнігі Валер Каліноўскі асабіста расказаў прысутным пра гісторыю напісання. Герой жа гэтага твора, кіраўнік пазбаўленага ўладамі рэгістрацыі Праваабарончага Цэнтру “Вясна” ужо больш году знаходзіцца за кратамі. За гэты час міжнародная супольнасць неаднаразова адзначыла ўклад Алеся Бяляцкага ў справу абароны праў чалавека.  Беларускі праваабаронца ёсць ганаровым сябрам некалькі еўрапейскіх гарадоў, лаўрэатам многіх прэстыжных прэмій. У мінулым годзе ўвайшоў у першую тройку прэтэндэнтаў на Нобелеўскую прэмію. На працягу усяго прайшоўшага тэрміну зняволення і шматлікія беларусы неаднаразова выказвалі свае адносіны да гэтай асобы. І вось зараз выйшла кніга, якая не толькі асвятляе хаду крамінальнай справы над Алесям Бяляцкім, не толькі стараецца разабрацца ў прычынах, не толькі паказвае свайго героя з розных бакоў, але і наводзіць на глыбокія розвагі пра існую сітуацыю і людзей.

Аўтар кнігі таксама расказаў пра сваю перапіску з зняволеным, і зачытаў сярод іншых адну фразу, якая вельмі скалынула і навяла на роздум. Алесь Бяляцкі ў адным сваім лісце піша з-за кратаў: “Дзякаваць Богу, што ў Беларусі няма Сібіры, Калымы, а ў бабруйскай калоніі тое ж самае надвор’е, што ўва ўсёй Беларусі, тое ж неба. І лісты прыходзяць хутка: дзень-два і ўжо чытаеш”.

Думаю, шмат хто з зняволеных думае гэтак жа. І не толькі апазіцыянеры. Бо і зняволены бізнесовец, які не ўмешваўся ў палітыку і ганарыўся тым, што не губляе часу бессэнсоўна, і зняволены чыноўнік, якому зусім нядаўна было напляваць чыноўнікам якой краіны быць, і зняволены рабочы або калгаснік, якія казалі, што ім усядно які сцяг вісіць на Доме Ўраду, абы заробкі плацілі своечасова, і зняволены міліцыянт, які разганяў акцыі апазіцыі, і кожны іншы зняволены, на сабе адчулі, што ім нават там за кратамі крыху лепш, чым магло б быць, каб такія людзі як Алесь Бяляцкі не адстаялі Незалежнасьці. І зарз яны хоць не ў сама лепшым месце, але ж не ў Сібіры і не на Калыме. А ў сябе на радзіме. Дзе сваё неба… І лісты прыходзяць за дзень-другі.

Ды і тыя, хто на волі, таксама маглі б задумацца пра тое, што яны многім абавязаны такім людзям, як Алесь Бяляцкі. Дзякуючы Незалежнасці, за якую той змагаўся, беларускім міліцыянтам не прыйшлося гінуць, прыкладам, у Чачні. Не гінулі там і дзеці рабочых ды калгаснікаў, якіх цяпер узялі служыць не ў савецкае войска, і не ў расейскае, а ў сваё, Беларускае. Дзякуючы здабытай такімі людзямі як Бяляцкі Незалежнасці, тыя дзяржаўныя чыноўнікі, якія маглі толькі марыць дарасці да крамлёўскіх лакеяў, сталі самастойнымі дзяржаўнымі дзеячамі, пасламі, дыпламатамі, міністрамі… У тым ліку і міністрамі сілавых структур.

Хто б яны былі без гэтай Незалежнасці? Ці думалі яны пра гэта, калі затрымлівалі, арыштоўвалі, раскручвалі справу супраць Алеся Бяляцкага? Ці ўспомнілі яны пра гэта, калі накіроўвалі матэрыялы ў суд, зачытвалі прысуд, этапавалі патрыёта і праваабаронцу ў калонію? Ці думаюць яны пра гэта зараз, калі ідуць на працу ў беларускую ўстанову, атрымліваюць заробак у беларускіх грашах і карыстаюцца ўсімі мажлівасцямі, якія штодзённа, і нават штохвілінна дае чалавеку яго ўласная незалежная дзяржава.

 Ці думаюць яны пра гэта, калі глядзяць на неба, якое над іх галовамі такое ж самае, як і над бабруйскай калоніяй…

Віктар Сазонаў, "Гарадзенская Вясна".

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international