Віцебскі актывіст Пётар Іваноў дамогся перамогі над РУП «Белпошта»

2013 2013-01-18T19:39:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/ivanou-petr-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пётр Іваноў

Пётр Іваноў

З прычыны несвоечасовай дастаўкі паштовага адпраўленьня Пётар Іваноў зьвяртаўся ў суд Кастрычніцкага раёну Віцебску з патрабаваньнем кампэнсаваць яму маральную шкоду. У судзе работнікі «Белпошты» сваю віну прызналі, прынесьлі заяўніку свае прабачэньні і прапанавалі міравое пагадненьне. Такое пагадненьне было заключанае, і актывіст тут жа ў будынку суду атрымаў ад паштальёнаў 600 тысяч рублёў кампэнсацыі.

Гісторыя, у якой цяпер пастаўленая кропка, распачалася падчас парлямэнцкіх выбараў 2012 году. На тых выбарах Пётар Іваноў быў удзельнікам кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Выконваючы свае абавязкі па назіраньні выбарчага працэсу ў рамках гэтай кампаніі, ён пазнаёміўся з кіраўніком місіі БДІПЧ АБСЭ Антоніё Мілашоскім.

Апошні, даведаўшыся, што напярэдадні заключнага дня галасаваньня мае адбыцца вясельле дачкі спадара Іванова, даслаў віншаваньне, якое кур’ер мусіў уручыць адрасату за дзень да вясельля. Аднак ані ў той дзень, ані ў наступны, ані праз тыдзень віншаваньне маладым так і не было дастаўленае. Пётар Іваноў, хутчэй за ўсё, зусім бы і не даведаўся пра яго існаваньне, калі б празь некаторы час яму не патэлефанаваў перакладчык місіі АБСЭ і, між іншым, не пацікавіўся б, як прайшло вясельле і як было ўспрынятае віншаваньне ад кіраўніка місіі АБСЭ.

Антоніё Мілашоскі быў зьбянтэжаны тым, як беларуская паштовая служба абышлася зь яго віншаваньнем, якое, як яму паведамілі, нібыта было ўручанае адрасату. А Пётар Іваноў стаў шукаць згубленую паштоўку. І нарэшце яна была знойдзеная: у адным з габінэтаў сэктару абслугоўваньня карпаратыўных кліентаў (САКК).

У кнігу заўвагаў і прапановаў САКК была ўнесеная адпаведная заўвага, а праз два тыдні была атрыманая адпіска за подпісам намесьніцы дырэктара Віцебскага філіялу РУП «Белпошта» Кацярыны Зінкевіч, у якой тая паведаміла: «парушэньняў тэхналягічнага працэсу дастаўкі адпраўленьня Netліст з боку працаўнікоў Віцебскага філіялу РУП “Белпошта” ня выяўлена».

Гэтая адпіска была абскарджаная міністру сувязі і інфарматызацыі Мікалаю Панцялею, таксама прэтэнзія была накіраваная генэральнаму дырэктару РУП «Белпошта» Ірыне Саксонавай. Высокапастаўленыя сталічныя чыноўнікі прызналі зварот спадара Іванова абгрунтаваным, шэрагу службовых асоб былі аб’яўленыя вымовы, а намесьніцы дырэктара Віцебскага філіялу РУП «Белпошта» Кацярыне Зінкевіч было «ўказана на недапушчальнасьць павярхоўнага разгляду зваротаў грамадзян».

Зразумела, што пасьля такой рэакцыі з боку і міністра і гендырэктара, прадстаўнікам «Белпошты» ў судзе не заставалася нічога іншага, як прызнаць слушнасьць выстаўленых у адрас іх арганізацыі патрабаваньняў.

Пётар Іваноў перакананы, што яго гісторыя даказвае, што барацьба за свае правы не зьяўляецца марнай. «Заклікаю ўсіх, хто лічыць, што іхныя правы парушаныя, не апускаць рукі, захоўваць бадзёрасьць, зьвяртацца да праваабаронцаў, якія абавязкова дапамогуць. І гэта будзе на карысьць нашай краіны», – рэзюмаваў віцебскі актывіст.

 Віцебская Вясна + відэа

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international