Зацемкі з няволі. Пра крыніцы аптымізму

2013 2013-01-17T23:22:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/kalinouski_valer.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Журналіст Валер Каліноўскі, аўтар кнігі “Справа Бяляцкага”

Журналіст Валер Каліноўскі, аўтар кнігі “Справа Бяляцкага”

З ліста Алеся Бяляцкага ад 29 сьнежня 2012

Прыйшоў ліст ад журналіста Валера Каліноўскага, які напісаў кнігу “Справа Бяляцкага”, якая толькі як пабачыла сьвет. Што датычна кнігі, Валер піша: “Пішучы “Справу Бяляцкага”, я ставіў перад сабою задачу адлюстраваць тры рэчы: несправядлівы характар твайго крымінальнага перасьледу, ролю праваабаронцаў у нашых умовах і час, у які мы з табою жывем”… Распавядае: “У першы дзень сьнежня ў мяне ўпершыню зацьвіла новая кветка. Яна такая зімовая, мая суседка называе яе «дзекабрыстам», а сябар па Фэйсбуку неяк патлумачыў, што па-беларуску яе правільна называць «каляднікам», бо зацьвітае перад Калядамі. Я атрымаў гэтую кветку летась, роўна праз год пасьля сьнежаньскіх пратэстаў 2010-га ў Менску, і пасадзіў яе ў гонар нашых «дзекабрыстаў», вязьняў Плошчы”. І яшчэ Валер піша: “Твае лісты з турмы сапраўды нейкія аптымістычныя, часам мне падаецца, што мы тут на волі столькі аптымізму ня маем”. Вось жа, сапраўды, мне хацелася, каб мае лісты былі аптымістычнымі, але не легкадумнымі.

Наступнае ж пасланьне ўжо ў мяне выклікае ўзмоцнены аптымізм. Гэта тэлеграма. Тэкст шчыры, хаця прымусіў мяне паразважаць, што тут і да чаго, бо адсутнасьць знакаў прыпынку робіць яго крыху загадкавым.

Тэлеграмы па-беларуску маюць пэўныя праблемы. І лепшая з іх – гэта тэлеграфісткі. Напісаў быў Уладзімір Някляеў, што калі ў верасьні дасылаў мне тэлеграмаю свой верш, то сутыкнуўся з рэакцыяй працаўніцы пошты: “Што? Верш тэлеграмаю? І па-беларуску?” Прыйшлося яму яе “угаворваць”, і ўрэшце той памятны мне верш я атрымаў.

Так вось і ў гэтым тэлеграмным тэксьце, чытаючы “нехай”, “гволту”, я падазраю безграматнасьць тэлеграфісткі ў беларускай мове. Вось слова “новароджанага” таксама выклікае пытаньне, ці то гэтая дзяўчына прапусьціла адзін склад ці то невядомы аўтар тэлеграмы сьпяшаўся, бо ж слушна будзе: “нованароджанага”. Пасьля ж словазлучэння “Ірадаву уладу гволту” мяркуецца паўза, знак прыпынку. Па сэнсу, я так разумею, аўтар тэлеграмы адсылае мяне да легенды-апокрыфа пра тое, што каб не дапусьціць нараджэньня новага “цара”, цар Ірад загадаў забіваць усіх немаўлятаў, народжаных у той перадкалядны вечар.

А апошнія ў тэлеграме літары “ЖБ”, я так разумею, трэба чытаць як “Жыве Беларусь!” Вось жа і хітрая тэлеграфная мова!  

А мой даўні сябра Г. піша: “... Я тут бачыў твой партрэт. На майцы. А майка – на дзяўчыне. Твае абрысы так вабна аблягаюць ейныя грудзі!.. Я папрасіўся: “Можна прытуліцца да Бяляцкага?” Яна дазволіла. Я прытуліўся…” Дадаць тут што-небудзь цяжка.

Цікавую “старую” паштоўку даслалі мне Тацяна і Юрась.

І здымак, на якім яны напісалі сваё віншаваньне – з пажаданнем пазітыву, таксама прыгожы і запамінальны.

З Нью-Ёрку прыйшла паштоўка, падпісаная беларусам Міколам Шчэрбам. Ён сканчае сваё віншаваньне такім сказам: “Бог дасьць – мы пераможам!” Коратка, лаканічна і па сутнасьці. Спадар Мікола ужыў стары беларускі выраз: “Дасьць Бог”. Ён надзвычай ёмкі і асацыятыўны. Там столькі ўсяго закладзена – і веры, і спадзеву, і ўпэўненасьці. Вось, гэтая вера ў нашую будучыню і мусіць жывіць усіх нас.

_____________

Пад агульнай назвай “Зацемкі з няволі” сабраныя рознага кшталту ўспаміны, развагі, лірычныя адступленні з лістоў Алеся Бяляцкага.  

Чытайце таксама:

Зацемкі з няволі. “Хай Бог дасьць пажыць у праўдзе – усім-усім!”

Зацемкі з няволі. Пра адзін жыцьцёвы шлях да беларушчыны

Зацемкі з няволі. Метамарфоза “нефармала”

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international