viasna on patreon

Зьміцер і Наста Дашкевічы ўпершыню спаткаліся ў турме пасьля шлюбу

2013 2013-01-09T15:20:47+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Наста Дашкевіч (да шлюбу Палажанка) атрымала першае спатканьне з мужам, палітвязьнем Зьмітром Дашкевічам. Спатканьне адбылося ў першай палове дня 9 студзеня ў Гарадзенскай турме і доўжылася 2 гадзіны.

Размаўлялі муж і жонка Дашкевічы праз шкло ў пакоі для кароткатэрміновых спатканьняў, у прысутнасьці міліцыянтаў і іншых зьняволеных зь іхнімі сваякамі. «Але гэта нам не перашкаджала. Нават калі б побач нешта сьвідравалі, я нічога ня чула, акрамя голасу Зьмітра», — падзялілася Наста Дашкевіч сваёй радасьцю са «Свабодай».

Пра Зьмітра Дашкевіча Наста паведаміла, што ён цяпер у той жа адзіночнай камэры, куды трапіў адразу пасьля пераводу з мазырскай калёніі, на ўмовы ня скардзіцца, на паслабленьне рэжыму ці на датэрміновае вызваленьне не спадзяецца. «Больш за тое, ён ня ўпэўнены, што выйдзе на волю ў жніўні, калі скончыцца ягоны тэрмін. Бо можа што заўгодна здарыцца, ад гэтага нельга засьцерагчыся. Але Зьміцер ня траціць добрага настрою, ён паўтарае, што трэба спадзявацца на лепшае. У тым ліку мы абмяркоўвалі наша будучае вянчаньне, якое, безумоўна, у турме немагчыма правесьці, а трэба чакаць вызваленьня», — сказала «Свабодзе» Наста Дашкевіч.

У канцы сьнежня мінулага году ў гарадзенскай турме адбыўся шлюб паміж палітвязьнем, кіраўніком Маладога фронту Зьмітром Дашкевічам і актывісткай Настай Палажанкай. Тады яны бачыліся ўсяго 10 хвілін. З часу зьняволеньня Зьмітра Дашкевіча 18 сьнежня 2010 году сёньняшняе спатканьне было іх першым спатканьнем як мужа і жонкі.

«Але гэта і апошняе спатканьне. Вязьням на строгім рэжыме дазваляюць толькі адно спатканьне на год, і атрымліваецца, што мы яго ўжо выкарысталі. Незразумела, навошта такая жорсткасьць да людзей? Пасьля спатканьня, калі ўсіх вязьняў вывелі з пакою, я бачыла вочы прысутных: гэта былі вочы людзей, якія цяжка пакутуюць ад таго, што цэлы год больш ня ўбачаць сваякоў. Калі гаворка пра перавыхаваньне злачынцаў, то якое можа быць перавыхаваньне, калі людзей штучна адрываюць ад сем’яў!» — мяркуе Наста Дашкевіч.

Даведка «Свабоды»: Зьміцер Дашкевіч

Нарадзіўся 20 ліпеня 1981 году ў вёсцы Кушнеры Івацэвіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. У 2001 годзе далучыўся да Маладога Фронту. Увосень 2001 году браў удзел у вахце памяці ва ўрочышчы Курапаты, калі будавалі кальцавую дарогу. Скончыў завочнае аддзяленьне факультэту славістыкі Віленскага пэдагагічнага ўнівэрсытэту.

Жанаты. Жонка — намесьніца старшыні Маладога Фронту Наста Дашкевіч (у дзявоцтве — Палажанка).

Актыўны ўдзельнік і арганізатар шматлікіх масавых акцыяў і мерапрыемстваў дэмакратычных сілаў Беларусі. Ад 2004 году — лідэр Маладога Фронту. У 2005–2006 гадах — удзельнік перадвыбарчай кампаніі Аляксандра Мілінкевіча. У сакавіку 2006 году — адзін зь лідэраў намётавага мястэчка на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

Неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці, бываў караны арыштамі й штрафамі. 15 верасьня 2006 году Зьмітра Дашкевіча арыштавалі і абвінавацілі ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. 1 лістапада 2006 году асудзілі на паўтара года зьняволеньня.

22 студзеня 2008 году Вярхоўны суд перагледзеў справу Дашкевіча і зьмяніў тэрмін яго пакараньня на адзін год зьняволеньня. За кратамі Зьміцер знаходзіўся год і чатыры месяцы. Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» прызнала яго вязьнем сумленьня.

24 сакавіка 2011 году судзьдзя Маскоўскага суду Менску Алена Шылько асудзіла Дашкевіча на 2 гады зьняволеньня нібыта за хуліганства. Суд прызнаў, што 18 сьнежня 2010 году Зьміцер Дашкевіч і актывіст Маладога Фронту Эдуард Лобаў зьбілі ў Менску мінакоў. Дашкевіч і Лобаў сваёй віны не прызналі і заявілі, што гэта была правакацыя спэцслужбаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Дашкевіч адбываў пакараньне ў Горацкай калёніі № 9, потым у Глыбоцкай калёніі № 13, пасьля чаго быў пераведзены ў Мазырскую калёнію № 20.

28 жніўня 2012 году на закрытым выязным пасяджэньні суд прызнаў Зьмітра Дашкевіча вінаватым у «злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы» і пакараў яго дадатковым годам пазбаўленьня волі. 30 кастрычніка выязны Мазырскі суд пастанавіў перавезьці лідэра Маладога Фронту з мазырскай калёніі ў «крытку». Цяпер Дашкевіч у Гарадзенскай турме.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства