viasna on patreon

На сьвята Паўлу Севярынцу дазволілі наведаць царкву

2013 2013-01-08T21:17:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/seviarynets.jpg
Павал Севярынец

Павал Севярынец

Палітвязень Павал Севярынец — вернік праваслаўнай царквы. Нараджэньне Хрыстова для людзей веры — адно з найвялікшых сьвятаў, і палітвязьню дазволілі адзначыць яго па-хрысьціянску. Астатні расклад застаўся бязь зьменаў.

«Новы год і Нараджэньне Хрыстова сустракаў у камэндатуры. Але на Раство адпускалі ў царкву, меў магчымасьць быць на службе. Ну, а далей — 22.00, адбой і ніякіх, як кажуць, „паслабленьняў“ у гэтыя дні для „хімікаў“ ня робяць. Таму сьвята даволі сьціплае — „хімія“ ёсьць „хімія“. Але цягам дня запаліш сьвечку, памолісься і — сьвята. Сьвята ёсьць сьвята», - паведаміў палітык.

Сваякі палітвязьняў гэтымі днямі зь нецярплівасьцю чакаюць вестак з-за кратаў. Амаль усе апошнія лісты і тэлефанаваньні ад родных атрымалі яшчэ напярэдадні Новага году, што ў многіх выклікае хваляваньні. Таму пра сьвяты ў турме родным застаецца толькі здагадвацца, кажа Марына Адамовіч — жонка палітвязьня Міколы Статкевіча​​«Я ведаю, што да Новага году і да праваслаўных Калядаў Мікола рыхтаваўся. Казаў, што ў „загашніках“ у іх даўно ляжыць вафэльны торцік, які набылі ў турэмнай лаўцы. А ўжо як сьвяткавалі — невядома, бо лісты вельмі марудна ідуць пасьля сьвятаў. Да прыкладу,Натальля Пінчук мне паведаміла, што атрымала ад Міколы ліст дзесьці 3–4 студзеня, які быў датаваны 23 сьнежня».

Палітвязьню Мікалаю Аўтуховічу ў першы дзень сьвята Божага Нараджэньня, 7 студзеня, споўнілася 50 гадоў. Актывісты грамадзянскай супольнасьці вырашылі адзначыць ягоны юбілей адмысловай вечарынай у рамках кампаніі «Маратон салідарнасьці» з палітвязьнямі, кажа адна з арганізатараў Ганна Шапуцька​​«Міколу Аўтуховічу ўчора споўнілася 50 гадоў. Можна сказаць, што гэта герой нашага часу, які, нават седзячы за кратамі, змагаецца з гэтым рэжымам, ягоным гвалтам і беззаконьнем. Мы ўсе вельмі перажываем за яго і вось такім чынам выказваем яму сваю салідарнасьць і падтрымку, падзяку за ягоную жыцьцёвую пазыцыю. І гэткім чынам хочам сказаць, што мы разам зь ім».

Як паведаміла Ганна Шапуцька, у «Маратоне салідарнасьці» зь Мікалаем Аўтуховічам прымуць удзел ягоныя сябры і паплечнікі. Адбудзецца паказ дакумэнтальнага фільма Вольгі Мікалайчык, прысьвечанага палітвязьню. Усе ахвяраваньні, сабраныя падчас вечарыны, пойдуць на падтрымку сям’і Мікалая Аўтуховіча.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства