viasna on patreon

У Слоніме сякуць малады лес пад катэджы абласных і раённых чыноўнікаў

2013 2013-01-05T22:29:20+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/slonim-les-siak-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Згуртаванне дэмакратычных сіл Слоніма ўжо больш года змагаецца супраць высечкі маладога лесу ў мікрараёне Альбярцін. На месцы гэтага лесу плануецца будаўніцтва катэджаў для абласных і раённых чыноўнікаў розных узроўняў і багатых людзей. Нават ёсць рашэнне Гродзенскага аблвыканкама № 536 ад 29.07.2011г. аб высечцы лесу ў мікрараёне Альбярцін і выдзяленні ўчасткаў для будаўніцтва.

Жыхары Слоніма ў шоку. Гэты лес  быў пасаджаны 20-25 гадоў таму і лічыцца лесапаркавай тэрыторыяй горада. Гараджане звярталіся ў незалежную “Газету Слонімскую” з калектыўным лістом, у Слонімскі райвыканкам і ў іншыя інстанцыі, каб не дапусціць высечку маладога лесу. Сябры згуртавання дэмакратычных сіл горада іх падтрымалі. Яны пабывалі ў лясным масіве і знялі ўсё на відэа, далучыліся да гараджан і прапануюць зберагчы малады лес ад знішчэння і нават правялі некалікі акцый па ачыстцы яго ад смецця.

Слонімцы напісалі дзесяткі лістоў у розныя інстанцыі. Але адказы чыноўнікаў іх не вельмі парадавалі. Са Слонімскага райвыканкама за подпісам старшыні райвыканкама Іосіфа Паўлюкевіча паведамілі: “Згодна існуючаму генеральнаму плану г.Слоніма, зацверджанага рашэннем Слонімскага гарадскога Савета дэпутатаў 23.09.1999 г. № 3-З, дадзены зямельны ўчастак вызначаны для перспектыўнага размяшчэння сядзібнай жылой забудовы. Рэалізацыя генеральнага плана горада Слоніма будзе ажыццяўляцца згодна з дзеючым заканадаўствам”.

З Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь за подпісам намесніка міністра Д.Семянкевіча слонімцам паведамілі, што “па інфармацыі Камітэта па архітэктуры і будаўніцтву Гродзенскага аблвыканкама (ліст ад 21.10.2011 № Х-252) у цяперашні час работы па афармленні матэрыялаў выдзялення зямельнага ўчастку для будаўніцтва квартала сядзібнай забудовы “Войкава” спынены да атрымання абгрунтавання Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання аб неабходнасці высечкі лесу на плошчы 1,1637 га”. Гэта падцвердзіў у лісце і першы намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю па Гродзенскай вобласці А.Садаўнічы: “…У дадзены момант вытворчасць работ на разглядаемай тэрыторыі і афармленне матэрыялаў па выдзяленню зямельных участкаў райвыканкамам спынены…”.

Гэта было год таму. А сёлета ў першых чыслах студзеня лес пачалі сячы, пілаваць. І ўсім чыноўнікам да лямпачкі думкі людзей, меркаванні, прапановы.  Малады лес  ідзе “пад нож”. І там хутка, як на дражджах, вырастуць асабнякі чыноўнікаў, дырэктараў заводаў, фабрык – тых, у каго ёсць грошы. Лес сячэ Слонімскі лясгас. Дарэчы, дырэктару лясгаса таксама там месца выдзялілі пад будаўніцтва катэджа.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства