viasna on patreon

Гомельскі суд абавязаў дзяржаўную газету “Гомельская праўда” апублікаваць абвяржэнне непраўдзівых і абразлівых звестак у дачыненні старшыні гарадской арганізацыі АГП Андрэя Толчына

2007 2007-02-20T10:00:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля абавязаў дзяржаўную газету “Гомельская праўда” цягам месяца апублікаваць абвяржэнне непраўдзівых і абразлівых звестак у дачыненні старшыні Гомельскай гарадской арганізацыі Аб`яднанай грамадзянскай партыі Андрэя Толчына, надрукаваных у нумары “ГП” ад 16 лістапада 2006 года.

16 лютага суддзя Мікалай Крупадзёраў зацвердзіў тэкст абвяржэння звестак, выкладзеных у артыкуле “А вы, друзья, как ни садитесь…”, якія і сталі нагодай судовага разбіральніцтва аб абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі.

Як ужо пісала служба маніторынгу БАЖ, 9 студзеня падчас першага слухання справы па прапанове суддзі бакі пагадзіліся ўрэгуляваць спрэчку. Дамовіліся, што газета надрукуе абвяржэнне, тэкст якога падрыхтуе асабіста зыскоўца.

Андрэй Толчын і юрыст Леанід Судаленка ў неабходны тэрмін прадаставілі рэдакцыі “Гомельскай праўды” тэкст абвяржэння. Аднак друкаваць яго газета адмовілася.

Больш таго, 15 лютага “Гомельская праўда” змясціла чарговы артыкул пра актывістаў мясцовай апазіцыі – “Бег впереди паровоза, или Зачем газету позвали в суд?”, у якім падрыхтаваны спадаром Толчыным тэкст абвяржэння папярэдняй публікацыі названы “юрыдычна непісьменным”.

У гэтым артыкуле рэдактар аддзела грамадска-палітычнага жыцця “ГП” Алена Аленчанка зрабіла спробу растлумачыць, чаму Андрэй Толчын і яго жонка былі названы бамжамі ў публікацыі “А вы, друзья, как ни садитесь…”, і за гэта прынесла прабачэнне. Усе астатнія зневажальныя выказванні пакінула без прабачэнняў.

Паводле аўтаркі, чарговы артыкул напісаны таму, што на некалькіх інтэрнет-сайтах з`явіліся паведамленні пра судовы зыск Андрэя Толчына да рэдакцыі. “Такія выпады ў адрас газеты прымушаюць нас вернуцца да тэмы”, – гаворыцца ў новай публікацыі.

Нагадаем, артыкул “А вы, друзья, как ни садитесь…” быў падпісаны імем Пятра Кузьміна. На першым судовым пасяджэнні па справе Алена Аленчанка, якая прадстаўляла ў судзе газету, заявіла, што не гатова назваць сапраўднае імя аўтара публікацыі, паведаміўшы толькі, што гэта пазаштатны аўтар.

“Новы артыкул - не што іншае, як чарговая абраза, – выказаў службе маніторынгу БАЖ сваё стаўленне Андрэй Толчын. – Але з гэтым я буду разбірацца пасля таго, як рэдакцыя газеты надрукуе зацверджаны судом тэкст абвяржэння першай публікацыі”.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства