Баранавічы: актывісты будуць дабівацца выканання рэкамендацыяў Камітэту ААН аб правядзенні масавых мерапрыемстваў

2013 2013-01-02T09:35:57+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/mez-syryca-gousha.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Баранавіцкія актывісты Сяргей Гоўша, Віктар Сырыца і Віктар Мезяк напрыканцы снежня 2012 года атрымалі 12-ці старонкавы адказ на рускай мове з Камітэта па правах чалавека Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (раней быў атрыманы англійскамоўны варыянт адказу).

“Камітэт па правах чалавека, дзейнічаючы ў адпаведнасці з пунктам 4 артыкула 5 Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, лічыць, што прадстаўленыя яму факты сведчаць аб парушэнні Беларуссю артыкула 19 і артыкула 21 Пакта”, гаворыцца ў меркаваннях, прынятых Камітэтам ААН па правах чалавека 27 ліпеня 2012 г., у адказ на скаргу актывістаў з Баранавічаў.

Скарга актывістаў датычыла забароны на правядзенне ў Баранавічах мітынгу “За свабодную, незалежную і квітнеючую Беларусь” 10 верасня 2006 года. 4 верасня 2006 года Баранавіцкі гарвыканкам адмовіў Сяргею Гоўшы, Віктару Сырыцы і Віктару Мезяку ў правядзенні мітынгу на той падставе, што сустрэча на аналагічную тэму ўжо адбылася ў памяшканні гарадскога выканаўчага камітэта 15 сакавіка 2006 года.

Гэтая забарона была абскарджаная ў судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы, а потым у судовай калегіі па грамадзянскіх справах Брэсцкага абласнога суда і старшыні Вярхоўнага Суда Беларусі. Аднак усе гэтыя скаргі былі адхілены. Такім чынам, актывістамі былі вычарпаныя ўсе наяўныя ўнутрыдзяржаўныя сродкі прававой абароны ў спробе ажыццявіць сваё права на мірныя сходы, гарантаваныя артыкулам 35 Канстытуцыі.

Акрамя таго, Камітэт адзначае, што “дзяржава-удзельніца абавязана прыняць захады па недапушчэнні аналагічных парушэнняў у будучыні. У сувязі з гэтым дзяржаве-ўдзельніцы варта перагледзець сваё заканадаўства, у прыватнасці Закон “Аб масавых мерапрыемствах”, і яго прымяненне ў мэтах забеспячэння яго адпаведнасці патрабаванням артыкула 19 і артыкула 21 Пакта”. Віктар Сырыца лічыць апошнюю заўвагу Камітэту вельмі важнай:

«Цяпер мы можам дабівацца дэмакратызацыі закону аб масавых мерапрыемствах, рашэння Баранавіцкага гарвыканкаму аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. Зараз гэтыя закон і рашэнне супярэчаць Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Беларусь».

Віктар Сырыца, Віктар Мезяк і Сяргей Гоўша мяркуюць звяртацца ў Баранавіцкі суд, каб дабівацца адмены рашэння гарвыканкаму аб парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.

 

 

Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international