viasna on patreon

Магілёўскія ўлады хочуць адабраць у пратэстантаў частку зямлі

2012 2012-12-28T12:02:57+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/ekskavatar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Адпаведны ліст з магілёўскага гарвыканкаму атрымаў пастар і біскуп незарэгістраванай пратэстанцкай царквы “Хрысціяне веры евангельскай” Віталь Радчанка.

У лісце гаворыцца, што плот каля дому, які месіцца па вуліцы Мяшчанскія палосы, 21, дзе жыве сям’я Радчанкі, а таксама адбываюцца набажэнствы, неабходна знесці да 1 лютага 2013 года. Адмоўлена ў прадастаўленні зямельнага ўчастка ў сувязі з тым, што ён перададзены гораду для іншага выкарыстання.

Жонка пастара і маці 12 дзяцей Тацяна Радчанка кажа, што ў іх на дом і на кавалак зямлі, дзе яны жывуць, ёсць тэхпашпарт, а зямлю ў іх хочуць адабраць чыноўнікі, бо побач з імі запланавана будаўніцтва шматпавярховага дома.

“Агулам мы валодаем 30 соткамі зямлі. 16 з іх знаходзіцца ў пажыццёвым карыстанні і 14 у арэндзе. Мы спраўна ўвесь час плацілі і плацім грошы за нашу зямлю. Калі б мы не плацілі за яе, то нас бы ўжо даўно аштрафавалі за гэта”, - гаворыць Тацяна Радчанка.

Жанчына кажа, што першапачаткова тэрыторыя, на якой пабудаваны іх дом, належала да тэрыторыі Магілёўскага раёна. Пазней яе ўключылі ў рысу горада. З-за таго, што недзе згубіліся дакументы на іх права займаць дадзены ўчастак, частку тэрыторыі ў іх хацелі адабраць і аднесці пад плошчу для будаўніцтва новага шматпавярховага дома.

Тацяна Радчанка адзначае, што другой прычынай, па якой чыноўнікі хочуць пазбавіць іх зямлі, з’яўляецца палітычная.

“Мы размаўлялі з прадстаўніком Адміністрацыі прэзідэнта Бабіцкім, які прыязджаў да нас і разбіраўся з нашым пытаннем. Ён адзначыў, што прынята палітычнае рашэнне, каб у нас адабраць зямлю”, - працягвае шматдзетная маці.

Жонка пастара таксама паведамляе, што з будаўніцтвам побач з імі новых шматпавярховых дамоў усе суседнія дамы пачало затапліваць.

“Месца, на якім стаяць усе малапавярховыя дамы, раней было рэчышчам маленькай ракі і яно само па сабе балоцістае. Спатрэбілася шмат гадоў, каб асушыць гэтую зямлю. Калі побач з намі паўстаў дзевяціпавярховы дом, то падвалы суседніх дамоў аказаліся затопленымі. Ведаю, што адзін з падвалаў цалкам засыпалі зямлёй, бо там проста стаяла вада. Шматпавярховы дом наўмысна будавалі зімой. У восень вырылі катлаван пад яго, аднак ён адразу напоўніўся вадой, якую адкачалі і, дачакаўшыся першых маразоў, пачалі ўганяць палі.

Кажуць, што і ў гэтым доме падвалы затопленыя. Па плану побач з намі павінна стаяць помпавая станцыя, аднак яе няма дагэтуль. Новыя дамы будуюць так, што завышаюць іх на некалькі метраў, і наш дом аказваецца ў нізіне. Мы катэгарычна супраць новага будаўніцтва, бо нас проста затопіць, і будзем бараніць нашую зямлю ўсімі магчымымі спосабамі”, - гаворыць Тацяна Радчанка.

Трэба адзначыць, што мясцовыя ўлады ўжо не першы год спрабуюць адабраць зямлю ў вернікаў. 11 траўня 2011 года дайшло да таго, што былі падключаны камунальнікі, якія хацелі знішчыць плот з дапамогай экскаватара.

Тады вернікі вывесілі вялікі тэхпашпарт свайго ўчастка, які паўплываў на тое, што спецтэхніка да разбурэння іх плота не была ўжыта. Падтрымаць іх прыйшлі і іншыя людзі. Правамерную выдачу зямельнага ўчастку тады прызнаў і прадстаўнік аддзелу архітэктуры.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства