Стэфан Эрыксан: Тыя гады, якія прайшлі ў Беларусі, былі для мяне найлепшымі ў маім жыцці

2012 2012-12-26T17:21:52+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be http://spring96.org/files/images/sources/eryksanjpg.jpg
Стэфан Эрыксан

Стэфан Эрыксан

"Тыя гады, якія прайшлі ў мяне ў Беларусі, былі для мяне вельмі добрымі, найлепшымі, можна казаць, у маім жыцці", — заявіў былы пасол Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан у навагоднім віншаванні беларусам.

Віншаванне Эрыксана на беларускай мове было знята ў Вільнюсе (Літва) журналістамі сайта nn.by і размешчана на сайце, а таксама на партале Youtube 26 снежня.

"Год, які прайшоў, шмат для каго быў няпростым, у тым ліку для мяне. Я хачу пажадаць, каб новы год стаў для вас, для нас усіх найлепшым. Я б хацеў пажадаць вам усім, канешне, дабра, здароўя, дабрабыту і ўсяго астатняга, як звычайна жадаюць на Новы год", — сказаў Эрыксан.

Але, як падкрэсліў былы пасол, ён хацеў бы вылучыць "яшчэ дзве рэчы". "Я б хацеў пажадаць вам, беларусам, больш упэўненасці. Упэўненасці ў сабе, штодзённа, у жыцці, у любві. Упэўненасці ў сабе, як беларусы, як прадстаўнікі вельмі цудоўнай краіны, з багатай гісторыяй, цікавейшай культурай. Гэтым трэба ганарыцца. Яшчэ бы хацеў вам пажадаць шмат дабра, каб было шмат дабрыні ў вашым жыцці. Гэта дапамагае жыць", — сказаў Эрыксан.

"Людзі ёсць розныя, усіх, мабыць, нельга палюбіць, але паважаць адзін аднаго — трэба. Нават з чалавекам, які не раздзяляе вашыя думкі, трэба заўжды старацца знайсці агульную мову, шукаць кампрамісы. Гэтага я таксама вам жадаю, беларусы, у наступным годзе", — адзначыў Эрыксан.

"Нават калі я буду вельмі далёка, у Швецыі, хачу вас упэўніць, што я ў сэрцы з вамі. Тыя гады, якія прайшлі ў мяне ў Беларусі, былі для мяне вельмі добрымі, найлепшымі, можна казаць, у маім жыцці. Я вельмі па вам сумую, я нікуды не знікну і буду з вамі", — прызнаўся Эрыксан.

Завяршыў сваё віншаванне ён воклічам "Жыве Беларусь!".

Нагадаем, 1 жніўня ўлады Беларусі паведамілі Швецыі аб непрацягу акрэдытацыі паслу Стэфану Эрыксану. Дыпламата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці. У адказ на гэта шведскія ўлады заявілі, што не прымуць новага пасла Беларусі, і рэкамендавалі двум супрацоўнікам беларускага пасольства пакінуць Стакгольм.

8 жніўня МЗС Беларусі аб`явіла пра адкліканне ўсіх супрацоўнікаў беларускага пасольства ў Стакгольме і рэкамендавала шведскаму боку да 30 жніўня адклікаць усіх сваіх дыпламатаў з Мінска.



Апошнія навіны

слухаць Радыё рацыя Міжнародная федэрацыя правоў чалавека Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка КАМУНІКАТ Грамадзкі вэб-архіў ВЫТОКІ Антидискриминационный центр АДЦ 'Мемориал' Prava-BY.info Беларускі Праўны Партал Межрегиональная правозащитная группа - Воронеж/Черноземье
Московская Хельсинкская группа
Молодежное Правозащитное Движение
amnesty international